Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

касці быў прызнаны без далейшых спрэчак, і дзяўчынкі пачалі распытваць яго, як ён трапіў сюды і чаму ён так не па-каралеўску ўбраны, і куды ён ідзе. Кароль і сам быў рады палягчыць душу, расказаўшы пра свае злашчасці каму-небудзь, хто не будзе з яго смяяцца або сумнявацца ў праўдзівасці яго слоў; ён горача расказаў сваю гісторыю, на некаторы час забыўшыся нават пра голад, і добрыя дзяўчынкі выслухалі яго з глыбокім спачуццём. Але калі ён дайшоў да апошніх сваіх няшчасцяў і яны даведаліся, як даўно ён нічога не еў, яны перапынілі яго на поўслове і пабеглі дахаты, каб дастаць яму снеданне.

Цяпер кароль быў шчаслівы і вясёлы.

«Калі я вярнуся ў палац, — казаў ён сабе, — я буду заўсёды добра адносіцца да маленькіх дзяцей, у памяць таго, як гэтыя дзяўчынкі добра аднесліся да мяне і паверылі мне, калі я быў у няшчасці, а тыя, хто старэйшыя ад іх і, значыцца, павінны-б быць разумнейшымі, толькі здзекваліся з мяне, лічачы мяне манюкай».

Маці дзяўчынак прыняла караля ласкава і з жалем; яе добрае жаночае сэрца было расчулена горкім лёсам бяздомнага хлопчыка ды яшчэ у дадатак страціўшага розум. Яна была ўдава і зусім небагатая; яна сама досыць нацярпелася гора і ўмела спачуваць няшчасным. Яна падумала, што звар’яцелы хлопчык уцёк ад сваіх блізкіх ці даглядальнікаў, і ўсё дапытвалася, адкуль ён прышоў, каб вярнуць яго радне; яна называла суседнія гарады і вёскі, але ўсе яе роспыты былі дарэмныя. Па твары хлопчыка і па яго адказах яна бачыла, што яму незнаёма тое, аб чым яна гаворыць. Ён проста і ахвотна гаварыў аб прыдворным жыцці, разы са два ўсплакнуў, успомніўшы нябожчыка-караля, «свайго бацьку»; але як толькі гутарка пераходзіла на больш нізкія тэмы, хлопчык пераставаў цікавіцца і маўчаў.

Жанчына была азадачана, але не здавалася. Гатуючы абед, яна пускалася на ўсялякія хітрыкі, каб выведаць, хто такі гэты хлопчык. Яна загаварыла з ім пра кароў — ён астаўся роўнадушным; завяла гутарку пра авечак — тое самае; такім чынам, яе здагадкі наконт таго, што ён быў пастухом, аказаліся памылковымі. Яна загаварыла пра млыны, пра ткачоў, лудзільшчыкаў, кавалёў, пра ўсякія майстэрствы і прафесіі; потым пра дом для вар’ятаў, пра турму, дабрачынныя прытулкі — дарэмна: яна ўсюды пацярпела няўдачу. У такім разе ён чый-небудзь слуга? Але, цяпер яна была ўпэўнена, што натрапіла на верны след: на-

129