І ўсе яны зьдзіўлена глядзелі на мяне.
— Аднак, паслухайце! Адкуль вы узялі столькі золата? — запытаў мяне маленькі чалавек.
Я быў вельмі стомленым, каб прыдумаць хлусьню, і адкрыта сказаў:
— З месяца.
Новае недаверлівае зьдзіўленьне.
— Панове! — абярнуўся я да іх, каб абарваць нялоўкую маўчанку. — Зараз ня час растлумачвацца. Потым, калі я пад’ем, мы можам з вамі пагутарыць.
— А гэты балён?
— Пакіньце яго покуль тут. Яго ніхто не зьнясе, спадзяюся. Надыйдзе прыліў і яна будзе на вадзе.
І вось да готелю пацягнулася дзіўная процэсія: уперадзе ішоў я і цягнуў за сабою залаты ланцуг. За мною ішло чацьвёра людзей, якія несьлі на плячох аграмадныя кавалкі золата. Па дарозе да нас далучыліся дзьве дзяўчынкі з рыдлёўкамі, а потым худы хлапчук, год дванаццаці. Хлапчук соп і каціў вэлёсыпэд. Ён, аднак, ішоў за намі ня доўга. Я бачыў, як ён сеў на свой вэлёсыпэд і паехаў да берагу ў кірунку да балёну.
Праз гадзіну я ўжо сядзеў за ангельскім сьнеданьнем, еў з апетытам чалавека, які галадаў месяцы два, і стараўся задаволіць цікавасьць маладых людзей. Я сказаў ім усю праўду.
— Я прывёз золата з месяца.
— Як з месяца?
— Проста адтуль. У балёне.