эгоізму. Пятрусю стала вачавідкі, што Рыгор пайшоў шпарчэйшым ад яго шляхам духоўнага выхаваньня. Безьліч усялякіх зьяў у бегу часу і ў пераборы месц шліфуюць чалавека ў рознастайных умовах.
Раніца ў раніцу, пакуль жылі ўдваіх, побач сьпяшылі на завод, разам вярталіся назад. Чуткі і весткі, думкі і настрой, пляны і намеры перапляталіся ў крытычным абгаворы. Ня было вечару, каб доўгімі кавалкамі часу яны не знаходзіліся разам: ці езьдзячы ў культурна-асьветнае таварыства, ці бываючы на сходках, ці трапляючы ў тэатр. Праўда, гэтага часу ім не хапала, каб задаволіць гутарку, выпаўніць пабудаваныя сумесна пляны.
Незалежныя ад іх абставіны агульна-рабочае справы, амаль ня цалкам адцягалі хлопцаву ўвагу. Праз гэта Рыгору ня было калі пазнаёміцца поўнасьцю з горадам, пабываць у намечаных мясцох. Ня мог ён вылучыць вольнае гадзіны, каб наведаць адрасны стол і справіцца пра Ганну…
А між іншым, з вядомага выпадку, ніводнага дня Ганна не абмінала Рыгоравых успамінаў. Нагальна ўрывалася яна ў гушчу яго натужных раздумаў, выбірала сабе месца і на нейкі момант захапляла сабою Рыгора. Сёньня пры рабоце, заўтра ў хвілі адбываньня сходу, трэці дзень — па дарозе дамоў, чацьверты…
І кожны раз пасьля гэтага Рыгор усхвалюецца, укорыць сябе нядбайнасьцю рашыць у бліжэйшы дзень зрабіць даведку — і да чарговага разу заспакоіцца. Бач, на ўсё гэта патрэбен час! Даводзіцца кінуць працу, ахвяраваць сходам, занядбаць паседжаньнем, каб пабываць у адрасным стале… А ці можна?
Рыгор сумняваўся і судзіў: «А ўсё-ж нельга не зрабіць гэтага. Нельга!» На запытаньні Пятруся пра Ганну — абяцаў як найхутчэй яе адшукаць. Рыме хваліўся пра знаёмую, якую вось-вось знойдзе і прывядзе да Пятруся… і якою абоіх зьдзівіць…
Рыгоравы думкі і Рыгораву гутарку пра Ганну справодзіла яго напружанае жаданьне бачыць яе, сустрэцца і пагутарыць з ёю, аддзякаваць ёй… за падмогу мацеры, за ўцеху, зробленую старой…
Ды маці!.. Чаму-ж не адвесьці ёй месца ў сваім нутры?
Старая ўставала перад Рыгорам у поўным абліччы. З сумам на твары, з уміленьнем у ваччу, з палкаю прагаю ў нутры, з укорам… Ці не забывае яе сынок? Ці будзе час, калі ўдасца з ўм спаткацца?