Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

захапляла, зацягала, бадзёрыла. З-за гэтага ён мала зварачаў увагі на ўсталяваньне прыватнага жыцьця і мала клапаціўся пра сваю асьцярожлівасьць. Забыў пра няпрыязьнь Пятрусёвай гаспадыні і, як нібыта той, дзень-у-дзень трывожыў яе па некалькі разоў самастойнымі патрэбамі. Выпадкова і паміж іншым дапамінаў Пятрусю:

— Трэба, браток, мне знайсьці хутчэй пакой, а то ўжо я табе надазоліў.

Пятрусь яго разважаў:

— Кінь клапаціцца, — і гэтым вычэрпваў пытаньне.

Але, як і месца на заводзе, Пятрусь цішком апытаў для Рыгора пакой і спакойліва перасяліў у яго таварыша. Рыгор з гэтае прычыны жартаваў:

— Дзякуючы табе, я парываю сваяўство з Абломавым.

Пятрусь не згаджаўся з Рыгоравым парадоксам і ўхмыляўся яму ў адказ. Аднак, было вачавідкім, што Рыгор зусім ня той, з якім ён расстаўся апошнім разам. Асабліва кідалася ў вочы Рыгорава падросшая сталасьць, сур’ёзнасьць і трэзвы погляд на акольваючую сапраўднасьць. Цікавіў яго падыход да кожнага здарэньня, аналіз гэтага здарэньня. Бягучы момант знаходзіў у Рыгоры трапнага ацэншчыка. Рыгор поўнасьцю выяўляў усю вялікасьць і складанасьць таго калыханьня грамадзкіх падвалін, якое адбывалася вакола. Ён бачыў жорсткую супярэчнасьць між воляю некаторых людзей і вымаганьнямі гістарычнай неабходнасьці. Яму прадстаўлялася ясным, што ўсе рухі жыцьця бягучага моманту атрымалі папярэдняе назначэньне. Але ён ведаў, што яго можна перарабіць і накіроўваць на гэта свае думкі. Рыгору паказвалася зусім звычайным, калі ён глядзеў на знэрваванасьць гарадзкога натоўпу, на падазронасьць поліцэйскай улады — ад гарадавога да генэрала, калі адчуваў узмоцнены тон сталічнага шоламу, — гэта, па яго, было тварэньнем, формаваньнем, правядзеньнем процэсу нараджэньня. Куды-ж гэтым момантам адводзіць сваю думку на будзённыя рэчы прыватнага дабрабыту? Для чаго браць на ўвагу дробныя шурпатасьці самотнага побыту?.. і Пятрусь…

Так, Пятрусь недаацэньваў, калі думаў, чакаючы Рыгора, што ён яго нагнаў у політычным росьце. Пятрусь выпускаў з ваччу тое, пра вошта дазнаўся ад Рыгора і што зараз дасканала ўзважыў. І пачуцьцё ранейшай павагі да таварыша зноў займала месца ў яго нутры, ужо ўступленае некалькі пачуцьцю