Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/288

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Горка было Фларэнс прымаць гэтае даручэнне, бо ей здавалася, быццам яна ашуквае сэра Барнета, дазваляючы яму думаць, што ветлівасць, ёй аказаная, была аказана таксама і бацьку. Але не маючы магчымасці даць тлумачэння, яна нахіліла галаву і падзякавала яму, і зноў у яе прамільгнула думка, што нудны дом, дзе не пагражалі ёй падобныя цяжкасці і напамінанні пра яе няшчасце, з'яўляецца для яе зусім натуральным і найлепшым прытулкам.

Памякчэла нават С'юзен Ніпер, прыбліжаючыся да дома, дзе правяла столькі гадоў. Які не быў ён пануры і з якой суровай справядлівасцю не асуджала яна яго за гэту панурасць, аднак, яна многае яму даравала.

— Я рада, што зноў яго ўбачу, гэтага я не адмаўляю, міс, — сказала Ніпер. — Вядома, пахваляцца яму няма чым, але я не хацела-б, каб ён згарэў або яго знеслі!

— Вы рады будзеце прайсціся па старых пакоях, ці не праўда, С'юзен? — з усмешкай запыталася Фларэнс.

— Ну што-ж, міс, — адказала Ніпер, змякчаючыся ўсё больш і больш па меры набліжэння да дома, — не буду адмаўляць, што рада, хоць, як відаць, я іх зноў зненавіджу заўтра.

Ахопленыя такімі развагамі, яны павярнулі ў доўгую і змрочную вуліцу. Фларэнс сядзела ў экіпажы з таго боку, які быў далей ад яе дома, і калі яны пад'язджалі да яго, выглянула з акна, каб зірнуць на дзяцей, што жылі насупраць.

У гэты момант усклік С'юзен прымусіў яе шпарка азірнуцца.

— Божа-ж мой! — задыхаючыся, крыкнула С'юзен. — Дзе-ж наш дом?

— Наш дом? — паўтарыла Фларэнс.

С'юзен, адкінуўшыся ад акна, высунулася зноў, а калі экіпаж, нарэшце, спыніўся, зноў адкінулася і ў здзіўленні паглядзела на сваю гаспадыню.

Вакол усяго дома, ад фундамента пад самы дах, падымаўся лабірынт рыштаванняў. Груды цэглы і камення, кучы вапны і штабялі дошак завальвалі шырокую вуліцу да сярэдзіны ўздоўж усяго дома. Да сцен прыстаўлены былі лесвіцы, па іх падымаліся і спускаліся рабочыя; у доме працавалі маляры і абойшчыкі; падводы выгружалі вялізныя рулоны абояў; воз драпіроўшчыка загарадзіў дарогу; праз цёмныя адтуліны акон з разбітымі шыбамі не відаць было ніякай мэблі ў пакоях, — толькі рабочыя і іх інструменты напаўнялі дом ад кухні да гары.

Фларэнс вышла з карэты, неразумеючы, ці той гэта дом, пакуль не пазнала Таулінсона з загарэлым тварам, які сустрэў яе ў дзвярах.

— Нічога не здарылася? — запыталася Фларэнс.

— О, не, міс!

— Тут вялікія перамены.

— Так, міс, вялікія перамены, — сказаў Таулінсон.

284