Фаларэнс, нібы ў сне, прайшла міма яго і ўзбегла па лесвіцы. Рэзкае святло пранікла ў гасціную, у якой доўгі час панаваў змрок і ўсюды былі страмянкі і платформы і людзі ў папяровых каўпаках на высокіх памостах. Партрэт яе маці знік таксама, як і ўся мэбля, а на тым месцы, дзе ён вісеў, было накрэмзана мелам: «Гэты пакой абшыць панеллю. Зялёнае з золатам». Пакой Фларэнс аставаўся пакуль нечапаны, але за акном падымаліся бэлькі і дошкі, якія не давалі магчымасці пранікнуць дзённаму святлу. Яна шпарка паднялася ў тую — другую — спальню, дзе стаяў маленькі ложак, і ўбачыла ў акне цёмную фігуру велікана з люлькай у зубах і з галавой, абвязанай насавой хустачкай, які пучыў на яе вочы.
Вось тут і знайшла яе С'юзен Ніпер, якая шукала Фларэнс, і прапанавала ёй спусціцца ўніз, да бацькі, які хоча з ёю пагаварыць.
— Ён дома! І хоча гаварыць са мною! — крыкнула Фларэнс, якая ўся дрыжэла.
Па дарозе яна думала аб тым, ці адважыцца яна пацалаваць яго.
Бацька мог пачуць біццё яе сэрца, калі яна з'явілася да яго. Яшчэ секунда — і яно білася-б каля яго грудзей…
Але ён быў не адзін. Тут былі дзве лэдзі, і Фларэнс спынілася. Яна змагалася так пакутліва са сваім хваляваннем, што, калі-б яе неразумны сябра Ды не ўварваўся ў пакой і не абсыпаў яе сваімі ласкамі, вітаючы яе зварот, — ад гэтага адна з лэдзі паціхеньку піснула і гэта перарвала яе ўвагу, — яна абамлела-б.
— Фларэнс, — сказаў бацька, працягваючы руку так холадна, што гэта стрымала яе на месцы, — як маецеся?
Фларэнс узяла яго руку ў свае і, нясмела паднёсшы да губ, не супраціўлялася, калі ён забраў яе.
— Што гэта за сабака? — нездаволена запытаўся містэр Домбі.
— Гэта сабака, тата… з Брайтона.
— Так! — сказаў містэр Домбі, і твар яго пацямнеў, таму што ён зразумеў яе.
— Ён вельмі добры, — сказала Фларэнс, звяртаючыся з уласшівай ёй грацыяй і ветлівасцю да двух незнаёмых лэдзі. — Гэта ён абрадаваўся, што ўбачыў мяне. Калі ласка, не злуйцеся на яго.
Зірнуўшы на іх, яна заўважыла, што лэдзі, якая запішчэла, сядзела ў крэсле і была старая, а другая, што стаяла побач з бацькам, была вельмі прыгожая і вельмі элегантная.
— Місіс Ск'ютон, — сказаў бацька, звяртаючыся да першай і паказваючы на Фларэнс, — гэта мая дачка Фларэнс.
— Дапраўды-ж яна чароўная, — заўважыла лэдзі, паглядзеўшы на яе ў ларнет. — Такая непасрэдная! Любая Фларэнс, вы павінны пацалаваць мяне, прашу вас!