Для міс Домбі, — была наступная яго фраза, і ён зараз-жа працягваў другую картку.
Затым містэр Тутс паварочваўся, нібы збіраючыся пайсці, але слуга ўжо ведаў яго, што ён не пойдзе.
— Прашу прабачэння, — гаварыў містэр Тутс, нібы раптоўна прышла яму ў галаву думка. — Ці дома маладая асоба?
Слуга думаў, што дома, але не быў у гэтым упэўнены. Затым ён тузаў званочак, які званіў у верхнім паверсе, глядзеў на лесвіцу і гаварыў: «Так, яна дома і спускаецца сюды». Затым з'яўлялася міс Ніпер, а слуга выходзіў.
— О! Як ваша здароўе? — гаварыў містэр Тутс, чырванеючы.
С'юзен дзякавала яму і адказвала, што здарова.
— Як маецца Дыаген? — было наступнае пытанне містэра Тутса.
Дапраўды, вельмі добра. З кожным днём міс Фларэнс прывязваецца да яго ўсё больш і больш. Містэр Тутс абавязкова пачынаў хіхікаць, нібы адтыкалі бутэльку, напоўненую шыпучым напіткам.
— Міс Фларэнс здарова, сэр, — дадавала С'юзен.
— О, гэта не мае ніякага значэння, дзякую вам, — быў нязменны адказ містэра Тутса; і, кажучы гэтыя словы, ён заўсёды спяшаўся пайсці.
Бясспрэчна, у містэра Тутса была ў галаве нейкая туманная думка, якая пабуджала яго зрабіць заключэнне, што калі яму ўдасца з цягам часу атрымаць руку Фларэнс, ён будзе мець асалоду і шчасце. Бясспрэчна, містэр Тутс нейкімі навакольнымі шляхамі прышоў да гэтага вываду і на ім спыніўся. Сэрца яго было паранена; ён быў узрушаны, ён быў закаханы. Неяк вечарам ён зрабіў адважную спробу і прасядзеў усю ноч, выдумляючы акроверш[1], прысвечаны Фларэнс. Але ён так і не пасунуўся далей слоў: «Фіял маёй душы»; тут яго пакінула натхненне, у парыве якога ён папярэдне напісаў пачатковыя літары астатніх шасці радкоў.
Выдумаўшы гэты хітравумны і палітычны прыём — штодзённа пакідаць містэру Домбі візітную картачку, — мазгі містэра Тутса больш нічога не прыдумалі адносна прадмета, які зачароўваў яго пачуцці. Але глыбокадумныя разважанні, нарэшце, пераканалі містэра Тутса ў тым, што вельмі добра было-б ўвайсці ў ласку міс С'юзен, перш чым намякнуць ёй аб сваім душэўным стане.
Лёгкае і жартаўлівае заляцанне да гэтай лэдзі, здавалася, было тым спосабам, да якога варта было звярнуцца ў гэтай пачатковай стадыі рамана, каб прыцягнуць яе на свой бок. Не могучы прыняць канчатковага рашэння, ён параіўся з Пеўнем,
- ↑ Акроверш (грэч.) — верш, у якім з пачатковых літар кожнага верша складаецца слова.