Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не ўводзячы гэтага джэнтльмена ў курс справы адносна сваёй тайны, але толькі паведаміўшы яму, што нейкі друг з Іоркшыра напісаў яму (містэру Тутсу), пытаючыся яго думкі адносна гэтага. Певень адказаў, што яго думка заўсёды была такой: «Ідзі і перамагай», і далей: «Калі праціўнік ваш перад вамі, а часу у вас малавата, ідзіце і дзейнічайце», пасля чаго містэр Тутс прыняў гэтыя словы за іншасказальнае пацверджанне свайго ўласнага пункту погляду і гераічна вырашыў пацалаваць у наступны дзень міс Ніпер.

Такім чынам у наступны дзень містэр Тутс, апрануты ў цудоўнейшае тварэнне Берджэса і К°, накіраваўся з гэтай мэтай да дома містэра Домбі. Але калі ён наблізіўся да месца дзеяння, мужнасць яму здрадзіла, і хоць ён падышоў да дзвярэй у тры гадзіны папоўдні, было ўжо шэсць, калі ён пастукаў у дзверы.

Усё ішло, як заўсёды, аж да таго моманту, калі С'юзен сказала, што яе маладая гаспадыня здарова, а містэр Тутс сказаў, што гэта не мае ніякага значэння. На яе здзіўленне, містэр Тутс, замест таго, каб вылецець пасля гэтых слоў, як ракета, замяўся і захіхікаў.

— Магчыма, вы хочаце падняцца наверх, сэр? — запыталася С'юзен.

— Ну, што-ж, бадай, я ўвайду! — сказаў містэр Тутс. Але замест таго, каб падняцца наверх, дзёрзкі Тутс, калі дзверы на вуліцу былі зачынены, няўклюжа рвануўся да С'юзен і абняўшы гэта цудоўнае стварэнне, пацалаваў яе ў шчаку.

— Правальвайце! — крыкнула С'юзен. — Або я вам вочы выдзеру!

— Яшчэ разок! — сказаў містэр Тутс.

— Пайшлі вон адсюль! — усклікнула С'юзен, адштурхваючы яго.

— Ды яшчэ такое шчасце, як вы! Далей ужо няма куды! Правальвайце, сэр!

С'юзен не лічыла небяспеку сур'ёзнай, бо смяялася так, што ледзь магла гаварыць, але Дыаген на лесвіцы, чуючы шастанне ля сцяны і шоргат ног і бачачы праз парэнчы, што адбываецца барацьба і нехта чужы ўварваўся ў дом, зрабіў іншае заключэнне, кінуўся на дапамогу і ў адзін момант учапіўся ў нагу містэру Тутсу.

С'юзен запішчала, зарагатала, расчыніла парадныя дзверы і пабегла ўніз; дзёрзкі Тутс, спатыкаючыся, выбраўся на вуліцу з Дыагенам, які ўчапіўся зубамі ў яго штаны, нібы Берджэс і К° былі ў яго паварамі і прыгатавалі яму гэты ласы кавалачак у выглядзе святочнага пачастунку. Дыаген, адкінуты ў бок, некалькі разоў перакуліўся ў пыле, зноў усхапіўся, закруціўся вакол ашаломленага Тутса і хацеў яго ўкусіць, а містэр Каркер, які спыніў каня і трымаўся паводаль, са здзіўленнем назіраў гэтую мітусню ля дзвярэй велічнага дома містэра Домбі.

228