Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і валасы і мілы твар, вельмі мілы твар! Напэўна, яна прыгожанькая».

Яшчэ больш ветлівы і прыязны, напяваючы песеньку, так што ўсе яго шматлікія зубы вібрырывалі у тон, містэр Каркер няўхільна рушыў уперад і, нарэшце, павярнуў у цёмную вуліцу, дзе быў дом містэра Домбі. Ён так быў заняты сваімі думкамі, аплятаючы павуціннем мілыя твары і абцягваючы іх сецямі, што наўрад ці думаў пра тое, куды прыехаў, пакуль не паглядзеў на рад высокіх дамоў і не спыніў паспешна каня за некалькі ярдаў ад дзвярэй.

Але для растлумачэння, чаму містэр Каркер з такім спехам спыніў каня і на што ён паглядаў з немалым здзіўленнем, неабходна крыху адхіліцца ў бок.

Містэр Тутс, вызваліўшыся ад ярма Блімбераў і ўступіўшы ва ўладанне пэўнай часткай свайго мірскога багацця, узяўся з вялікай стараннасцю вывучаць навуку жыцця. Натхнёны благародным імкненнем зрабіць бліскучую і слаўную кар'еру, містэр Тутс абставіў мэбляй цудоўную кватэру, зрабіў у ёй спартыўны куток, упрыгожаны здымкамі прызавых коней, якімі ён зусім не цікавіўся, і канапай, якая наводзіла на яго прыгнечанае ўражанне. У гэтым чароўным прытулку містэр Тутс прысвяціў сябе прыгожым мастацтвам, якія ўзвышалі і аблагароджвалі жыццё; галоўным яго настаўнікам быў цікавы суб'ект па празванні Баявы Певень, пра якога можна было заўсёды пачуць у таверні Чорнага Барсука, — Певень, які ў самае гарачае надвор'е хадзіў у калматым белым паліце і тры разы на тыдзень збіваў містэра Тутса кулакамі па галаве, атрымліваючы скромную ўзнагароду — дзесяць шылінгаў шэсць пенсаў за візіт.

Баявы Певень прадставіў яму маркера, які навучаў гуляць на більярдзе, лейб-гвардзейца, які навучаў коннай яздзе, карнуэльскага джэнтльмена, які зразумеў усе таямніцы атлетыкі, і яшчэ двух-трох сяброў, якія былі не менш дасведчаны ў прыгожых мастацтвах. Пад іх апякунствам містэр Тутс не мог не мець хуткіх паспехаў, і пад іх кіраўніцтвам ён узяўся за работу.

Але не паспелі гэтыя джэнтльмены страціць блеску навізны, як містэр Тутс, сам не ведаючы прычыны, адчуў збянтэжанасць і неспакой. Здавалася, нішто так спрыяльна не рабіла ўплыву на містэра Тутса, як няспыннае наведванне дома містэра Домбі, дзе ён пакідаў свае візітныя карткі.

Містэр Тутс ніколі не падымаўся наверх і заўсёды трымаўся адной і той-жа цырамоніі ў дзвярах вестыбюля, добра прыбраны для гэтай мэты.

— О, з добрай раніцай! — такая была першая фраза містэра Тутса, якую ён гаварыў слузе. — Для містэра Домбі, — была наступная фраза містэра Тутса і ён працягваў візітную картачку. —

226