— Уольр, мой хлопчык, — прагаварыў басам капітан, — трымайцеся мацней!
У той-жа час капітан, ступіўшы ўперад, выставіў напаказ свой сіні касцюм, свой каўнер кашулі, які вельмі кідаўся ў вочы, і свой шышкаваты нос і спыніўся, кланяючыся містэру Домбі і далікатна памахваючы лэдзі сваім кручком, з цвёрдым глянцавітым капелюшом у адзінай руцэ і з чырвоным экватарам вакол галавы, які гэты капялюш нядаўна на ёй адціснуў.
Містэр Домбі глядзеў на гэты феномен[1] са здзіўленнем і абурэннем і нібы ўсім сваім выглядам запрашаў місіс Чык і міс Токс падзяліць яго пачуцці. Маленькі Поль, які ўвайшоў услед за Фларэнс, адышоўся да міс Токс і заняў абаронную пазіцыю, калі капітан замахаў кручком.
— Ну, Гэй, — сказаў містэр Домбі, — што вы маеце мне сказаць?
Зноў капітан заўважыў у выглядзе прадмовы да гутаркі, якая не праміне выклікаць прыхільнасць ва ўсіх прысутных:
— Уольр, трымайцеся мацней!
— Баюся, сэр, — пачаў Уолтэр, калоцячыся і не падымаючы вачэй, — што я дазваляю сабе вялікую вольнасць, з’яўляючыся сюды... так, я ўпэўнены, што гэта так. Баюся, што ў мяне не хапіла-б мужнасці прысці да вас, сэр, нават прыехаўшы сюды, калі-б я не сустрэў міс Домбі і...
— Ну і што-ж? — сказаў містэр Домбі, сочачы за яго позіркам, калі той паглядзеў на Фларэнс, якая ўважліва прыслухоўвалася, і мімаволі хмурачыся, калі яна падбадзёрыла яго ўсмешкай. — Калі ласка, прадаўжайце.
— Так, так, — заўважыў капітан, лічачы, што абавязак выхаванага чалавека — падтрымаць містэра Домбі. — Надзвычай добра сказана! Прадаўжайце, Уольр.
— Сюды мяне прывяла зусім прыватная і асабістая справа, сэр, — заікаючыся, прадаўжаў Уолтэр, — і капітан Катль...
— Тут! — уставіў капітан, сцвярджаючы, што ён знаходзіцца пад рукой і на яго можна мець надзею.
— Вельмі стары сябра майго небаракі дзядзі і вельмі добры чалавек, сэр, — прадаўжаў Уолтэр, упрашальна паднімаючы вочы, нібы ў абарону капітана, — быў такі добры, што прапанаваў паехаць са мною, ад чаго я наўрад ці мог адмовіцца.
— Не! не! не! — добрадушна заўважыў капітан. — Зразумела, не! І гутаркі не магло быць аб адмаўленні. Прадаўжайце, Уольр.
— І таму, сэр, — сказаў Уолтэр, асмеліўшыся сустрэць позірк містэра Домбі і набраўшыся адвагі з прычыны цяжкога свайго становішча, калі адступаць ужо было позна, — таму я прышоў з ім, сэр, паведаміць, што мой небарака стары дзядзя апынуўся ў вялікім няшчасці і горы, што з прычыны паступовага ўпадку яго гандлю і немагчымасці заплаціць па векселю — гэта апасенне, як
- ↑ Феномен — (грэч.) рэдкая, надзвычайная з’ява.