Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мне добра вядома, сэр, прыгнятала яго на працягу многіх і многіх месяцаў, — на маемасць яго накладзен арышт, і яму пагражае небяспека страціць ўсё, што ў яго ёсць, і памерці з гора. Што, калі-б вы, які даўно ўжо ведае яго як прыстойнага чалавека, па дабраце сваёй дапамаглі яму выйсці з цяжкага становішча, сэр? Мы ніколі не зможам выказаць вам нашу ўдзячнасць за гэта.

У Уолтэра выступілі з вачэй слёзы, пакуль ён гаварыў; выступілі яны ў Фларэнс. Бацька бачыў, як яны заблішчэлі, хоць глядзеў, здавалася, толькі на Уолтэра.

— Гэта вельмі вялікая сума, сэр, — сказаў Уолтэр. — Больш трохсот фунтаў. Дзядзя зусім прыгнечан гэтым няшчасцем, яно яго зламала, і ён зусім не можа чым-небудзь дапамагчы. Ён нават не ведае, што я паехаў пагаварыць з вамі. Магчыма, вы захочаце, сэр, — нерашуча дадаў Уолтэр, — каб я дакладна сказаў, чаго, па сутнасці, я хачу. Я, дапраўды, не ведаю, сэр. У дзядзі ёсць тавар, і, здаецца, я магу сцвярджаць з упэўненасцю, што ніякіх іншых даўгоў няма, а затым капітан Катль таксама хацеў-бы даць паручыцельства. Мне... мне, бадай, лепш не спамінаць, — прадаўжаў Уолтэр, — аб тых грошах, якія зарабляю я; але, калі-б вы дазволілі... адкладаць іх... на пакрыццё... пазыка... дзядзя... беражлівы, чэсны стары. Уолтэр ледзь выгаварыў гэтыя няскладныя словы, змоўк і стаяў, панурыўшыся, перад сваім гаспадаром.

Лічачы момант спрыяючым для прад’яўлення каштоўнасцей, капітан Катль падышоў да стала, і, расчысціўшы месца сярод чашак ля локця містэра Домбі, дастаў срэбны гадзіннік, наяўныя грошы, чайныя лыжкі і шчыпцы для цукру і, склаўшы іх у кучу, каб яны здаваліся асабліва каштоўнымі, сказаў наступныя словы:

— Поўбулкі лепш, чым ні кавалка хлеба, але гэта правільна і ў дачыненні да крошак. Вось некалькі крошак. Пасля можа быць прапанавана штогодняя рэнта ў сто фунтаў.

Пасля гэтага капітан адышоў на ранейшае месца, дзе і астаўся, прыгладжваючы раскудлачаныя валасы, з выглядам чалавека, які скончыў цяжкую справу.

Калі Уолтэр змоўк, містэр Домбі глянуў на маленькага Поля, які, бачачы, што сястра апусціла галаву і ціха плача, спачуваючы няшчасцю, аб якім толькі што даведалася, падышоў да яе і стараўся яе супакоіць, вельмі выразна паглядаючы пры гэтым на Уолтэра і на бацьку. Заняўшыся на хвіліну выступленнем капитана Катля, да якога паставіўся з велічнай роўнадушнасцю, містэр Домбі зноў скіраваў позірк на сына і некаторы час сядзеў моўчкі, пільна ўглядаючыся ў дзіця.

— Як быў зроблён гэты доўг? — запытаўся, нарэшце, містэр Домбі. — Хто крэдытор?

— Ён не ведае, — адказваў капітан, кладучы руку на плячо Уолтэра. — Я ведаю. Гэта здарылася таму, што ён дапамог чалавеку, якога цяпер ужо няма жывога, і гэта ўжо каштавала

98