Але, убачыўшы пісьмо сквайра, ён адразу заззяў.
— О, — гучна ўсклікнуў ён, працягваючы мне руку, — разумею! Ты наш новы юнга. Рады цябе бачыць.
І ён моцна сціснуў маю руку ў сваёй шырокай і дужай далоні.
У гэтую хвіліну якісьці чалавек, што сядзеў у далейшым куце, раптам ускочыў з месца і кінуўся да дзвярэй. Дзверы былі побач з ім, і ён адразу знік на вуліцу. Але паспешнасць яго звярнула маю ўвагу, і я, глянуўшы на яго, пазнаў адразу. Гэта быў чалавек з трыма пальцамі, з блішчэўшым ад тлушча тварам, той самы, які прыходзіў да нас у карчму.
— Эй, — закрычаў я, — трымайце яго! Гэта Чорны Пёс! Чорны Пёс!
— Мне напляваць, як яго завуць! — усклікнуў Сільвер. — Але ён уцёк і не заплаціў мне за выпіўку. Гары, бяжы і злаві яго!
Адзін з сядзеўшых каля дзвярэй ускочыў і кінуўся наўздагон.
— Будзь ён хоць адмірал Гок, я і то прымусіў-бы яго заплаціць! — крычаў Сільвер.
Потым, раптам адпусціўшы маю руку, спытаў:
— Як яго завуць? Ты сказаў Чорны… як далей? Чорны хто?
— Пёс, сэр, — сказаў я. — Хіба містэр Трэлоўні не расказваў вам пра нашых разбойнікаў? Чорны Пёс з іх шайкі.
— Што? — зароў Сільвер. — У маім доме! Бен, бяжы і памажы Гары дагнаць яго. Дык ён разбойнік — адзін з іх шайкі? Эй, Марган, ты, здаецца, сядзеў з ім за адным сталом? Хадзі сюды.
Чалавек, якога ён назваў Марганам, — стары, сівы, загарэлы марак — пакорна падышоў да яго, жуючы табачную жвачку.
— Ну, Марган, — строга запытаў Доўгі, — ці бачыў ты калі-небудзь раней гэтага Чорнага… Як яго… Чорнага Пса?
— Ніколі, сэр, — адказаў Марган і пакланіўся.
— І нават імя яго не чуў?
— Не чуў, сэр.