Старонка:Востраў скарбаў.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, тваё шчасце, Том Марган! — усклікнуў карчмар. — Калі ты пачнеш блытацца з усякай сволаччу, нагі тваёй не будзе ў маёй установе. Аб чым ён з табой гаварыў?

— Не памятаю добра, сэр, — адказаў Марган.

— І ты можаш назваць галавой тое, што ў цябе на плячах? — закрычаў Доўгі Джон. — Ён не памятае добра! Магчыма, ты і не ўяўляеш сабе, з кім ты размаўляў! Ну, выкладвай, аб чым ён зараз гаварыў? Вы разважалі абодва аб плаваннях, караблях, капітанах? Ну! Зараз-жа!

— Мы гаварылі аб тым, як у нас у флоце перацягваюць людзей на вяроўцы пад кілем карабля, — адказаў Марган.

— Пад кілем карабля! Размова якраз для цябе падыходзіць. Эх ты! Ну, сядай на месца, Том.

Калі Марган сеў за свой столік, Сільвер па-яброўску нахіліўся да майго вуха, што мне вельмі пальсціла, і прашаптаў:

— Сумленнейшы хлапец гэты Том Марган, але жахлівы дурань. А зараз, — працягваў ён уголас, — паспрабуем успомніць. Чорны Пёс? Не, ніколі не чуў аб такім. Як быццам я яго дзесьці бачыў. Ён нярэдка… так… так… заходзіў сюды з нейкім сляпым жабраком.

— Так, так, са сляпым! — усклікнуў я. — Я і сляпога гэтага ведаў. Яго звалі П'ю.

— Правільна! — усклікнуў Сільвер, на гэты раз вельмі ўсхваляваны. — Якраз так яго і звалі. З выгляду ён быў вялікі шэльма. Калі гэты Чорны Пёс пападзецца нам у рукі, капітан Трэлоўні будзе вельмі здаволены. У Бена — вельмі добрыя ногі. Рэдкі марак бегае хутчэй за Бена. Не, ад Бена не ўцячэш. Бен каго хочаш дагоніць. Дык ён гаварыў аб тым, як працягваюць маракоў на канаце? Добра, добра, ужо-ж мы працягнем яго самога.

Сільвер скакаў на сваім кастылі, стукаў кулаком па сталах і гаварыў з такім шчырым абурэннем, што нават найбольш недаверлівы суддзя паверыў-бы, што Сільвер зусім невінаваты.

Сустрэча з Чорным Псом у „Падзорнай Трубе“ ўзбудзіла ўсе мае ранейшыя падазрэнні, і я ўважліва сачыў за поварам. Але ён быў занадта разумны, знаходчывы і спрытны для мяне.