Старонка:Востраў скарбаў.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзвярыма вялікую трубу замест шыльды. Я ўзрадаваўся гэтай магчымасці яшчэ раз паглядзець на караблі і матросаў і зараз-жа адправіўся ў дарогу. Ледзь прабіраючыся скрозь натоўп народу, што таўхаўся на прыстані, сярод пакункаў і фургонаў, я знайшоў, нарэшце, таверну.

Яна была невялікая і даволі ўтульная: шыльда нядаўна памалявана, на вокнах чыстыя чырвоныя фіранкі, падлога пасыпана чысцейшым пяском. Таверна выходзіла на дзве вуліцы. Абедзве палавінкі дзвярэй былі расчынены насцеж, і ў прасторным нізкім пакоі было досыць светла, не гледзячы на клубкі табачнага дыму.

За столікамі сядзелі маракі. Яны так гучна гаварылі паміж сабой, што я спыніўся каля дзвярэй, не адважваючыся ўвайсці.

З бакавога пакоя вышаў чалавек. Я адразу зразумеў, што гэта і ёсць Доўгі Джон. Левая нага яго была адрэзана да самага бядра. Пад левым плячом ён трымаў кастыль і незвычайна зручна карыстаўся ім, падскокваючы, як птушка, на кожным кроку. Гэта быў вельмі высокі і дужы мужчына з шырокім, як шынка, плоскім і бледным, але разумным, з усмешкай, тварам. Яму, здавалася, было вельмі весела. Пасвістваючы, шныраў ён паміж столікамі, жартаваў, пахлопваючы па плячах наведвальнікаў, якія яму больш падабаліся.

Прызнацца, прачытаўшы аб Доўгім Джоне ў пісьме сквайра, я з жахам падумаў, ці не той гэта аднаногі марак, якога я так доўга падсочваў у старым „Бенбоў“. Але варта было мне зірнуць на яго, і ўсе мае падазрэнні рассеяліся. Я бачыў капітана, бачыў Чорнага Пса, бачыў сляпога П'ю і меркаваў, што ведаю, які выгляд у марскіх разбойнікаў, — не, ніколькі не падобны на разбойніка гэты ахайны і добрадушны гаспадар таверны.

Я набраўся смеласці, пераступіў праз парог і накіраваўся проста да Сільвера, які, абапёршыся на кастыль, размаўляў з нейкім наведвальнікам.

— Містэр Сільвер, сэр? — спытаў я, падаючы яму запіску.

— Так, мой хлопчык, — сказаў ён. — Мяне завуць Сільвер. А ты хто такі?