Перайсці да зместу

Гісторыя ЗША ў дакументах (2014)/Амерыканская рэвалюцыя/Дэкларацыя незалежнасці ЗША

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Петыцыя аліўкавай галінкі Дэкларацыя незалежнасці ЗША
Дакумэнт
Аўтар: Томас Джэферсан
2014 год
Арыгінальная назва: United States Declaration of Independence (1776)
Артыкулы Канфедэрацыі і Вечнага саюза
Іншы пераклад: Ян Пятроўскі. Лепшыя думкі чалавека 1. 1977. Ст. 131-134.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дэкларацыя незалежнасці ЗША[1]

(The Independence Declaration)

Другі Кантынентальны Кангрэс, 4 ліпеня 1776 года, Філадэльфія, Пенсільванія.

Калі ход падзей прыводзіць да таго, што адзін з народаў вымушаны скасаваць палітычныя сувязі, якія злучаюць яго з іншым народам, заняць самастойнае роўнае месца сярод дзяржаў свету, на якое ён мае права па законам прыроды, яе Тварца, паважлівае стаўленне да меркавання чалавецтва патрабуе ад яго тлумачэння прычын, якiя заахвоцілі яго да такога аддзялення.

Мы зыходзім з той відавочнай праўды, што ўсе людзі створаны роўнымі, надзелены Тварцом пэўнымі неад’емнымі правамі, да ліку якіх адносяцца жыццё, свабода, імкненне да шчасця. Для забеспячэння гэтых правоў людзьмі засноўваецца ўрад, які чэрпае свае законныя паўнамоцтвы ў згодзе кіруемых. У выпадку, калі які-небудзь урад становіцца згубным для гэтых самых мэтаў, народ мае права змяніць або скасаваць яго, паставіць новы ўрад, заснаваны на такіх прынцыпах і формах арганізацыі ўлады, якія, як яму ўяўляецца, найлепшым чынам забяспечаць людзям бяспеку і шчасце. Зразумела, разважлівасць патрабуе, каб урады, устаноўленыя з даўніх часоў, не мяняліся б пад уплывам неістотных хуткаплынных абставінаў; адпаведна, увесь вопыт мінулага падцвярджае, што людзі схільны хутчэй зносіць заганы, пакуль іх можна цярпець, чым выкарыстоўваць сваё права мяняць формы ўлады, якія сталі для іх звыклымі. Але, калі доўгі шэраг злоўжывання і насілля нязменна звязаных з адной і той жа мэтай, сведчыць аб каварнай задуме прымусіць народ змірыцца з неабмежаваным дэспатызмам, звяржэнне такога ўрада і стварэнне новых гарантый бяспекі на будучыню становіцца правам і абавязкам народа. Гэтыя калоніі доўгі час выяўлялі цярпенне, толькі неабходнасць вымушае іх змяніць ранейшую сістэму свайго ўрада. Гісторыя праўлення цяпер дзеючага караля Вялікабрытаніі — гэта набор незлічаных актаў несправядлівасцяў і насілля, непасрэднай мэтай якіх з’яўляецца станаўленне неабмежаванага дэспатызму. Для пацверджання сказанага вышэй прадстаўляем на бесстаронні суд чалавецтва наступныя факты.

Ён адмаўляўся даваць сваю згоду на прыняцце законаў, вельмі карысных і неабходных для ўсеагульнага дабрабыту.

Ён забараняў сваім губернатарам прымаць законы першараднай важнасці, калі толькі іх дзеянне не адкладалася да атрымання яго згоды, але калі з-за гэтага яны адкладаліся, ён пакідаў іх без усякай увагі.

Ён дазволіў прымаць іншыя законы, важныя для вялікай колькасці людзей, толькі пры ўмове, што гэтыя людзі адмовяцца ад права мець прадстаўніка ў заканадаўчым органе, ад права, якое з’яўляецца звышкаштоўным для іх і небяспечным толькі для тыранаў.

Ён склікаў заканадаўчыя органы ў незвычайных і ў няёмкіх месцах, удалечыні ад месца знаходжання адпаведных дакументаў, з адзінай мэтай — зморам прымусіць іх згадзіцца з правадзімай ім палітыкай.

Ён неаднаразова распускаў Палату прадстаўнікоў з-за таго, што парламентарыі адважна і цвёрда супрацьстаялі яго замахам на правы людзей.

На працягу доўгага часу пасля падобных роспускаў ён адмаўляў у правядзенні выбараў іншых прадстаўнікоў, у выніку чаго заканадаўчыя паўнамоцтвы, якія па сваёй сутнасці не могуць быць знішчаны, ізноў пераходзілі да народа ўвогуле; а тым часам, дзяржава падвяргалася ўсім небяспекам, звязаным як са знешнімі, так і з унутранымі напружаннямі.

Ён спрабаваў перашкодзіць засяленню гэтых зямель, ігнаруючы па гэтай прычыне законы аб натуралізацыі чужаземцаў, адмаўляючыся прымаць іншыя законы, якія дапамагалі б развіццю іміграцыі, а таксама пазбавіў умоў для вылучэння новых зямельных надзелаў для перасяленцаў.

Ён ствараў перашкоду для здзяйснення правасуддзя, адмаўляючыся даваць згоду на прынняцце законаў аб станаўленні судовай улады.

Ён паставіў суддзяў у поўную залежнасць ад сваёй улады, вызначыўшы тэрміны іх прыбыцця на пасадзе, а таксама памеры іх узнагароджання за працу.

Ён ствараў вялікую колькасць новых пасад і прысылаў мноства чыноўнікаў, каб прыгнятаць наш народ і пазбаўляць яго сродкаў да існавання.

У мірны час ён змясціў на нашай зямлі пастаянныя войскі без нашай згоды на тое.

Армію ён імкнуўся паставіць вышэй за грамадзянскую ўладу.

Ён аб’яднаўся з іншымі людзьмі, каб падвергнуць нас юрысдыкцыі, чужой нашай канстытуцыі і непрызнанай паводле нашых законаў; падаваў сваю згоду на прыняцце нясправядлівых законаў:

Для размяшчэння вялікай колькасці ўзброеных войскаў сярод нас;

Для таго, каб абараніць гэтых вайскоўцаў ілжывым судом ад пакарання за любыя забойствы, якія яны ажыццявілі на гэтай зямлі;

Для таго, каб знішчыць наш замежны гандаль;

Для таго, каб накласці падаткі на нас без нашай згоды;

Для таго, каб пазбавіць нас у шматлікіх выпадках права на суд прысяжных;

Для таго, каб перавозіць нас за мора, дзеля суду па сфабрыкаваных абвінавачаннях;

Для таго, каб адмяніць вольную сістэму англійскіх законаў у суседняй правінцыі, засноўваючы там дэспатычны ўрад і павялічваючы яго межы, каб даць гэтым прыклад і прыдатную прыладу для таго, каб увесці тое ж самае абсалютнае кіраванне ў гэтыя калоніі;

Для таго, каб адмяніць нашы хартыі і скасаваць такім чынам нашы самыя каштоўныя законы, і змяніць істотна формы нашага самакіравання;

Для таго, каб часова адхіліць нашы ўласныя заканадаўчыя органы, і абвясціць сябе надзеленым уладаю выдаваць законы для нас ва ўсіх выпадках наогул.

Ён адмовіўся ад кіравання калоніямі, аб’яўляючы нас пазбаўленымі яго абароны і ведучы вайну супраць нас.

Ён рабаваў нас у моры, руйнаваў нашы ўзбярэжжы, паліў нашы гарады, і знішчаў нашых людзей.

Ён прывёў вялікія войскі замежных наймітаў дзеля прычынення смерці, спусташэння, і тыраніі, якая ўжо знайшла свае адлюстраванне ў праявах жорсткасці і вераломства, што можа быць ледзь параўнана з самымі варварскімі часамі, і цалкам не годна для кіраўніка цывілізаванай краіны.

Ён вымусіў нашых суграмадзян, узятых палоннымі на экстэрытарыяльных водах, служыць у арміі, якая ваюе супраць сваёй краіны, рабіцца катамі сваіх сяброў і братоў, або іх ахвярамі.

Ён падбухторваў нас да ўнутранага мяцяжу і спрабаваў нацкоўваць на жыхароў нашых пагранічных зямель бязлітасных дзікуноў — індзейцаў, прызнаныя правілы вядзення вайны якіх зводзяцца да знішчэння людзей незалежна ад узросту, полу і сямейнага становішча.

У адказ на гэтыя прыгнёты мы кожны раз падавалі петыцыі і прасілі, каб нам аднавілі нашыя правы: у адказ на нашыя шматлікія петыцыі мы атрымлівалі толькі больш несправядлівасці. Манарх, у характары якога прысутнічаюць рысы тырана, не можа быць кіраўніком свабоднага народу.

У роўнай ступені не пакідалі мы без увагі і нашых брытанскіх братоў. Час ад часу мы перасцерагалі іх ад спробаў парламента незаконным чынам падпарадкаваць нас сваёй юрысдыкцыі. Мы нагадвалі ім пра прычыны, у сілу якіх мы эмігрыравалі і пасяліліся тут. Мы заклікалі да іх прыроджанага пачуцця справядлівасці і велікадушнасці і заклікалі іх, дзеля нашых агульных кроўных сувязяў, асудзіць гэтыя прыгнёты, якія з непазбежнасцю павінны былі прывесці да разрыву нашых сувязяў і зносін. Яны таксама заставаліся глухімі да голасу справядлівасці і агульнай крыві. Таму мы вымушаны прызнаць непазбежнасць нашага аддзялення ад Брытаніі і разглядаць іх, як мы разглядаем і астатнюю частку чалавецтва: у якасці ворагаў падчас вайны і сяброў у мірны час.

Таму мы, прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амерыкі, сабраўшыся на агульны Кангрэс, заклікаючы Усявышняга пацвердзіць сумленнасць нашых намераў, ад імя і па ўпаўнаважанні годнага народа гэтых калоній, урачыста заяўляем, што гэтыя злучаныя калоніі з’яўляюцца і па праву павінны быць свабоднымі і незалежнымі дзяржавамі, што яны вызваляюцца ад усякай залежнасці ад Брытанскай Кароны і што ўсе палітычныя сувязі паміж імі і Вялікабрытаніяй павінны быць поўнасцю разарваныя, што ў якасці свабодных і незалежных дзяржаў яны паўнамоцны аб’яўляць вайну, заключаць мірныя дамовы, уступаць у саюзы, весці гандаль, здзяйсняць любыя іншыя дзеянні і ўсё тое, на што мае права незалежная дзяржава. І з цвёрдай упэўненасцю ў заступніцтве Боскага правідзення мы прысягаем адзін аднаму падтрымліваць гэту Дэкларацыю сваiм жыццём, сваім станам і сваім незапятнаным гонарам.

Нью-Гэмпшыр:
Джосія Бартлет, Уільям Уіппл, Мэцью Торнтан

Масачусэтс:
Джон Хэнкок, Сэмюэль Адамс, Джон Адамс, Роберт Трыцій Пэйн, Элбрыдж Джэры

Род-Айлэнд:
Стывен Хопкінс, Уільям Элеры

Канэктыкут:
Роджэр Шэрман, Самюэль Хантынгтан, Уільям Уільямс, Олівер Уолкат

Нью-Ёрк:
Уільям Флойд, Філіп Лівінгстан, Фрэнсіс Льюіс, Люіс Морыс

Нью-Джэрсі:
Рычард Стоктан, Джон Уiзерспун, Фрэнсіс Хопкінс, Джон Харт, Абрагам Кларк

Пенсільванія:
Роберт Морыс, Бенджамін Раш, Бенджамін Франклін, Джон Мортан, Джордж Клаймер, Джэймс Сміт, Джордж Тэйлар, Джэймс Уілсан, Джордж Рос

Дэлавэр:
Цэзар Радн, Джордж Рыд, Томас Маккін

Мэрылэнд:
Самюэль Чэйз, Уільям Пака, Томас Стоўн, Чарльз Кэрралл з Каролтан

Перакладалі з англійскай мовы:
Тамара Верашчака
Марыя Лемяшэўская
Святлана Музыра
Юлія Петрашко
Дзмітрый Унучко
Ксенія Цыганкова

17.10.2010.


  1. У гэты час выраз Злучаныя Штаты Амерыкі не перадаваў цяперашні сэнс слова — назву федэратыўнай дзяржавы — а азначаў сукупнасць 13 англамоўных калоній як саюз незалежных дзяржаў. Англійскае слова state можа азначаць як дзяржаву, так і частку дзяржавы — штат.