Перайсці да зместу

Гісторыя ЗША ў дакументах (2014)/Амерыканская рэвалюцыя/Петыцыя аліўкавай галінкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова аўтара-складальніка Петыцыя аліўкавай галінкі
Дакумэнт
Аўтар: Джон Дыкенсан
2014 год
Арыгінальная назва: Olive Branch Petition (1775)
Пераклад: Крысціна Тыцюк
Дэкларацыя незалежнасці ЗША

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АМЕРЫКАНСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ
(1776-1783 гг.)

“America is not… a self-interested empire. We were born out of revolution — against an empire”
Barak Obama, US President
(From talk in Cairo)

“Амерыка не з'яўляецца… эгацэнтрычнай імперыяй. Мы нарадзіліся падчас рэвалюцыі — супраць імперыі”
Барак Абама, Прэзідэнт ЗША
(З выступлення ў Каіры)

Петыцыя аліўкавай галінкі[1]

(The Olive Branch Petition)

Да Выдатнай Вялікасці Яснавяльможнага Караля

Мы, верна падданыя Вашай Вялікасці калоній Нью-Гэмпшыр, Масачусецкі Заліў, Род-Айлэнд і плантацыі Правідэнс, Канэктыкут, Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Пенсільванія, акругі Нью-Касл, графства Кент і Сасэкс, Дэлавэр, Мэрылэнд, Вірджынія, Паўночная Караліна і Паўднёвая Караліна, ад імя саміх сябе і жыхароў гэтых калоній, якія даручылі нам прадстаўляць іх у агульным з'ездзе, просім літасцівай увагі Вашай Вялікасці на гэту нашу сціплую петыцыю.

Саюз паміж нашай Маці-Краінай і нашымі Калоніямі, і сіла мяккага і справядлівага ўрада, прынеслі ўжо столькі пераваг, якія так патрэбны і служаць гарантыяй таго, што іншыя краіны не перастаюць здзіўляцца і зайздросціць Вялікабрытаніі, якая стала адной з найвялікшых дзяржаў, якія толькі ведаў свет.

Ворагі краіны, якія не бачылі ніякай магчымасці парушыць гэты шчаслівы саюз праз грамадзянскія непарадкі, разумеючы, якія будуць наступствы, калі гэты саюз застанецца непарушаным, вырашылі спыніць гэты няспынны і цудоўны рост багацця і сілы праз кантроль росту населеных пунктаў, з якіх ішлі гэтыя багацце і сіла.

У выніку адбыліся падзеі настолькі неспрыяльныя для гэтай задумы, што кожны прыхільнік інтарэсаў Вялікабрытаніі і нашых Калоній песціў прыемныя і разумныя чаканні хуткага ўзмацнення сіл саюза Брытаніі і яе калоній праз пашырэнне ўладанняў Кароны і адкіданне адвечных і заклятых ворагаў на большую адлегласць.

Па завяршэнні апошняй вайны, самыя слаўныя і адважныя з ваяроў Караля, Вашы верныя каланісты, якія ўнеслі ў поспех вайны столькі напружаных намаганняў, што спарадзіла выдатныя адозвы Вашай вялікасці, папярэдняга Караля і Парламента, без ценю сумнення ў праве, разам з іншымі краямі Імперыі, чакалі сваю долю ў дабротах міру і ўзнагародах перамогі і ваенных трафеяў.

Хоць гэтыя ганаровыя пацверджанні заслуг каланістаў занесены ў Вашы аўгусцейшыя аналы і запісы Парламента, без абвінавачвання ці нават падазрэння ў якім-небудзь злачынстве, іх ўстурбавалі новай сістэмай законаў і правілаў, прынятых для кіраўніцтва калоній, якія запоўнілі іх розум самым балючым страхам і рэўнасцю, узмоцненых трывогай аб магчымасці больш цяжкіх міжнародных разладаў, выкліканых небяспекай унутры краіны.

Не палегчыла трывогу каланістаў і якая-небудзь рыса гэтай сістэмы, якая магла б садзейнічаць дабрабыту Маці-краіны. Хоць і наступствы гэтай сістэмы былі ў большай ступені і адразу адчуты каланістамі, яе ўплыў пашкодзіў таксама і камерцыі і росквіту Вялікабрытаніі.

Мы не жадаем брацца за няўдзячную задачу апісання розных надакучлівых хітрыкаў, якімі карысталіся многія з Мінстраў Вашай Вялікасці, падманаў, і безвыніковых пагрозаў і некарысных праяваў жорсткасці, якія час ад часу яны ажыццяўлялі, у сваіх спробах выканаць гэты неразумны план, альбо сумнага адрознення паміж Вялікабрытаніяй і нашымі Калоніямі, якое па гэтай фатальнай прычыне расце на працягу апошніх гадоў. Міністры Вашай Вялікасці, якія ўпарта працягвалі сваю справу і прыступілі да адкрытых ваенных дзеянняў, каб дабіцца свайго, прымусілі нас узяць у рукі зброю, каб абараняцца, і ўцягнулі нас у барацьбу, якая настолькі агідна для пачуццяў Вашых верных каланістаў, што, калі мы бачым, каму мы павінны супрацьстаяць у гэтым змаганні, і калі яно будзе цягнуцца далей, якія яно можа мець наступствы, тады наша ўласнае няшчасце мы бачым як толькі частку масштабнай трагедыі.

Паколькі мы ведаем, якія непарадкі і насілле, і няспынную варожасць можа спарадзіць грамадзянскі разлад, які узмацняе супрацьстаянне варожых бакоў, мы лічым сябе абавязаннымі перад Усемагутным Богам, Вашай Вялікасцю, нашымі суайчыннікамі і Вашымі падданымі і перад самімі сабой, неадкладна зрабіць усё, што ў нашых сілах, нават калі гэта нам небяспечна, каб спыніць далейшае праліццё крыві, а таксама каб прадухілць бедствы, якія пагражаюць Брытанскай імперыі.

Такім чынам, мы вырашылі звярнуцца да Вашай Вялікасці па гэтых справах у такі цяжкі момант для Амерыкі, і, магчыма, для ўсіх Вашых валоданняў, мы найшчыра жадаем выконваць гэты абавязак з найвялікшай павагай для Вашай Вялікасці, і таму молімся, каб Ваша Каралеўская вялікадушнасць і добразычлівасць пабудзілі Вас прыняць найлепшыя рашэнні ў сувязі з пачуццямі, выкліканымі такой незвычайнай падзеяй. Калі мы можам выразіць ва ўсёй сіле пачуцці, якія хвалююць розумы Вашых паслухмяных падданых, мы перакананы, што Ваша Вялікасць аднясе ўсе магчымыя адхіленні ад глыбокай павагі, ці то ў тым, што мы кажам, ці нават у тым, што мы робім, не нейкаму ліхому намеру, а толькі як немагчымасці паводзіць сябе як звычайна па прычыне таго, што мы абараняем наша жыццё ад тых хітрых і жорсткіх ворагаў, якія злоўжываюць Вашым даверам і аўтарытэтам каралеўскай улады каб поўнасцю знішчыць нас.

Прывязаныя да асобы Вашай Вялікасці, Вашай сям’і і Урада з усёй адданасцю, якую могуць натхніць прынцыпы і прыхільнасць; звязаныя з Вялікабрытаніяй наймацнейшымі сувязямі, якія могуць аб’яднаць грамадства, і шкадуючыя аб кожнай падзеі, якая можа хоць неяк аслабіць іх, мы ўрачыста запэўніваем Вашу Вялікасць, што мы не толькі горача жадаем аднаўлення былой гармоніі паміж Брытаніяй і нашымі калоніямі, і араджэння былой згоды паміж імі на такой цвёрдай аснове, каб зрабіць дабрабыт вечным і назаўжды спыніць якія-небудзь магчымыя будучыя праяўленні варожасці, дзеля наступных пакаленняў абедзвюх краін, а таксама дзеля праслаўлення імя Вашай Вялікасці ў нашчадкаў той доўгай і гучнай славай, якая жыве ў памяці людзей аб тых славутых дзеячах, чые вартасці і здольнасці ратавалі дзяржавы ад цяжкіх патрасенняў, і, праз забеспячэнне шчаслівага жыцця іншым, узвялі самы высакародны і даўгавечны помнік сваёй славы.

Мы літасціва просім Вашу Вялікасць паверыць, што, нягледзячы на пакуты Вашых верных Каланістаў у ходзе цяперашніх непарадкаў, у нашых сэрцах хаваюцца настолькі пяшчотныя пачуцці да каралеўства, якога мы вядзем свае паходжанне, што мы не можам патрабаваць такіх умоў прымірэння, якія маглі б быць якім-небудзь чынам несумяшчальнымі з яго годнасцю ці дабрабытам. Гэта ўсё, звязанае з Радзімай як і мы, гонар і абавязак, а таксама цяга да Радзімы даюць нам сіл; а калі знікнуць турботы, што цяпер прыгнятаюць нашы сэрцы невымоўным смуткам, то Ваша Вялікасць знойдзе Вашых верных падданых на гэтым кантыненце гатовымі ўвесь час, жыццём і маёмасцю адстойваць і сцвярджаць правы і інтарэсы Вашай Вялікасці і нашай Маці-Краіны.

Таму мы просім Вашу Вялікасць, каб Вашы каралеўскія ўлада і ўплыў маглі быць выкарыстаны нам на палёгку ад нашых страха і рэўнасці, выкліканых сістэмай, аб якой мы пісалі вышэй, і на ўсталяванне міру ва ўсіх землях Вашага валодання, з усёй пакорлівасцю падпарадкоўваючыся мудрым рашэнням Вашай Вялікасці, пра тое, што можа быць мэтазгодным для дасягнення гэтых важных мэтаў, каб Вашай Вялікасці было заўгодна ажыццявіць некаторыя меры, ад якіх злучаныя намаганні Вашых верных каланістаў, у адпаведнасці з іх агульным рашэннямі, былі накіраваны на ўсталяванне шчаслівай і пастаяннай згоды, і каб у пэўны час былі прыняты меры для прадухілення далейшага забойства падданых Вашай Вялікасці, і каб законы, якія чыняць ліха ў Калоніях Вашай Вялікасці маглі быць адменены.

Паколькі мудрасць Вашай вялікасці можа ўрэгуляваць сітуацыю так, каб Вашы амерыканскія падданыя вярнуліся да цвярозага розуму, мы перакананы, што Ваша Вялікасць атрымае даволі здавальняючыя доказы адданасці Каланістаў да свайго Суверэна і Маці-Краіны, што мы жадаем ізноў мець магчымасць паказаць іх, выяўляючы шчырасць сваіх пачуццяў кожным сведчаннем адданасці і зрабіцца самымі паслухмянымі падданымі і самымі далікатнымі ў пачуццях Каланістамі.

Аб тым, каб Ваша вялікасць магла доўга і шчасліва правіць, і каб Вашы нашчадкі маглі кіраваць Вашымі валоданнямі сабе на славу і сваім падданым на шчасце, наша шчырая малітва.

Пераклад Крысціны Тыцюк


  1. Прынята 5 ліпеня 1775 г. Другім Кантынентальным Кангрэсам Злучаных Штатаў Амерыкі