Pro domo sua
Pro domo sua Публіцыстыка Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1919 год Крыніца: Беларуская Думка. — 23 мая 1919. — №12; бач. 2-3 |
PRO DOM SUA.
(Аб нашых адносінах).
Змучаны вайною, аграблены немцамі, даведзены да страшнага голаду беларускі народ нічога больш не жадае, як спакою і добрых варункаў для творчай працы пры будаваньні сваёй сьветлай і шчасьлівай будучыні.
І мы, прадстаўнікі беларускага народа, нічога больш не жадаем, як спакою і можнасьці працаваць для нашага народу.
Адозва Глаўнага Камандуючага польскіх войскаў пана Язэпа Пілсудзкага была прынята намі шчыра і з добрай надзеяй, што усё сказанае ў адозве будзе праведзеным у жыцьцё цьвёрда і моцна, у чым асоба Глаўнага Камандуючага служыць нам моцнай гарантыяй,
Тымчасам адозва польскіх кансэрватыстаў, разьлеплёная у нейкі час пасьля, абліла халоднаю вадою больш гарачыя энтузіястычныя голавы нашых беларусаў. Адозва гэтая, выступаючы глаўным чынам проціў асобы пана Язэпа Пілсудзкага, прымусіла нашых палітычных дзеячоў да халоднай ацэнкі палажэньня і да трыманьня сябе у рэзэрве.
У-сьлед за тым прыйшоўшае зьдекаваньне над беларусамі, выступленьня чорнай прэссы, як „Dziennik Wileński“, вызвало у беларусаў зусім зразумелы тон, каторы хоць і у слабай форме, але мусіў выліцца у адзінай пакуль што беларускай газэце у Вільні.
Чорная рэакцыя, якая запанавала у Вільні, страшэньне падарвала веру і добрую надзею нашых дзеячоў, якія кіраваліся да згоды, лучнасьці і справядлівага разьбіраньня ўсіх спрэчных, а значыцца пякучых і балючых спраў.
Мы заяўляем шчыра, што ня хочам нацыянальнай грызьні, каторая нікому карысьці не прынясе, наадварот — ад душы жадаем стварэньня паміж усімі нацыянальнасьцямі края такіх абставін, каторыя зараз жа далі б можнасьць прыступіць да працы дзеля паразуменьня і тварэньня новага жыцьця.
Знаходзім, што увагі аб «Беларускай Думцы» шаноўнай газэты „Nasz Kraj“ ня зусім справядлівыя. Газэта піша, што стацьці, ў каторых відаць непрыязнь, зласьлівасьць і вузкі палітычны кругазор нашых фэльетоністаў, падбухторываюць ўзаемныя анімозыі, а сваім танным „шыдэрствам“ шкодзяць грамадзкай краёвай справе, для каторай канешне патрэбна добрая воля.
С тым, што ад злосьці бывае шкода грамадзкай справе, мы згаджаемся, адзначаючы, аднак, што нацыянальнага цкаваньня („jątrzenia“) у нас ня было і ня будзе, бо мы не… хрысьціянскі, „Dziennik Wileński“, і закіды аб нідахваце у нас добрай волі, а так сама аб непрыязьні — несправядлівыя.
Мы ведаем, што згода і узаемныя добрыя зносіны наступіць мусяць і што яны наступяць.
Калі-б газэта „Nasz Kraj“ магла хоць на колькі хвілінак стаць на пункце беларусаў і глянуць з беларускага пункту на усё акружаючае беларусоў цяжкое жыцьцё, яна-б зразумела усе стацьці і фэльетоны „Беларускае Думкі“ і не паставіла б нас нараўне с гэтакай чорнасотніцкай газэтай, як „Dziennik Wileński“.
Вось мы і хочам прыступіць да перагавораў, прыймаем выцягнутую да нас — верым, што братнюю — руку і маем добрую волю прыступіць супольна да будовы новага лепшага жыцьця. Уважаем перад усім толькі, што крыўды, зробленныя нам ужо, павінны быць папраўлены.
З гэтых крыўдаў, мэморыял, аб каторых падасьць ўласьцям Беларуская Рада, пазволім сабе некаторыя вылічыць, веручы, што урад пастараецца дзеля агульнай згоды і можнасьці працы паправіць іх і аддаць гэтым самым забыцьцю.
I. Беларускія рукапісы. Рукапісы знаходзіліся у б. бальшавіцкім Камісарыяце Асьветы і мелі быць друкаваны. Друк быў пачаты і цяпер друкаваць далей без рукапісаў нельга. Беларусы прасілі пана камісара Осмолоўскага, каб пазволіў забраць з кватэры Камісарыята Асьветы дадзеныя туды беларускія кніжкі і рукапісы для друку. Пан Осмолоўскі вельмі прыхільна аднёсся да гэтага і даў ліст да пана Яна Пілсудзкага. Прадстаўнік беларусаў быў у пана Пілсудзкага з лістом ад пана Осмолоўскага і прасіў выдаць рукапісы. Пан Ян Пілсудзкі адказаў: „Я нікога пусьціць ў Аддзел Асьветы не магу“. Прадстаўнік беларусаў абразіўся гэткім адказам і выйшаў.
Пасьля шмат хто з беларусаў хадзіў на Вялікую вул. 54, дзе быў Камісарыят, але усё дарма. Толькі нядаўна удалося атрымаць ад загадчыка будынку Камандатуры рукапіс беларускага слоўніка дый то з бракуючымі карткамі, вымагаючымі новай даўгой працы.
Прапалі: бязцэнны для беларусаў зборнік рукапісных вершаў лепшага сучаснага беларускага паэта Янкі Купалы, рукапісы школьных кніжак, рэдкія кніжкі, дадзеныя для перадруку, і некаторыя іншыя брашуры і клішэ.
II. Беларуская бібліотэка. У базыліянскіх мурох асталася пасьля Духоўнай Сэмінарыі бібліотэка, аддадзеная юрыдычна разам з мурамі і усёю маемасьцю б. Сэмінарыі беларускаму Камітэту. На гэта маем паперу. У часе бальшавізма апечатаў бібліотэку пастаўлены бальшавікамі рэквізытар культурных і гістарычных памятак пан доктар Іонас Басановіч.
Цяпер ізноў нашу бібліотэку апечатаў „вядомы у Вільні“ пан Вацлаў Студніцкі. Бібліотэка найхутчэй павінна быць аддадзена нам.
III. Справа арыштаў беларусаў. Найбольш непрыемнай ў вызываючай непрыязьнь і немагчымасьць згоды — гэта справа арыштаў беларускіх дзеячоў. Усіх, каго арыштуюць, вінавацяць ў бальшавізму. Рэвізыі і арышты ніякага рэзультата не далі, бо даць яго не маглі. Рэзультаты былі заўсягды непрыемнымі для беларусаў: рэквізыцыя грошы і безпатрэбнае трыманьне у арышце пры кепскім кармленьні.
Якая мэта была панам „канаркам“ арыштаваць сябра Рады, беларускага дзеяча Яна Станкевіча? Што яны з гэтага скарысталі?
А ўражэньне на беларусаў гэты арышт зрабіў прыгнятаючае!
За што трымаюць на Лукішках беларускага грамадзяніна пачтавіка А. Карабача?
Чаму арыштаваны быў колькі разоў Павал Вашкевіч, сябра беларускае нацыянальна-дэмакратычнае партыі і чаму яго абдзёрлі з ботаў, вопратак і 2.400 рублёў грошы (ёсць сьведкі)?
Чаму арыштоўвалі нашых вучыцялёў?
Ня ужо-ж начальства не адпаведае за учынкі сваіх людзей, каторых пасылаюць з рэвізыямі?
Якім правам паны „канаркі“ забралі штандар „Беларускае Соцыялістычнае Грамады“?
Гэты штандар мусіць быць звернены партыі!
IV. Справа беларускага клюба. Якім правам у беларускі клюб ўваходзяць чужыя людзі у „форме польскіх легіонэраў“ (!), перашкаджаюць сабраным людзям, і якім правам вымагаюць, каб напіс „Беларускі Клюб“ быў польскікі літарамі і каб у салі беларускага клюбу былі польскія арлы?
V. Справа беларускай кнігарні. Чы мае права віленская міліцыя ці паліцыя вымагаць зняцьця вывескі па-беларуску „Беларуская кнігарня“, даводзячы, што яна напісана рускімі літарамі і павінна быць зьменена на польскія літары?
Ня хочам вылічаць усіх фактаў уціску чорнай віленскай рэакцыі, тым больш, што афіцыяльна зробіць гэта Беларуская Рада, мы вылічылі толькі найбольш для нас важныя культурна і асабіста несправедлівасьці, каторыя нам баляць і вызываюць шкодны непатрэбны дыссонанс у агульных адносінах.
Мы верым, што прадстаўнікі польскага ураду шчыра пастараюцца, каб аддаць ў забыцьцё гэтыя вышэй паказаныя крыўды і дадуць нам гэтым можнасьць прыступіць да агульнай працы дзеля дабра цэлага Краю!
Гэтага мы шчыра пажадаем і на гэта мы чакаем!
Юры Олельковіч.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.