Le ciel est, par-dessus le toit

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Le ciel est, pardessus le toit

Аўтар: Поль Вэрлен

Пераклад: Максім Багдановіч


 * * *

Ціхі і сіні блішча над хатай
        Неба прастор
Ціха гайдае ліпа над хатай
        Лісьцяў узор

Ў небе рахманы, срэбраны голас
        Звона гудзіць
Птушкі маркотнай з дзерава голас
        Сумна звініць

Божа мой, божа! Мірна ліецца
        Вокал жыццё
Ў горад ад гэтай цішы ліецца
        Шумнае ўсё.

Што гэта? Слёзы? Што жа зрабіў ты,
        Бледны ад іх,—
Горка паведай, што жа зрабіў ты
        З дзён маладых?

<1911—1912>