І залацісьцей і сталёвей (1926)/Dies irae/Dies irae, dies illa

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скарга і крыўда… Dies irae, dies illa
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Сьцежкі васільковыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




DІЕS IRAE, DIES ILLA…

Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і стагодзьдзяў.
Мохам спавіты Акрополь, руінаю стаў Капітолі.
Мірна гандлююць алівай патомкі Гомэраў і Брутаў.
Мора нязьмерную гладзь прасьвярлілі наўсьцяж браняносцы.
Дзень нямінучага гневу, гадзіна вялікіх змаганьняў,
будуць грымець і чакаць сваіх срэбраструнных Гомэраў;
толькі ня тых, што хрыпяць пра жалезабэтонны Акрополь,
ды барабанамі глушаць срэбрыстыя думкі і песьні.
Дзень неабдымнага гневу, грознай, як сьмерць навальніцы
можна пазнаць толькі ў песьні, нежнай, як майскае раньне.
Будзе і радасьць і шчасьце! І гнеў буйнарадасны будзе…
Шкода, што Рым і Эляда заснулі ў тумане стагодзьдзяў.