І залацісьцей і сталёвей (1926)/Сьцежкі васільковыя/Сьцежкі васільковыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Dies irae, dies illa Сьцежкі васільковыя
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1926 год
Ціхазвонныя ды ласкавыя дні…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬЦЕЖКІ ВАСІЛЬКОВЫЯ.

Сьцежкі васільковыя, думкі буравейныя…
Адзьвінелі раніцы сонечнымі зьвеньнямі.

А цяпер вось словы — цьвёрдыя ды звонкія
пра жыцьцё буянае, пра маю старонку.

Ой вы, казкі дзіўныя, пра пуціны вузкія,
Крыўдай гартаваныя сьлёзы беларускія…

Выйду ў бор стагодні… Дуб з бярозкай поплеч…
Хто раскажа ўнукам, што такое роспач?

Дай, сястрыца, руку мне… Сэрца непакорнае.
Дзе-ж яны, варожыя, што з душою чорнаю?

Ці ў лясох зблудзілі, ці Ў балотах згінулі, —
толькі Воляй, ці няволяй, нашы сьцежкі кінулі.

Былі непагоды, буры ды пожары —
і ня знойдзем па мінулым ні сьлязы, ні жалю.

Толькі часам дзікаю злосьцю кроў набракне —
сэрца гневам выкіпіць — сьлёз няма заплакаць…

Ад таго ўскрываюцца ўсе старыя раны
і адзін я з песьняю — з маладых, ды раньні.

Можа гэта злая сонь ды з гнілымі сокамі…
Над самотай ды над стыньню ўецца думка соколам…

Прыдзе мая любая вечарам лілёвым —
ціханька мне скажа ласкавае слова…

Бура вые поначы рве дубы з карэньнямі —
наша Будучына нас крыўдай ня сустрэне.

Наша Будучына з намі… У пуцінах сініх
поступ цьвёрды і адважны дарам не загіне.

Толькі будуць словы цьвёрдыя ды звонкія
пра краіну залатую, пра маю старонку.

6-VI—26 г.