Пануры шэры дзень, і дождж праз сіта льлецца;
I хмары сунуцца, як сьцень той, як мара,
Варон крыклівых шум, і ветру сьвіст нясецца….
Настала восені дакучная пара.
5 Пажоўклі дрэў лісты, ужо й чарнець пачалі
На нівах пустата, луг скошаны даўно,
I птушачкі ў ляску пяяці перасталі;
Пануры дождж гручыць і бразгае ў вакно.
У жылах стоыгне кроў, шапочучы, як пена,
10 Ня можэ галава спачнуць жаданым сном
Не радуе вачэй адбыўшаяся зьмена:
I няпрытульна ўсё, і нудна ўсё кругом.
У гэты час адзін, прыгнечаны зьнямогай,
Апутаны жыцьця бязьмежнаю нудзьгой,
15 Клапотамі што дня і нейкаю трывогай,
Чакаю…. ці калі надойдзе супакой.
Мне сумна…. я адзін, як стог на сенажаці,
Я драблы, як даўно забыты азярод, —
Ніхто ня ўспомніць на’т, што сірата я ў хаце
20 На згоне дзён маіх…. мо’ ўжо й апошні год!
Калісь … я панам быў сярод прастору поля
У лесе, на лугу, ў гумне быў гаспадар;
Мне усьміхалася паўнюткім шчасьцем доля,
Ніколі і нішто ня схмурывала твар.
25 Як сон за годам год мінуў і кануў у Лету.
Да болі усей душы мінулага шкада, —
У адзіноце я не бачу на’т прасьвету.
Нура зьядае больш, чым госьцейка-бяда.
Ні стройнае дзяўчо, ні мілая жанчына —
30 Ніхто ў тваю душу прыветна ня зірне….
О восені пара! о старасьці хвіліна
Якою страшнаю здаешся сяньні мне!…
|