Перайсці да зместу

1491—1916

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1491–1916
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1916 год
Крыніца: Гоман № 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лета 1491 дакончаны былі першыя друкі беларускія Швайпольтам Фіолям у месце Кракаве.

Гэта былі наагул першыя кніжкі, друкаваныя у славянскай мове. Друкаваліся яны з беларускімі асобеннасцямі у мове, — коштам і накладам беларускіх паноў і княжат — для беларускага народу, і імі пачынаецца беларуская друкаваная літаратура.

У 1517 гаду Доктар Фр. Скарына «дзеля лепшага выразумення люду паспалітаму» друкуе ў Празе чэскай Біблію, перакладзеную на мову нашага народу. У 1525 г. Скарына пераносіць сваю друкарню у Вільню, і ад гэтага часу пачаліся хутка множыцца Беларускія друкарні і друкі.

Віленская друкарня дому Мамонічаў за каралеўскім прывілеем здаволівае дзяржаўныя патрэбы друкаў Вялікага Княжства Літоўскага, каторае судзілася і радзілася ў беларускай мове. З друкарні Мамонічаў выйшлі слаўныя «Статуты Вялікага Княжства Літоўскага», і там жа друкаваліся ўсе афіцыяльныя выдання.

Канец XVI і першая палавіна XVII сталецця адзначаюцца найбольшым развіццем друкаў беларускіх. Пад канец XVII сталецця беларускае друкарства дазнае першых уціскаў, каторыя не спыняліся да самага канца XVIII сталецця. А ў XIX ст. — пад расейскай дзяржавай — і зусім было забаронена друкаваць што- колечы па беларуску. Царскія указы і міністэрскія цыркуляры выкасавалі беларускі народ з ліку жывых нацый.

Пакуль трывала гэта забарона, беларусы карысталіся з рукапіснай літаратуры, каторая множылася і разыходзілася па ўсіх-усюдых, як доўга і шырока Беларусь. Але поруч з гэтым ішлі цішком і беларускія кніжкі, друкаваныя за межамі Расейскай дзяржавы, або друкаваныя у роднай старане патайна. Гэтак у канцы 80-х гадоў у Мінску кружок беларускіх студэнтаў і інтэлігентаў выдаваў патайную часопісь па беларуску пад названнем «Гоман».

Калі ў 1905 гаду у Расеі была заведзена Канстытуцыя і свабода слова, беларускі народ страпянуўся і загаварыў сваей «нелегальнай» мовай — у першай легальнай беларускай газэце «Наша Доля» (ў Вільні). Праўда, што гэты голас беларускага грамадзянства ўласці скора заціснулі і заглушылі, бо з 6 выйшаўшых нумароў былі сканфіскаваны 5. Усёж-такі «Наша Доля» узварухнула беларусаў і паклікала наш народ да грамадскага жыцця.

Пасля закрыцця «Нашай Долі» пачала выходзіць «Наша Ніва», каторая ператрывала ад канца 1906 году да палавіны 1915 г., хоць тры міністэрствы у сваіх цыркулярах прыпаміналі падвластным ім чыноўнікам, каб самі не чыталі і адгаварывалі другіх ад чытання і выпісывання беларускай газэты. Цыркуляры гэткія былі: ад міністэрства асветы, міністэрства унутраных спраў і ад духоўнага ведамства.

Ня гледзячы на гэта, адраджэнне Беларусі не спынялася, а расло з кожным годам, а з ім разам павялічывалася і чысло беларускіх кніжак і газэт. Побач з «Нашай Нівай» ад 1910 году пачала выходзіць часопісь для беларускай інтэлігенцыі «Маладая Беларусь» і сельска-гаспадарскі месячнік «Саха». У 1912 гаду адкрылася беларуская каталіцкая газэта «Biełarus» у Вільні, месячнік для маладзежы «Лучынка» — у Мінску, орґан студэнцкай моладзі «Раніца» — у Пецярбурзе.

Цяпер пачынае выходзіць вось гэты новы «Homan» — наагул, дзявятая беларуская часопісь.