Я ня сокал…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Я ня сокал…
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/650



Я ня сокал зоркавокі,
      Не арол адважны,
Што так думна за аблокі
      Ўзносіцца зь іх кажны.

Нават я не салавейка,
      Што пяе так слаўна,
А я толькі верабейка,
      Ўзрошчаны пад Гайнай.

Як ён, край шаную родны,
      Не ляту ў чужыя,
І зь зімой б’юся халоднай,
      Хоць-та сэрца ные.

Як ён, сеў бы дзе на плоце
      І песьні чырыкаў,
Людцаў родных бы ахвоціў,
      К лепшай славе клікаў.

Як ён сад — я хатку, поле
      Люблю, хоць ня маю,
Зь верабейкавай і доля
      Мая роўна, знаю.

Верабейку стужа з мора
      Або ястраб схваце,
Мяне ж зломе маё гора,
      Ў зямлю кіне спаці.

Над магілаю крыж з хаткай
      Паставяць мне людзі,
Верабейкава ж дзіцятка
      Нада мной пець будзе.

І мне будзе смуткаў меней,
      Лежачы ў заперці…
За жыцьця — сьлёзы, цярпеньне,
      А песьні па сьмерці.

(1905—1907)