Перайсці да зместу

Янку Купалу (Маракоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янку Купалу
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1930
Крыніца: Полымя. – 1930. – № 5/6. – С. 170–171

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Па песнях і думах
Мы любім паэтаў,
Мы з песняю творым
І ў бойку ідзем.
Мы мудрасць вякоў
І сусвету
Знаходзім ў паэтаў
Штодзень.

Мы белыя крыллі
Сваіх рыштаванняў
Авеялі тайнай
Напружных балад.
Мы творым
Вялікае ранне —
Камуну —
На ўвесь далягляд…

І хай навальніцы
Гуляюць часамі,
Хай нехта
Далёкаю крыўдай
Ілжэ, —
Мы кожную цэглу,
Мы кожны камень
Ўздымаем вышэй
І вышэй.

А колісьці сумнай
І крыўднай жалейкай,
Вялікім і змучаным
Шляхам жыцця
Спявалі Вы думы
Тугі-безнадзейкі,
А часам ўзнімалі
Узбураны сцяг.

У Вашых я песнях
Знайшоў навальніцы,
Ўсе фарбы і гукі
Палёў дарагіх,
Пазнаў і красы
Нечуванай крыніцы,
Яе неўміручых надзей
Берагі.

Праз сон на кургане,
Ад спаленых гнёздаў
Вы клікалі к зорам,
На вольны прасцяг,
Вы сэрца,
Вы кроў сваю,
Розум, —
Ўсё кінулі
Ў буры жыцця…

За песні і думы
Мы любім паэтаў,
За кожнае слова,
За кожны радок,
Што нашым агнём
І трывогай сагрэты…
Купала,
Вам гэты вянок!