Янка Купала (Станкевіч)
Янка Купала (у 25-я ўгодкі ягонага творства) Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Адам Станкевіч 1930 год Крыніца: Шлях Моладзі. — Верасень 1930. — №10 (20) |
(У 25-ыя ўгодкі ягонага творства).
Год 1905-ты - гэта час, калі паднявольныя клясы і народы царскай Расеі першы раз адважна, нават з аружжам у руках, запратэставалі проціў няволі.
Вось-жа ў гэтым часе стаўся чутным так-жа голас і беларускага народу, які загаварыў праз вусны свайго найлепшага сына, у хуткім часе вялікага беларускага паэта Янкі Купалы.
Радзіўся Янка Купала (Ян Луцэвіч) 25.VI.1882 г. у фальв. Вязынка, недалёка ад Радашкавіч. Бацькі яго — беларусы-каталікі, дробныя арандатары.
Пасьля сканчэньня пачаткавай школы, бацька Я. Купалы дзеля сваей незаможнасьці вучыць яго далей ня мог. Аднак малады Купала рваўся да навукі і здабываў яе сам праз сябе. Паглыбляў наш паэт сваё саманавучаньне сьпярша ў Пецярбурзе ад 1909 г. да 1913, дзе, дзякуючы захадам першага пасьля Фр. Багушэвіча беларускага адраджэнца праф. Бр. Эпімах-Шыпілы, хадзіў на агульна-асьветныя курсы Чарняева, а пасьля, у 1916 г., вучыўся ў вольным унівэрсытэце ім. Шаняўскага ў Маскве.
Першы выступ Я. Купалы ў беларускай літаратуры быў 15.V.1905 г., калі ў менскай расейскай газэце: „Сѣверозападной край" быў надрукаваны яго першы беларускі верш „Мужык".
Пасьля гэтага творства Купалы расло дужа шыбка у наступным парадку: "Жалейка" (1908) — зборнік вершаў ад 1905 год. у якім ужо відаць вызначаны поэтыцкі талент Купалы, але ў якім пясьняр наш яшчэ бадай выключна селянін. Ён на сваей ліры пяе тут песьні беларускага артая, жняі, касца, пастуха і часта плача над іхняй нядоляй. Ня мае яшчэ так-жа Купала веры ў свае поэтыцкія сілы.
У наступным зборніку „Huślar" (вершы да 1910 г.) індывідуальнасьць Я. Купалы, як паэта, разьвілася значна. Тут ужо зьмест вершаў Купалы ня толькі сялянскі, але значна шырэйшы і глыбейшы. Тут ужо Купала — гэта сьвядомы паэт, пясьняр красы. Аб гэтым нам гавора як зьмест яго вершаў, так і стройна адшліфаваная іх форма.
У часе ад 1910 г. да 1913 вышлі ў сьвет высокай вартасьці зьместам і формай гэткія творы:
"Адвечная песьня" (выд. 1910) — драматычная паэма ў 12-х праявах, дзе пясьняр малюе ўсё жыцьцё беларуса ад нараджэньня да сьмерці;
"Сон на кургане" (1913 г.)- драматычная паэма ў 4-х абразох, у якой, праўда, спатыкаем тыя ж нацыянальныя і соцыяльныя матывы, што і ў творах папярэдніх, але затое ўсё гэта выказана ў большым парадку, глыбей, ямчэй і з вялікім артызмам;
"Паўлінка" (1913 г.) - драматычная сцэна з шляхоцкага жыцьця ў двух актах;
"Раскіданае гняздо" — драма у 5-х актах з сялянскага жыцьця, напісаная ў 1913 г., выданая ў 1919, у якой сымбалічна прадстаўляе пясьняр раскіданую Беларусь.
Урэшце да гэтага самага часу належа зборнік вершаў (1910-1913) „Шляхам жыцьця", у якім Я. Купала, ужо як волат слова і думкі, у высока мастацкай форме кліча народ да нацыянальнага адраджэньня, яркімі фарбамі малюе абраз сьведамага самастойнага жыцьця народу, выказвае любоў да яго мінуўшчыны, разам з народам плача і весяліцца, гнеўна, поўны абурэньня, выступае проціў ворагаў народу. Словам, у творчасьці за гэты час, асабліва ў зборніку, Шляхам жыцьця"; Купала ўжо, вобак з другім нашым найвялікшым паэтам, Якубам Коласам, — вялікі мастак — ідэолёг беларускага адраджэньня, павадыр і прарок народу.
Час сусьветнай вайны і расейскай рэвалюцыі, калі хваля жыцьцёвая кідала песьняра з аднаго месца ў другое, рэч зразумелая, ня быў спрыяючым творству паэта. Дык і ня дзіва, што за гэты час, калі ня лічыць нямногіх вершаў Купалы ў тагочасных беларускіх часопісях, з пад пяра яго нічога выдатнейшага ня вышла.
Толькі аж 1922 г. у Менску вышаў зборнік вершаў "Спадчына" (за час ад 1913 г.), які, як ужо відаць з самай назовы, ёсьць спадчынай мінулых гадоў творства Купалы, спадчынай матываў, думак і ідэолёгіі, так ярка і буйна ўжо выяўленай у зборніку „Шляхам жыцьця".
Урэшце, у 1924 г. у тым-жа Менску, выходзе апошні зборнік вершаў Я. Купалы, так-жа пад характэрным назовам: "Безназоўнае", у якім, апрача старых матываў народна-адраджэнскіх, спатыкаем так-жа матывы на лад новы, бальшавіцкі. У гэтых новых матывах адчуваецца ўжо думка быццам аб найвышэйшым асягненьні беларускага народу пад уладай камуністых, аб яго быццам поўнай самастойнасьці. Аднак матывы гэтыя затушаваныя беларускімі народнымі матывамі.
"О так! я пролетар!...
Яшчэ учора раб пакутны
Сягоньня я зямлі ўладар
І над царамі цар магутны!
Мне бацькаўшчынай цэлы сьвет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... ня збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сьняцца сны аб Беларусі!"
Так, запяяў пясьняр на лад пролетарскі, але песьні гэтай перашкаджае яму адна бяда: яму Сьняцца сны аб Беларусі, бо й далей ён астаўся беларускім народным паэтам, прарокам свайго народу. А гэныя пролетарскія матывы, выражаныя ў форме высока-мастацкай, як і ўсё творства Купалы, — гэта прымусовая дань песьняра часу, дань варункам, у якіх ён апынуўся. Загаловак урэшце „безназоўнае" гавора сам за сябе. Для свайго творства ў бальшавіц кім пэрыядзе Я. Купала не знашоў назову!...
Судзіць аб творстве Купалы апошніх дзён ня маем магчымасьці, дзеля тэй палітычнай мяжы, якая дзеліць Беларусь Заходнюю ад Усходняй. Аднак, на сколькі ведаем, апошнім часам магутная, прарочая ліра Купалы ў Б.С.Р.Р., на вялікі жаль замоўкла. Няма там відаць таго прастору і волі думцы, без якіх немагчымае ніякае сапраўды поэтыцкае творства. А шкада! Я. Купала сяньня йшчэ мае толькі 48 гадоў і народ беларускі могбы ад яго шмат чаго яшчэ большага дачакацца...
А. Сакалінскі.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.