Перайсці да зместу

Янка Купала. Збор твораў — том чацьвёрты (Пушча)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Янка Купала. Збор твораў — том чацьвёрты
Крытыка
Аўтар: Язэп Пушча
1928
Крыніца: Узвышша. — 1928. — №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Янка Купала. Збор твораў — том чацьвёрты. — Сон на кургане — Адвечная Песьня — На папасе — Песьня аб паходзе Ігара — Галька (перакл) Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, 226 стар.. ц 2 р. Менск 1928 г.

Шкада, што Янка Купала пад творамі гэтага тому не паставіў дат. Даты, якраз у гэтым выпадку, рэч вельмі паважная, бо яны дапамаглі-б устанавіць у некаторай ступені позу аўтара да сваіх твораў, а так надзвычай цяжка, напрыклад, гаварыць аб опэры "Галька" Уладзімера Вольскага, якая, здаецца, у друку яшчэ нідзе ня была, і якую аўтар знайшоў магчымым, а мабыць, і патрэбным, выдрукаваць у 1928 г. Наогул цікава было-б ведаць, у якую гэта паласу свае творчасьці Янка Купала выбіраў гэткія творы для перакладу, калі мне здаецца, што яны ідуць ў разрэз з агульнай накіраванасьцо творчасьці поэты. А можа яна якраз адпавядае сучаснаму погляду поэты на поэзію, на шляхі яе разьвіцьця, можа, ён у ёй знайшоў блізкае да свайго сьветаадчуваньне? Акрамя таго, даты ў даным выпадку мелі-б значны ўплыў і на выбар пункту погляду рэцэнзэнта, а адсюль і на ацэнку гэтых твораў: ці зьяўляюцца, скажам, яны жывымі мастацкімі організмамі для сучаснага стану нашае поэзіі, ці можа яны ўсяго помнікі з гісторыі нашай літаратуры, дакумэнты з поэтычнага архіву народнага поэты?

Аднак, ня гледзячы на ухіленьне аўтара ад датаваньня сваіх твораў, усё-ж вядома, што „Сон на кургане", „Адвечная песьня і „На пaпасе" — творы нашаніўскай пары: „Песьня-ж аб паходзе Ігара" зьявілася ў друку ў часы грамадзянскай вайны, пасьля Кастрычніка, — гэта, значыць, твор нашых дзён; магчыма, што і пераклад „Галькі" зроблен у гады рэволюцыйнага дзесяцёхгодзьдзя.

Мы звыклі, з лёгкай рукі нашых крытыкаў, успрыймаць нашаніўскую пару і пару адраджэньня як сынонімы, ня гледзячы на тое, што ў словах нашаніўская пара куды менш зьместу, як у словах пара адраджэньня, — знаку роўнасьці ні у якім выпадку мы сягоньня ставіць ня можам. Што такое нашаніўская пара? Пэўны кругабег часу (1906-1915), зьвязаны з выхадам газэты „Наша Ніва", у які ажывіўся росквіт нашае поэзіі, якая, галоўным чынам, тужылася разьвязаць проблему нацыянальнага і соцыяльнага вызваленьня. Бясспрэчна, што ў гэты кругабег паложан пачатак і пары адраджэньня ў шырокім разуменьні гэтага слова, але толькі пачатак. Нашаніўская пара замкнула сваё кола 1915 г., пара-ж адраджэньня толькі з Кастрычнікавай рэволюцыі перайшла ў новую фазу свайго сапраўднага росквіту, місія якога яшчэ далёка не закончана нават у БССР, ужо ня кажучы пра Заходнюю Беларусь.

Калі мы называем нашаніўская пара, дык адразу ў нашым ваччу з поэтаў вырысоўваецца Янка Купала, як быццам ён вышэй на галаву за ўсіх сваіх сучасьнікаў, па-за гатай парою Янка Купала уяўляецца менш выразна. Ды і ня дзіўна, што так: ён-жа быў на чале нашаніўскай пары, а разам з тым і раньняй пары беларускага літаратурнага адраджэньня. Лёс нашага адраджэньня іншы ад лёсу эўрапейскага адраджэньня, або, сьцісьлей кажучы, італьянскага. Ня буду я ўдавацца ў аналіз гэтага пытаньня ў рэцэнзіі, толькі адзначу, што для італьянскага літаратурнага адраджэньня характэрным зьяўляецца яго духоўная ўвязка з антычнай літаратурай, толькі яно не давала копій з клясычных аўтэнтыкаў, а ўсяго ўспрыняло іхнюю меру апоэтызаваньня, унутраную гармонію, рэалістычныя тоны, жыцьцёвую мужнасьць, а сокі, якімі яна кармілася, былі з нацыянальнай глебы. Таксама характэрна для поэтаў італьянскга адраджэньня, што яны ў сваёй творчасьці бачылі не пабочныя мэты, а якраз творча-мастацкія; гэта дало ім магчымасьць стварыць і новыя формы, жанры, якія ляглі за аснову ўсяе эўропейскай поэзіі. Даволі назваць у лірычным жанры Пэтрарку, каб пераканацца, што эўропейская лірыка аж да Вэрхарна, а нават можа і пазьней, знаходзілася пад яго ўплывам.

Беларускае-ж літаратурнае адраджэньне свой лёс увязала не з антычнасьцю, не з эўропейскім адраджэньнем, за выключэньнем, праўда, М. Багдановіча, а з распадаючымся расійскім сымболізмам ды з другараднымі польскімі поэтамі, адсюль яго і малакроўнасьць. Яно не знайшло ў сабе мужнасьці паўтарыць дантаўскіх слоў аб Гомэры: "Шануйце найвялікшага поэту, які ўзьвіўся над другімі быццам арол", — прыстасоўваючы ўжо іх да Гомера, Дантэ і Шэксьпіра. Гэтымі словамі я ніколі не хочу сказаць, каб беларуская поэзія дваццатага стагодзьдзя ў сям'і эўропейскай была нейкай старамоднай, архаічнай. Якраз не, яна-б была самай малажавай ад усіх іх і самай жыцьцярадаснай, калі б выцякала з антычных крыніц, а не з забросьнеўшых затонаў расійскай і польскай літаратур.

Тры орыгінальныя творы ІV тому Янкі Купалы напісаны поэтам у гады распаду сымболізму, асабліва ў расійскай літаратуры, з якім Купала ўсё ж у нейкім сваяцтве быў і на зьмену якому ўжо ішоў акмэізм, ды не за гарамі быў і футурызм. Праўда, Купалаўскі сымболізм — гэта не Салагубаўскі, не Вячаслава-Іванавага. Сонца Купалы не салагубаўскае сонца. Няма ў Купалы і столькі містыкі, як у Вячаслава Іванавага, і ня бачыць ён цераз яе іскупленьня Беларусі. У Янкі Купалы рэалістычныя тоны ацяняе алегорычнасьць. Сьветаразуменьне Янкі Купалы не прадумана ў пляне сымболічным да яго лёгічнага канца, а таму яго і сьветаадчуваньне ўсё-ж афарбована больш у рэалістычныя тоны. Поэтыку сымболістых Янка Купала вызнаваў, дзякуючы чаму, культуру беларускага вершу ён узьняў надзвычай высока; гэта мы бачым і ў памянёных вышэй рэчах, асабліва гэтага боку яны заслугоўваюць вялізарнай увагіі цікавасьці на'т і ў сучасны момант.

Янка Купала ў гэтых сваіх рэчах выступае, як драматычны поэта, але баюся я зараз прызнаць, што гэта Купалаўскі жанр. Можа, ён яму ня зусім удаўся таму, што гэтыя рэчы распрацованы ўсё-ж у пляне сымболічным, і таму ў іх страціўся найвялікшы гэрой, дзеючая асоба — чалавек; ён тут завэлюмаваны анімізмам і містыкай; можа быць, гэта давала большы ўзьлёт творчай фантазіі поэты, якая ў некаторых мясцох мяжуе з казачнасьцю, але гэта перашкодзіла разгарнуць дзею ў драматычнай роўніцы. Такі глыбокі зьмест і такі драматычны па сваёй пульсацыі мог быць аформлен у такіх яскравых і жыцьцёвых тонах, што можна было-б паўтарыць Гётэўскія словы пра Шэксьпіра: "Нам здаецца, быццам мы стаім перад расхіненымі вялічэзнымі кнігамі самога лёсу".

Праўда, у "Адвечнай песьні" і "На папасе" перапляліся два пляны: містычны і рэалістычны, і вось, дзе пераважае другі, тыя месцы вышлі больш моцнымі па сваёй унутранай сіле і па сваім мастацкім пераконваньні. У „Адвечнай песьні" гэта будуць месцы, прысьвечаныя працы і наогул, дзе словы ўложаны ў вусны чалавека — мужыка. ХІІ песьня яе "На могілках" узвышаецца па сіле дадзенага вобразу да ІV і V сцэн І дзеі "Гамлета" Шэксьпіра, і толькі там — цень дацкага караля, а тут — цень беларускага мужыка, які хоча ведаць, патомкі яго як жывуць:

Ці песьні пяюць, ці як мухі
Ў цянётах гніюць павука?
І ўсё гаварэце мне, духі,
Што зроблена для мужыка.

"На папасе" — рэч самая аўтобіографічная з усіх, зьмешчаных у ІV томе. Тут адразу пад незнаёмым пазнаём мы Янку Купалу, які гаруе над праклятай доляй беларускага народу і які добра ўсё-ж разумее, як гэты народ, у такую цяжкую гісторычную пару, ацэньвае і ўспрыймае яго песьню:

3-ці падарожны:
І песьню так пяе працяжна!..
1-шы падарожны:
Душу, здаецца, рве яна.
2-гі падарожны:
О ці помніш усю чыста?
1-шы падарожны:
Пачатак помню ўвесь.
2-гі падарожны:
А я — сяродак галасісты.
3-ці падарожны:
А мне канец у вушы ўлез.

Мне зараз цяжка сказаць, на колькі даўгавечны гэтыя творы Купалы, які іх лес чакае ў новыя эпохі; ці здолеюць яны там заіскрыцца сваім новым сьветам і жыцьцём і ці расчытаюць нашы патомкі ў іх тое, чаго мы сягоньня ня умеем расчытваць? Гэта пакідаю без адказу...

З перакладаў — два: „Песьня аб паходзе Ігара" і опэра „Галька". Першы пераклад надзвычай удалы як блізкасьцю свайго зьместу да аўтэнтыка, так сваім мастацкім аформаваньнем. Якое мэтрычнае і строфічнае багацьце, а як магутна і вобразна гучыць беларускае мова! Затое нельга гэтага сказаць аб „Гальцы". Шмат сустракаецца зваротаў мовы не беларускай, польскай, а таксама слоў і націскаў; ды і наогул дзіўна, чым магла зацікавіць гэта шляхецкая опэра Купалу? Твор сам па сабе маламастацкі, — няўжо тым, што Манюшка напісаў да яго музыку? Да рэчы, яшчэ некалькі слоў аб мове купалаўскіх орыгінальных рэчаў гэтага тому, хоць вельмі не хацелася б мне аб гэтым гаварыць, але неяк становіцца няёмка, самому не па сабе, калі чытаеш у Купалы такі звароты:

Як фігуры выразаны,
Як бібулы маляваны.

Наогул скарочаны канчатак у прыметніках беларускай мове не па духу, а ў Янкі Купалы сустракаецца даволі часта.

Або ўжываньне такіх слоў: жалосна, папсуе, разьменіць, балесьне, бескарысьне, ісьненьня... ці: пахалі, абшырна, жалее, прыгадзіцца.. і ўрэшце, як фінал, такі радок: Калі бяда ў хаце.

Высноў я ніякіх рабіць ня буду, а ўсяго яшчэ зазначу на адно: калі зараз маладым нашым поэтам на кожным кроку крычаць — выкарыстоўвайце культурную спадчыну, дык я мушу ад сябе зазначыць: у першы чарод зьвярнецеся да поэзіі Янкі Купалы.

Я. Плашчынскі


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.