Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Што такое сыфіліс

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Што такое сыфіліс
Артыкул
Аўтар: Іван Цвікевіч
1925 год
Што такое зараза сыфілісу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1. Што такое сыфіліс.

Сыфіліс, або, як у нас кажуць „пранцы“, гэта прычэплівая, заразьлівая хвароба. Хваробай гэтай можа заразіцца кожны. Зараза сыфілісу можа прычапіцца і да груднога дзіцяці і да старога. Сыфілісам можа захварэць як мужчына, так і жанчына. Перад сыфілісам, як кажуць, усе роўныя.

Раней думалі, што сыфілісам заражаюцца і хварэюць толькі дарослыя людзі, якія вядуць распуснае жыцьцё. Думалі, што зараза сыфілісу прыстае толькі да плоцьных органаў мужчыны (або жанчыны), пры плоцьных зносінах здаровага з хворым. Дзякуючы гэтаму, сыфіліс залічылі да так званых плоцьных хвароб. Называюць яшчэ сыфіліс вэнэрычнай хваробай, ад імені грэцкай багіні каханьня Вэнэры[1]).

Раней людзі думалі, што сыфіліс — гэта наскурная хвароба. Думалі, нібы зараза сыфілісу ня йдзе глыбака ў цела: у кроў, у косьці, у мазгі і ва ўсе іншыя часткі цела. Думалі, нібы зараза сыфілісу астаецца толькі на скуры і творыць тут высыпкі, балячкі і раны.

Раней людзі ня ведалі і таго, што зараза сыфілісу пераходзіць ад хворых сыфілісам бацькоў на ёх патомства — і ня толькі на дзяцей, а нават і на ўнукаў.

Шмат год вучоныя дактары вывучалі сыфіліс, але затое ўсебакова высьветлілі і ўсё растлумачылі пра гэтую хваробу. Побач з гэтым, дактары знашлі добрыя і пэўныя спосабы лячэньня сыфілісу.

Мэдыцынская навука кажа аб сыфілісе вось што. На тым месцы, дзе прышчапілася зараза сыфілісу, зьяўляецца чырвоны маленькі прышчык. Гэта першая азнака сыфілісу зьяўляецца не адразу пасьля заражэньня, але праз два-тры тыдні. Прышчык праз пару дзён пераходзіць у ранку цёмна-чырвонага колеру. Калі памацаць гэтую ранку (узяць з бакоў двума пальцамі), то спод гэтай ранкі цьвёрды, як храсток (Дзеля гэтага і называюць гэтую ранку — цьвёрды шанкер).

Праз два-тры тыдні ранка загойваецца, але на гэтым хвароба ня спыняецца. Ранка—гэта толькі пачатак сыфілісу, гэта толькі першы сыгнал, што чалавек захварэў цяжкай хваробай — сыфілісам.

З раны зараза сыфілісу пераходзіць у кроў і з кроўю разносіцца ва ўсе куткі цела.

Праз пяць або шэсьць тыдняў хвароба зноў дае аб сабе вестку. На скуры зьяўляецца высыпка — невялічкія ружовыя плямачкі. Найгусьцей высыпка бывае на бакох грудзей і жывата. На твары высыпкі ня бывае. Часамі высыпка бывае такая малая, што хворыя не зьвяртаюць увагі або зусім не прыкмячаюць яе. У адных выпадках высыпка праз некалькі дзён зьнікае, а ў другіх — трымаецца некалькі месяцаў.

Адначасна з высыпкай, хворы адчувае боль галавы (асабліва ўначы), слабасьць, ламоту ў касьцях і суставах. Вылазяць валасы ў розных мясцох галавы і ўтвараюцца маленькія лысінкі. Праз нейкі час валасы ізноў адрастаюць.

Далей аб‘яўляюцца ў падпахах, вакол кутнічнай дзіркі, а ў жанчын і пад грудзямі — балячкі, з якіх цячэ пасака. Падобныя балячкі зьяўляюцца ў роце, у горле і нават у дыхніцы, ад чаго голас у хворых робіцца сіпаты.

Усе гэтыя высыпкі і балячкі праз нейкі час зьнікаюць, а пасьля зноў аб‘яўляюцца. Агульнае здароўе ўсё болей і болей руйнуецца, але час-ад-часу хворы як-бы папраўляецца і чуе сябе лепей.

Гэтак справа цягнецца два альбо тры гады. Але далей сыфіліс пачынае ўзмацняцца, пачынае хутка і моцна руйнаваць здароўе і ўрэшце вядзе чалавека да сьмерці.

Зьяўляюцца вопухі па ўсім целе: у касьцях, у мясе, у скуры, у носе, у печані, у лёгкіх, у вачох і мазгох.

Гэтыя вопухі распадаюцца, і на іх месцы ўтвараюцца вялікія раны, з якіх цячэ жоўты гной.

Калі зьявіцца вопух у вачох—чалавек сьлепне, калі зьявіцца ў мазгох, то робяцца паралюшы ног і рук, вар‘яцтва і сьмерць.

Гэтак ідзе хвароба, калі яе зусім не лячыць, ці лячыць абы як. Калі пачаць добра лячыць ад самага пачатку хваробы; то ўсіх апісаных высыпак, балячак і вопухаў ня будзе.

Калі пры пачатку хваробы зьвярнуцца да доктара, дык можна зусім вылечыцца ад сыфілісу.

Ня лечаны або мала лечаны сыфіліс пераходзіць ад хворых бацькоў на дзяцей і нават на ўнукаў.

Значыцца, сыфіліс нясе з сабою вось што:

1) Высыпкі, вылязаньне валасоў, балячкі, раны, боль галавы, ламоту ў касьцях і суставах, вопухі, западзеньне носу.

2) Заражоны сыфілісам не павінен жаніцца (або выйсьці замуж), бо заразіць жонку (мужа).

3) У хворых сыфілісам родзяцца або мёртвыя дзеці, або жывуць заражоныя сыфілісам і шмат церпяць ад іэтай хваробы.

4) Хворы на сыфіліс траціць радасьць жыцьця, траціць здольнасьць да працы, заўсягды нядужае.

5) Пад канец хваробы можа быць паралюш ног або рук, сьлепата, а то і раптоўная, наглая сьмерць.


  1. Плоцьных або вэнарычных хвароб усяго тры: 1) мяккі шанкер, 3) трыпэр і 3) сыфіліс.