Перайсці да зместу

Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Што такое зараза сыфілісу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Што такое сыфіліс Што такое зараза сыфілісу
Мэдыцынская праца
Аўтар: Іван Цвікевіч
1925 год
Ці можна простым вокам убачыць заразу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2. Што такое зараза сыфілісу.

Сыфіліс ― заразьлівая хвароба. Гэта азначае, што сыфіліс перадаецца праз нейкую заразу, якая пераходзіць ад хворага на здаровага.

А што-ж гэта ёсьць за штука—гэтая самая зараза, які яна мае выгляд, як яна перапаўзае з аднаго чалавека на другога? І яшчэ цікава ведаць, як можна ўсьцерагчы сябе ад заразы, як не дапусьціць яе лезьці ў цела? Аб гэтым і будзе зараз гутарка.

Што мы робім, каб усьцерагчыся ад злодзея?

Увечар добра замыкаем хату, хлявы, абору і іншае, спускаем з ланцуга сабаку, каб ён у выпадку чаго сваім брэхам абудзіў нас. Калі ўдзень выходзім з гасподы далёка ў поле ці на сенажаць, то пакідаем каго-небудзь у хаце, або таксама ўсе будынкі добранька замыкаем на замкі. Чаму кожны гаспадар гэтак робіць? А таму, што ведае ці з уласнай бяды, ці з апавяданьняў іншых гаспадароў, як злодзей дабіраецца да дабра. Ведае, што злодзею спрытней украсьці з адчыненай хаты, чымся з добра і моцна зачыненай. Нанач гаспадар усё аглядае і зачыняе, бо ведае, што злодзей найчасьцей крадзе ўначы, калі цёмна і ўсе сьпяць.

Што трэба рабіць, каб усьцерагчыся ад пажару?

Тут ізноў кожны гаспадар дасьць раду. Ён скажа, што нельга, выходзячы на доўгі час з хаты, асабліва, калі ў хаце застаюцца малыя дзеці, пакідаць незамкнутымі сернічкі альбо пакідаць запаленую печ. Выходзячы з хаты ўвечар, нельга пакідаць з дзяцьмі лямпу на стале, а трэба прымацаваць яе высака на сьцяне, каб дзеці не маглі дастаць. І яшчэ гаспадар скажа, што нельга курыць у пуні ці ў хляве, дзе ёсьць сена і салома, што небясьпечна хадзіць у вечар аглядаць жывёлу з лучынаю ці сьвечкаю, а лепш браць ліхтар. Скажа, што нельга раскладаць вогнішча блізка ля будоўлі, бо ад іскры можа загарэцца саламяная страха. Наагул, наконт пажару кожны гаспадар дасьць багата розных радаў і раскажа шмат прыгод, з якіх ясна будзе, чаго трэба асьцерагацца, каб ня выклікаць пажару.

Чаму-ж гэта гаспадары ўмеюць параіць, як усьцерагчыся ад пажару? Да таму, што ведаюць, ад чаго найчасьцей здараюцца пажары, ведаюць прычыну, якая можа выклікаць пажар, ведаюць варункі, пры якіх лягчэй усяго можа выбухнуць пажар.

А спробуйце пытаць гаспадара, як абараніць у садзе дрэвы ад вусеню. Ён параіць вам у глыбокую восень абчысьціць скрабачкаю кару на дрэвах ад моху і лушпінак, пад якімі схованы зародкі будучых вусеняў. Ён параіць раньняй вясною абмазаць дрэвы вапнаю, якая патруціць або заклеіць у шчылінках кары ўсялякую шкадлівую брыду.

Гэтыя рады спрактыкаваны гаспадар дасьць вам таму, што ведае, адкуль бяруцца вусені, ведае, дзе хаваюцца зародкі вусеняў.

Зусім што іншае будзе, калі спытаецеся гаспадара, як усьцерагчыся ад якой-небудзь заразьлівай хваробы, прыкладам, ад брушнога тыфусу ці ад крываўкі.

На гэткае запытаньне ён або нічога ня скажа, або напляце, што ад хваробы ня ўсьцеражэшся, што хваробы пасылае бог на грэшных людзей, што бяз волі боскай і волас з галавы не ўпадзе. Адным словам, нагаворыць ліха ведае што.

У чым-жа тут справа? Чаму гэта людзі, калі ў іх пытаюць рады, як усьцерагчыся ад злодзея, ад пажару, ад вусеняў у садзе, дык яны насыплюць вам рад цэлую торбу і да гэтага дакладна растлумачаць, што, як і да чага, а калі запытаць у гэтых-жа людзей, як усьцерагчыся ад заразьлівай хваробы, дык яны ня ведаюць, як параіць.

Гэта зусім зразумела — і вось чаму.

Ня толькі такі гаспадар, які часта ў горадзе бывае, у войску служыў і сьвет бачыў, але самы маласьвядомы і няпісьменны селянін з глухой вёсачкі ведае, што гэта за штука злодзей, ведае, што гэта — чалавек, які мае голаў, ногі, рукі і іншае, як і ўсе людзі, але ён з голаду ідзе красьці. Кожны селянін не адзін раз бачыў, а можа і не адзін раз тушыў пажар у вёсцы. Хто з сялян ня зьведаў жару ад вагромністага полымя, якое жудаснымі хвалямі кідаецца ад ветру ва ўсе бакі і запальвае страху за страхой?..

Дык і ня дзіва, што чалавек лёгка можа расказаць і даць раду, як усьцерагчыся ад таго, што ён сам бачыў на ўласныя вочы і што для яго добра зразумела.

Але як-жа чалавек можа нешта раіць ад заразьлівай хваробы, калі ён сам нічога ведае аб заразе?

Ня ведае, бо ніколі ў жыцьці і ў вочы ня бачыў гэтае заразы, ніколі ў руцэ ня трымаў і ня ведае, нават, як гэтая самая зараза выглядае: маленькая яна ці вялікая, шэрая ці зялёная. Нават ня чуў ад іншых людзей наконт выгляду заразы. Просты чалавек не дае веры гутаркам аб заразе, а часамі думае, што ўсе гэтыя гутаркі аб заразе толькі хлусьня адна.

Вось-жа вучоныя дактары, якія здаўна вывучаюць заразьлівыя хваробы, убачылі заразу і давялі ўсяму сьвету, што зараза гэта ня ёсьць выдумка. Вучоныя дактары знашлі спосаб разглядаць заразу і бачыць, як яна сапраўды выглядае, як жыве, чым корміцца, як плодзіцца, як трапляе ў цела чалавека і што робіць там унутры чалавечага цела.