Перайсці да зместу

Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Ці магчыма вылечыцца ад сыфілісу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад бацькоў, хворых на сыфіліс, родзяцца сыфілістычныя дзеці Ці магчыма вылечыцца ад сыфілісу
Мэдыцынская праца
Аўтар: Іван Цвікевіч
1925 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




8. Ці магчыма вылечыцца ад сыфілісу.

Людзі, якія мала знаёмы з мэдыцынскай навукай, трымаюцца погляду, быццам сыфіліс ― гэта невылячымая хвароба.

А мэдыцынская навука кажа іначай. Яна кажа, што сыфіліс ― цяжкая хвароба, што сыфіліс трудна вылячымая хвароба, але ўсё-ж ткі вылячымая хвароба.

Калі сыфіліс пачаць лячыць, як толькі ён аб‘явіўся і правесьці лячэньне пад наглядам доктара-спэцыялістала, дык можна сыфіліс вылечыць у працягу 4 або 6 месяцаў. Тут трэба дадаць, што посьпех лячэньня шмат залежыць ад агульнага здароўя захварэўшага на сыфіліс. Калі чалавек дарослы і дужы, дык яго можна шпарка лячыць, бо ён вытрымае і вялікія порцыі лякарства. На працягу лячэньня хворы не павінен піць ні піва, ні гарэлкі, іначай ніякае лякарства не паможа. Наогул, трэба сумленна і няўхільна спаўняць усе загады доктара, іначай доктар ня можа адказваць за добрыя скуткі лячэньня.

А што рабіць, калі сыфіліс запушчаны і хвароба моцна ўкаранілася ў цела? Усё роўна трэба, не марудзячы, пачынаць Лячэньне ў доктара. Цяпер ёсьць ужо такія лякарствы, якія спыняюць разьвіцьцё хваробы, нават моцна запушчанай.

У бацькоў-сыфілітыкаў, калі яны добра лечацца, родзяцца здаровыя дзеці.

Калі хвароба запушчана, то лячыцца трэбі даўжэй — два або тры гады.

Кожны, хто хварэў на сыфіліс, нават пасьля лячэньня час-ад-часу (раз у поўгода) мусіць заходзіць да доктара на агляд і параду, каб праверыць сваё здароўе. Гэта трэба рабіць дзеля таго, што бываюць здарэньні, калі запушчаны і мала лечаны сыфіліс праз пяць, дзесяць і нават дваццаць год раптам ізноў аб‘яўляецца. Вось-жа, каб ня здарылася гэткай раптоўнай бяды, трэба наведвацца да доктара, які заўчас можа папярэдзіць раптоўны выбух хваробы.

Цяпер дадзім адказ на запытаньне — ці могуць сыфілітыкі жаніцца або выходзіць замуж? Мужчына або жанчына, якія хварэлі на сыфіліс, маюць права пабрацца з здаровым чалавекам толькі тады, калі яны добра ў свой час лячыліся ў доктара і ад доктара атрымалі дазвол на шлюб.

Кожны, хто хварэў на сыфіліс, мусіць перад шлюбам параіцца з доктарам, іначай будзе вялікая бяда для сям‘і і для патомства.

Канчаючы нашу гутарку аб сыфілісе, добра запомнім вось што: усьцерагчыся ад сыфілісу куды лягчэй, чымся вылечыцца ад яго.