Як кароль ў паход выходзіў (Канапніцкая/Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Як кароль ў паход выходзіў
Верш
Аўтар: Марыя Канапніцкая
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Поўны збор твораў у 9 т. Том 1 — Мінск, Маст. Літ., 1995


Як кароль ў паход выходзіў,
Голаз зычных труб праводзіў,
Залацісты сурмы йгралі
На пабеду ў добрай хвалі.

А як Стах пайшоў на бітвы,
Зашаптаў яму малітвы
Цёмны лес ды жыта ў полі
На нудоту, на нядолю.

На вайне ўсцяж кулі свішчуць,
Як касою людцаў нішчаць,
Каралі найлепей б’юцца,
Мужыкі ж найбольш кладуцца.

Шалясцяць сцягі шаўковы,
Недзе крыж скрыпіць вясковы;
Стах ад раны умірае,
А кароль здароў вяртае.

У вароты як уехаў,
Выйшла зорка на пацеху,
І усе зайгралі звоны
На ўсе светавы староны.

Як дол мужыку капалі,
Зашумелі дрэвы ў далі,
Зашумелі праз дубровы
Тыя кветачкі ліллёвы.

(1907?)