Як Базыль у паходзе канаў…
Як Базыль у паходзе канаў… Верш Аўтар: Максім Багдановіч 1915 Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/379 |
* * *
Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю снамінаў.
— Вы прашчайце, прашчайце, шнуры,
Вы прашчайце, негараныя!
Мне вас болі ужо не гараць,
Буйным збожжам на зары не засяваць.
— Не пабачу я цябе, цёмны луг,
Поле чыстае, раздольнае!
Мне па вас ужо ніколі не хадзіць,
Мне зялёнай травы не касіць.
— Расстаюся я з табой, шчыры бор,
Пушча цёмная, драмучая!
Мне твой шум ужо болі не чуваць,
Мне высокіх сасон не рубаць.
— Ах, прашчай ты, сямейка мая,
Вы прашчайце, таварышы!
Ўжо ня прыйдзецца да сэрца прытуліць,
Пасядзець, пажартаваць, пагаманіць.
— Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,
Ўся староначка бяздольная!
Не забыў твой сын сваей маці,
За цябе ў зямлі яму ляжаці.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.
(1915)