Эміграцкая песня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

Эміграцкая песня

Аўтар: Максім Багдановіч (1914)


Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.

І няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на свеце не маюць.
Ўсё ім роўна: ці жыць, ці загінуць, —
Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краях незнаёмых,
Ды зазнаць там і шчасця і гора,
І загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора.

Але мы — не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба.
Не рассталіся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.

І на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
І агні партавыя Лібавы.