… І вось зіма. Ірдзельныя абрусы,
як для ўрачыстасьці, пасланы на палёх.
Здаецца сьвет увесь радзімай Беларусьсю, —
так любы мне і Захад і Усход.
Выходжу сьцежкаю, выходжу ў поле;
шляхі прасторныя і клічуць, і завуць.
Здаецца, што й тугі ня ведалі ніколі,
бо думы зорныя нітуюць галаву.
Ідзеш упэўнена — тады і не павалішся…
Палі зацьвітаюць сьнягамі і зарой.
Вось нашы ворагі, а вось — таварышы,
тады 'шчэ больш напорны крок.
Ня нам прапасьці, ня нам загінуць!..
Хай зубы ляскаюць у роспачы ў другіх…
… Сьнягі… зіма… імкненьні не застыгнуць,
калі сьвет будучы так моцна дарагі.
Няхай асьвяне моладасьць сваім абліччам,
а непакорны дух ня кіне вымагаць,
бо нашых дзён — вякамі не падлічыш,
ня ведаем амягі у нагах.
Выходжу сьцежкаю, выходжу ў поле:
шляхі прасторныя і клічуць і завуць.
Здаецца, што тугі — ня ведалі ніколі,
бо думы зорныя нітуюць галаву.
І вось… зіма. Ірдзельныя абрусы,
як для ўрачыстасьці, пасланы на палёх.
Здаецца сьвет увесь радзімай Беларусьсю,
так любы мне і Захад і Усход.
|