Перайсці да зместу

Шчаслівая дарога (1935)/Вучоны сабака

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адкуль і куды на дарозе сляды Вучоны сабака
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1935 год
Комунізм — змяце граніцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вучоны сабака

1

Чуе Грышка, нехта будзіць,
Трасучы яго за грудзі.
І, праз сон, як загалосіць:
Бацька тут — яму здалося.
— Уставай, чаго гарланіш?
Ружавела ўжо світанне,
Сонцу шлях цярэбіў золак.
Праз галіны росных ёлак
— Уставай, хутчэй, бяздомак!
Грышка глянуў — незнаёмы
Перад ім стаіць армеец.
— Скуль, хлапчук, чаго гібееш?
— Я ўцякач… Ад бацькі… Ў горад…
Хутар Ліпы… Блізка Горак…
— У-ця-кач?! Такая справа,
Што са мной ідзі ў заставу.
Я цябе ў заставе здам там,
Пагаворыш з камендантам.
І пайшлі… На ізгатоўку
Ўзяў патруль сваю вінтоўку.
Грышка звяў, стаў белы-белы,
Ўсё-ж спытаўся, хоць нясмела:
— А якая гэта справа,
Што вядзеш мяне ў заставу?

— Як-жа так, дзе ты ляжаў,
Там якраз ідзе мяжа.
Бачыш, вунь, сядзібу тую?
Там яшчэ жывуць буржуі!

Хутка вышлі на паляну,
Грышка, стомлены зусім,
Зноў у бок граніцы глянуў,
Як на злосць, і муць туману
Слепіць вочы, быццам дым.

2

— Што тут вышла, што такое? —
Думаў Грышка з неспакоем;
— Што начальніку скажу,
Як папаў я на мяжу?
Доўга думаў і рашыў:
— Справа ў тым, што я зблудзіў,
І нічога мне не будзе,
Мала хто бывае блудзіць?
Больш за ўсё ў яго трывога —
Да бацькоў адвесці могуць.
Бацька — ведама, кулак —
Добра дасца Грышку ў знак.

3

Начзаставы глянуў пільна,
Слухаць Грышку стаў прыхільна,
А расказваць Грышка можа —
Шчыра, горача, прыгожа.

— „Так што з бацькам не ў ладох
Год прыблізна каля трох.
Кожны раз збярэ ўраджаі,
Ў яму ссыпе, захавае,
Стогне, скардзіцца штодзенна,
Што яму жывецца дрэнна.
Не сцярпеў я і знарок
Ад такога бацькі ўцёк“.

На хлапца начальнік глянуў
Вокам вострым, гартаваным,
І падумаў:
— Вось дык справа,
Гэта-ж нават і цікава,
Каб падростак-кулачок,
І абмыты, і абуты,
Як ад здзеку, ад пакуты,
Ад сваіх бацькоў уцёк…

— Што-ж такога, хоць і рэдка,
Можа быць выпадак гэткі,
Ён уздыбіцца, як вецер,
І пакоціцца, як гром:
Слава дзецям!
Слава дзецям!

— Як-жа быць з уцекачом?

Ёсць адвечны сказ народа:
Цягне ў лес ваўка заўсёды.
А калі на спробу ўзяць?
Мо‘, прайшоўшы нашым ходам,
Сам ваўкоў пачне знішчаць?..

Грышка ловіць, ловіць жвава,
Зрок начальніка заставы.
Сэрца б‘ецца палахліва
І чакае нецярпліва:
— Што ён скажа, як асудзіць?
Што тут будзе?.. Што тут будзе?

4

Вышла гэтак: неўзабаве
Начзаставы сеў на лаве
З Грышкам, як арыштаваным,
І сказаў:
— Відаць адданы.

Што-ж тут доўга гаварыць,

Хочаш разам з намі жыць?
Заблішчэлі ў Грышкі вочы
І крычаць: „Ён хоча, хоча!
Шчыра дзякуй, шчыра дзякуй,
Будзе ўпорысты ваяка!“
— Вось і ўсё. А на бацькоў,
Як і іншых кулакоў,
Выйдуць з сілаю другою
Ў наступленне баявое.
Бачу я, што ты здаволен
Жыць, вучыцца ў нашай школе.
Пойдзем, я аддам загад,
Адвязуць цябе ў атрад.
Школа там і інтэрнат!
Разам з школьнікамі, браце,
Будзеш жыць у інтэрнаце.

5

Грышка рад і не рад.
Што такое інтэрнат?
Што рабіць са мной там будуць?
Зноў цярпець бяду-маруду?
Вось дык гора, вось дык гора!
Адпусціў-бы лепш у горад.
Працы там заўсёды шмат.
Не хачу я жыць у кратах,
Што мне тыя інтэрнаты,
Я ўцякаў не ў інтэрнат!

Я даўно імкнуўся ў горад,
І… няхай пад градам куль,
Горад, горад!
Любы горад,
Я ўцяку, ўцяку адсюль!
Думкі ходарам хадзілі,
Не асмеліўся-ж сказаць,
Каб у горад адпусцілі
А рашыў, — каб не скарылі,
Як на крыллях, уцякаць!

6

Шлях праверыў пільным вокам,
Непрыкметна, бокам-бокам
Даў, як заяц, ла-та-ты
Праз дарогу — у кусты.
Каб не збіцца, не зблудзіцца,
Не папасці за граніцу,
Стаў, зірнуў на небакрай
І — давай,
Давай,
Давай!..
Бег што сілы, голле хрушчыць,
Хруст гудзіць лясною гушчай.
Раптам — выскачыў з кустоў
І да Грышкі падбягае
І на Грышку нападае
Востразубы шэры воўк.
Грышка струсіў, здаў, заплакаў,
Хоць напаў зусім не воўк,
А вучоны зух-сабака
Пагранічнікаў-байцоў.
Падышоў патруль, адразу
Папытаў: — Куды, адкуль?
Грышка блытана расказваў.
— Штось хітрыць, — смікнуў патруль.
Грышка ўвесь збялеў і нават
Не паспеў абцёрці слёз —
Зноў вядуць яго ў заставу
Як злачынца на дапрос.