Перайсці да зместу

Штурм (1930)/Поэмы/Парыж у агні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Горад вятроў Парыж у агні
Паэма
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Далёкі рэйс
Іншыя публікацыі гэтага твора: Парыж у агні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАРЫЖ У АГНІ

… Шуміць Парыж
вясельлем чужаземцаў,
Агні рэклам
ня тушыць нёбасхіл.
Тут пераможцаў баль
Крывёю адгукнецца
Для тых, што плакалі
за нейчыя грахі.

Гульлівых вуліц
лякавыя тоны,
Кюрэ, банкір
і фабрыкі ў ярме…
Удар па іх
Вандомскаю колёнай[1],
рабочыя
прадмесьця Сэн-Жэрмэн!

Сэн-Антуан
і дымары Манмартра,
Блакітнай Сэны[2]
пенны перагіб, —
Прад бойкай новаю,
перад апошнім стартам,
Ці помніце вы
цені дарагіх?!

Тады сьвінцом гулі
старынныя кварталы,
Тады колёны слаў
на барыкады Т‘ер…
Цяпер усё інакш.
Нібы парадак сталы
І каты новыя цяпер…
Шотан, Тардзье.


∗     ∗

… Кладзецца ноч над вежамі Версалю,
Але ўспамінаў жах
разгоніць млявы сон.
Мы бачым скрозь туман:
крывёй спавіты далі,
Гараць сьцягі над мурмарам колён.

Мы бачым зноў
скрозь дым Мон-Валер‘яну —
Ляжыць Дамброўскі…
Побач Дэлеклюз.
Той люты дзень бязьлітасна параніў
Так шмат сыноў
рабочых, сініх блюз…

Акраін сум! Стараюцца вэрсальцы…
За імі — золата і шчасныя паны.
Ну, што-ж, калі ў тузе
заломіць маці пальцы,
Як стануць пад расстрэл
каханыя сыны?..

Там несла кроў
на хвалях мутных Сэна,
Ўставаў жудасны, вычарнены дзень.
І быццам цень забітага Варлэна
На бой склікаў
замурзаных людзей…


∗     ∗

Ўсё адышло ў гадоў імклівай веі.
Гулянкай, як калісь,
Зазьзяў Булонскі лес.
Дзе трупы змагароў
за праўду, за ідэі, —
Цяпер расьце трава
на цьвінтары Ля-шэз…

І надыходзіць дзень…
Прасторам цёмна-сінім,
Дзе вежа Эйфэля — уецца хмарай дым.
і як трывожна там,
дзе успаміны гінуць
І быццам пісагі — прапечаны сьляды!


∗     ∗

Парыж у вагні…
Хай рыдаюць сірэны
І ёрзае нехта ў бліскучым аўто.
Ў апошнім прыбоі ўзьбярэжная Сэны
Пабачыць яшчэ раззлаваны натоўп!

Пад сьцягам Комуны
найноўшай, вялікай.
Што дух рэволюцыі ў сэрца расьціла;
Паўстануць мільёны ў запале і кліках
На штурм захаваных вякамі Бастылій!


  1. Помнік Напалеону
  2. Рака ў Парыжы