Што трэба разумець пад найменьнямі — Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне
← Аб значэньні слова «бонда» | Што трэба разумець пад найменьнямі — Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 3, жнівень 1923 г., б. 52-53 |
Умец, мастак, кудзьбіт → |
Што трэба разумець пад найменьнямі— Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне. Першапачатковыя ўсе славянкія і заходна—эўропэйскія летапісцы унясьлі гэткую блутаніну ў найменьня славянскіх плямён, што трудна з іх выбрынуць гістарычнай навуцы дагэтуль. Між іншымі найменьнямі славянскіх плямен упамінаюцца вельмі часта — Паляне Дрыгвічы, Дрэўляне. Палян мы Знаходзім на палуднёвых, украінскіх стэпах, над Віслай і над Лабай. Гэтак сама Дрыгвічоў называюць на Палесьсі, каля, Солуня і на Балтыцкім паморы. Дрэўляне, падобна папярэднім найменьням, фігуруюць ў розных старонах разсяленьня славянаў.
Шмат што з гэтай дзедзіны выясьніла, навейшая этнографія, якая цьвердзіла, што такія назовы як—Паляне, Дрэўляне, Дрыгвічы, не зьяўяюцца племяннымі, а даюць толькі характэрыстыку людзям, паводле заселенай імі тэрыторыі. Гэтак, напрыклад, тыя-ж самыя беларусы, жыхары аднаго і таго-ж павету зьвязаныя паміж сабой сувязямі кроўнасьці, нічым адны ад адных ня рожнячыяся ні ў мове ні звычаях, адны назывяюць сябе, Паляне, Палянцы, а другія—Дрыгвічы, Балотнікі. Гэткі прыклад бачыў я ў Воўкавыскім павеце, каля Поразава і Падорска. Пацьверджае гэта і Фэдэроўскі з іншага месца Горадзеншчыны. („Nazwę Bałotnikou nadają w Słonimskim Polanie od m. Kosowa, sąsiadom swoim osiadłym za szosą ku Berezie Kartuskiej.“—„Lud Białoruski“ Т. I. Кракаў, 1897 г., стр. XI, вынаска 2-я). Палянаў і Дрыгвічоў сустрачаем у слуцкім і гомельскім паветах, а такжа у Смаленскай губэрні, ўсюды, дзе ёсьць топографічная азнака, асновываючыся на якой, можна даць жыхарам мясцовасьці яе назову (гл. стацьці і брашуры Сержпутоўскага і Добравольскага). На гэткай самай аснове ў Лепэльскім павеце істнуюць Гаране, Гаранцы і Лужане, Лужакі,— каля Ушача і Кубліч,—дзе маюцца контрасты ў зямельнай паверхні. Прычым Гаранінам або Лужанінам называецца любы жыхар, бяз рожніцы яго веры нацыянальнасьці, прыкладам жыд, або татарын.
З гэтага можна зрабіць саўсім пэўны вывад, што і ў найдаўнейшыя часы, найменьні Паляне, Дрэўляне і падобныя ім.—Гаране, Палачане, Бужане давалі топографічную, а не племянную характэрыстыку жыхарам мясцовасьці. Пад летапіснымі Палянамі трэба разумець агульна жыхароў раўнін, стэпаў, — стэпнякоў. Найлепей гэту мысьль пацьвярджаюць назовы Полаўцы і Паляне, Карэнь ў абодвых назоў адзін—„поле“, але пад Палаўцамі разумеюцца ў летапісях стэпнякі мангольскага паходжаньня, пад Палянамі стэпнякі славянскага паходжаньня. Пад найменьнем „Дрэўляне“ і „Дрыгвічы“, гэтак сама, крыюцца самыя рознародныя дробныя славянскія плямёны, абьеднаныя агульным топографічным найменьнем, найменьнем нічога супольнага ня маючым з іх племяннымі назовамі.
З паміж плямен вылічаных ў „Повесьці Временных лет“, Лаўрэнціеўскага сьпіску (Паляне, Дрэўляне, Ноўгородцы, Палачане, Дреговічы, Север, Бужане, Велыняне, Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы Улічы і Тіверцы), Толькі назовы—Крывічы, Вяцічы, Радзімічы, Хорваты, Дулебы, можна назваць племяннымі, рэшта: Паляне, Дрэўляне, Палачане, Буржане —назовы топографічныя; Ноўгородцы Велыняне, Улічы, Тіверцы—назовы ад галоўнага гораду; Север, назова азначаючая географічнае палажэньня краю, ці групы насяленьня, ў стасунку да другой, палуднёвай групы.