Што такое «Русь» смаленскай тарговай граматы 1229 г.?
Што такое «Русь» смаленскай тарговай граматы 1229 г.? Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 23–24 |
Як відаць са Смаленскай тарговай граматы 1229 г. і, наагул, з грамат заключаных з немцамі крыўскімі гарадамі—Смаленскам, Вітабскам і Полацкам—са стараны гэтых гарадоў выступае жыхарства пад найменьнем „Русь“, „роуски“, „роусин“. Якой-жа катэгорыі гэта найменьне? дзяржаўнае, племянное, ці адначасова злучае абодвы паняцьці разам? Нажаль, гэты самыя граматы паказуюць нам, што найменьне „Русь“, ўкладаўшымі гэны граматы дэлегатамі, ужыта было ў саўсім іншым значэньні.
Для абазначаньня нямецкай стараны ў граматах ужываецца не адно, а два найменьні „немци“ і „латинеськии“. Першае найменьне ў нашы часы, разумеецца як назоў германскай націі і ўжываецца цяпер толькі ў гэтым значэньні. Даўней-жа, тэрмін „немец“ меў значэньне падвойнае: як, наагул, чалавек другой, чужой, незразумелай мовы, з якім нельга было згаварыцца, і як спэцыяльная назова для людзей лацінскага (каталіцкага) абрадку. Словы „немецьки“ і „латинеськи“ ў нашых тарговых умовах стаўляюцца як адназначныя, прыкл.: „оу немецкой божняцы“, „у латинеськой церкви.“ І гэта саўсім згодна з гісторыяй. У гэткім значэньні словы „немец“, „нямецкая вера“ ўжываліся ў нас да XV ст., што відаць з летапісаў, бо немаль адзінымі прадстаўнікамі рыма-каталіцкага абрадку, на крыўска-беларускіх землях, былі ў тыя часы, прыхадзіўшыя з захаду, купцы з нямецкіх гарадоў,
Слова „латинеськи“ само сабой ясна, —яно азначае лацінскую веру. Тарговыя умовы і граматы, названых вышэй гарадоў, даюць перавагу слову „латинески“ над словам „немецки“, апошняе ўжываецца даволі, стасункова, рэдка.
З гэтага адзіна праўдны вывад, што прадстаўніцтва ганзэйскіх гарадоў, пры заключаньні умоў з Крыўска-Беларускімі гарадамі выступала пад адзінай, злучаючай іх усіх, веравызнаўчай азнакай, У данным здарэньні са стараны Рыгі выступаюць прадстаўнікі не нямецкага „языка“ а лацінскага абрадку, аб якіх дзе-недзе зазначана „немцы“.
Зьяўляецца пытаньне: калі адна старана выступае як прадстаўляючая людзей азначанага абрадку, то, паводле законаў лёгікі, і другая старана павінна была ўжыць назоў адпавядяючый па зьместу першаму, г. зн. выступіць пад назовам аб’еднуючай рэлігіі. Толкі ў гэткім значэньні тэрміны „латинеськи“ і „русин“, стаячыя побач, будуць натуральны і зразумелы. Калі-ж дапусьціць, што адна старана называе сябе рэлігійнай азнакай, а другая процістаўляе ей свой этнографічны назоў, то гэткая рожнаякая тэрміналёгія будзе абсурднай ў так важным дакумэнце.
І гэткая тэрміналёгія саўсім згодна з тагочаснымі паняцьцямі. У вачах старадаўнай інтэлігенціі, як заходна-эўропэйскай, так і нашай, рэлігійныя азнакі мелі шмат болшае значэньне, чым якія іншыя. Кождая старана, шукала, ў элемэнтах даступных тагочаснаму разуменьню, ў праціўнай старане азнак агульных, гэты азнакі былі знойдзены ў пануючых, у тэй і другой стараны, абрадах. Для крыўскіх дэлегатаў, сьпісываўшых умову, ўся праціўная старана была, ясна, веры „нямецкай“, або што адно і тоеж-ж „лацинскай“ Немцы-ж і ў Смаленскай і ў Вітабскай і ў Полацкай валасьцёх сустрачалі адзін агульны „рускі“ абрадак.
На гэтай аснове тэрміны „латиньски“, і тэрмін „руски“, былі прызнаны адназначнымі па зьместу, бо першы і другі падкрэсьляюць азнакі рэлігійныя умаўляючыхся старон.
Гэткім чынам тарговыя умовы XII—XV ст. з Рыгай даюць нам яшчэ адзін лішні доказ, што тэрмін „Русь“ ужываўся і разумеўся ў нас, не як этнографічная а як веравызнаўчая азнака.