Што спрыяе разросту і ўпадку народаў і дзяржаў
Што спрыяе разросту і ўпадку народаў і дзяржаў Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 387—391. |
Гісторыя — гэта вялікі магільнік і калыбка дзяржаў і народаў. Не толькі ў стараветнай, але і ў навейшай гісторыі мы можам бачыць многа прыкладаў, як малыя, саўсім нязначныя княствы вырасталі ў аграмадныя дзяржавы і, наадварот, вялікія і сільныя дзяржавы малелі, рассыпаліся, а ўрэшце саўсім сыходзілі з гістарычнай арэны. Разважаючы над доляй дзяржаў і народаў, само сабой вынікае пытанне: якія прычыны спрыяюць іх разросту і што спрычыняецца да іх упадку? Чаму, прыкладам, маленькая Літва ў свой час разраслася ў аграмадную дзяржаву, межы якой сягалі Балтыцкага і Чорнага мора ўдоўжкі, Тыльзіту і Каломны пад Масквой ушыркі. Чаму некалькі сот годаў праіснаваўшы, яна ўтраціла жыццёвыя сокі, пачала занепадаць і ўрэшце перастала існаваць як дзяржава? Скуль чэрпала буйныя жыццёвыя сокі Маскоўскае захудалае княства, што з бегам часу сталася Расійскай імперыяй, якая займае шостую часць зямельнай сушы? Гэтаксама чамусьці маленькая Прусія вырастае ў нямецкую імперыю. У стараветнай гісторыі падобных прыкладаў можна налічыць шмат болей: Егіпет, Персія, Рым, Юдзея і мн. другіх.
Праглядаючы гісторыі народаў, найперш кідаецца ў вочы тое, што дзяржавы ўтвараюць толькі народы з ярка выражанымі індывідуальнымі рысамі або ярка акрэсленымі імкненнямі. Не было ў гісторыі прыпадку, каб утварыў трывалую дзяржаву народ, каторы па сваёй істоце з’яўляецца нечым пераходным, неакрэсленым, у каторага няма выразных рысак, якія адрозніваюць яго ад другіх, падобных яму народаў. Ярка зарысаваная індывідуальнасць народа — гэта першы і найважнейшы варунак, патрэбны да яго існавання і разросту. Гэта індывідуальнасць народа можа выражацца ў яго асобнай расе, рэлігіі, мове, гістарычных традыцыях, урэшце — у яго народным імені. Народы, каторыя не абладаюць, выключна для сябе, ніводнай з павышшых рысаў і не маюць у сабе тэндэнцыі вытварыць якую-колечы з іх, не маюць перад гісторыяй апраўдання на сваё існаванне. Рана-позна яны прымушаны сысці з гістарычнай арэны, уступаючы месца другім, якія абладаюць ярчэйшымі асобнасцямі.
Утварэнне трывалай дзяржавы і яе разрост варункуецца іншымі прычынамі: для ўтварэння дзяржавы народу трэба мець пачуццё свайго гістарычнага пасланніцтва, будзь то ў постаці пашырэння якога веравызнання, якой агульналюдскай ці нацыянальнай ідэі, будзь то ў форме вялікага высілку ў змаганні з стыхійнымі пагрозамі або абароны людскіх грамад перад вялікімі небяспекамі. Маленькая дзяржаўная адзінка вырастае ў аграмадную і сільную дзяржаву, калі ў яе маецца вылучна ёй прыналежная гістарычная місія, якую яна выконуе ў часе. Выканаўшы сваю гістарычную місію, дзяржава, калі не стаўляе сабе іншай гістарычнай місіі, пачынае памалу занепадаць і зыходзіць з гістарычнай арэны. Гэтак было з В[ялікім] Кн[яствам] Літоўскім. Яго гістарычная місія, каторая высунула гэту дзяржаву на гістарычную відаўню, была ў змаганні з татарскай навалай. На гэтым змаганні Літоўская дзяржава расла і крэпла, але калі татарская моц была зломлена, то ў Літвы не аказалася ў запасе новага пасланніцтва, якое-бы пабуджала да чыну яе грамадзян, і яна, не маючы да правядзення ў гісторыі сваёй уласнай мэты — ні палітычнай, ні рэлігійнай, — павінна была падпасць пад чужыя палітычныя і рэлігійныя ўплывы і сысці з балон гісторыі.
Маскоўскае княства разраслося дзякуючы таму, што яно ўзяло на сябе выключнае прадстаўніцтва грэцкага абрадку на ўсходняй славяншчыне і прапаганду грэцкага праваслаўя паміж фінскімі, татарскімі і другімі народамі еўрапейскага ўсходу і Сібіры. «Руская» вера была галоўнай спружынай, якая паслужыла да ўтварэння Расійскай імперыі. Акамеўшае ў служэнні маскоўскаму абсалютызму праваслаўе ў ХIХ ст. пачало ўжо траціць сваю сілу, і, разам з ім, расійская дзяржава пад канец гэтага стагоддзя яўна стала кланіцца да ўпадку. Вайна і рэвалюцыя крэпка скалынулі гмах Расійскай дзяржавы, але камунізм уліў у яе заміраўшыя жылы новыя імкненні. Ці гэты лек акажацца скутэчным, нам сягоння трудна судзіць.
Але якое ж месца ў гісторыі прызначана нам, крывічам? А найперш, ці маецца ў нас апраўданне на індывідуальнае існаванне ў гісторыі?
Перш чым даць адповедзь на гэтыя пытанні, мы павінны выясніць, якія маюцца ў нас індывідуальныя рысы, на аснове каторых можна наш народ лічыць асобным гістарычным індывідуумам.
Справы нашы, на першы погляд, выяўляюцца не найлепей. Мы не маем, падобна жыдам, сваёй асобнай рэлігіі, якая б нас аддзяляла ад другіх блізкіх і далёкіх нам народаў. Больш таго, акром рэлігійнай залежнасці ад цэнтраў іх у нас існуе падзел народа на праваслаўных і каталікоў. За гэтым падзелам ідуць да нас культурныя і палітычныя ўплывы, якія вяжуць нас з прадстаўніцай грэцкага праваслаўя Масквой і прадстаўніцай рымскага каталіцтва Варшавай. Рэлігійнай індывідуальнасці ў нас няма, а яшчэ горшае — няма волі знайсці сабе рэлігійную індывідуальнасць. Няма нават такога шукання, якое бачым мы ў бліжэйшых нашых пабратымаў-украінцаў, каторыя на нашых вачах твораць уласную нацыянальную царкву, пераносячы грэцкае праваслаўе на свой нацыянальны грунт. Насаджанне, чужымі рукамі і ў чужых інтарэсах, сярод нашых грамадзян уніяцтва носіць чыста спекулятыўны характар і не можа сыграць для нас ролі нацыянальнай.
Значна лепей стаіць справа з мовай. Наша мова паміж усходнеславянскімі — расійскай, польскай, украінскай — абладае сваімі асобнымі рысамі і характарам. Праўда, гэтыя рысы значна зацёрты даўгалетнімі суседскімі — не столькі ўплывамі на нас, колькі — запазычкамі ў нас. Але ўсё ж такі наша мова, з яе блізка тысячалетняй гісторыяй, багатай і мала даследаванай этнаграфіяй, з’яўляецца адной з галоўнейшых астой нашай нацыянальнай індывідуальнасці. Заданнем нашай маладой навукі і прыгожай пісьменнасці ёсць праца над ачысткай гэтай мовы і паглыбленнем яе індывідуальных рысаў. На жаль, пры цяперашнім паднявольным палажэнні нашага народа і яго падзеле справа гэта не лёгкая. тым больш што ў нас саміх яшчэ замала волі да шукання і знаходжання сваёй індывідуальнасці ў родным слове. А тым часам ад гэтай волі цалкам залежыць будучыня нашай мовы: калі мы будзем перапаўняць свой слоўнік словамі, запазычанымі ад суседзяў, — мы ўтрацім з часам нават тыя індывідуальныя рысы, якімі цяпер абладаем, і наадварот, калі мы будзем унікаць суседскіх слоў і зваротаў, а галоўнае, слоў, перажарганаваных з суседніх моў, і заступаць іх па магчымасці яркімі, сваімі ўласнымі словамі, узятымі з вуснаў народа або са старой пісьменнасці, то перамога будзе на нашай старане: мы не толькі абаронім, але і паглыбім індывідуальнасць сваёй мовы.
Аднак галоўнай астояй нашай індывідуальнасці і крыніцай нашага гістарычнага прызвання ёсць нашы гістарычныя традыцыі. Адноўленне нашых гістарычных традыцый у нацыянальнай свядомасці дасць нам адразу ярка выражаную індывідуальнасць сярод народаў, якія нас акружаюць. Крывічанскае племя распадаецца на тры галіны: літоўскую (якая калісь ухадзіла ў склад В. Кн. Літоўскага), ноўгарадска-пскоўскую і северскую. Галоўныя традыцыі ўсіх трох гэтых галін крывічоў — іх народапраўства, якое выражалася даўней у вечавым укладзе, і дэцэнтралізацыя, якая вынікае з пашаны да асобы. Нашы гістарычныя традыцыі не маюць нічога супольнага ні з маскоўскім азіяцкім абсалютызмам, ні з польскім анархістычным шляхецтвам. Мы павінны навязаць ізноў парваную ніць нашых гістарычных традыцый і на іх будаваць нашы гістарычныя заданні.
Вялікае значэнне ў гісторыі і ў жыцці народаў мае іх нацыянальнае імя. Імя народа або яго злівае і змешвае з другімі, або яго аддзяляе ад другіх. У шуканні сваёй індывідуальнасці мы павінны мець волю спыніцца на тым спаміж нашых гістарычных імён, каторае найбольш поўна і праўдна акрэсляе нас як народ. Дзеля гэтага не можа нас здаволіць імя беларусы. «Беларусы» — гэта пераходная ступень, часць цэлага рускага, якое, як нам ведама, абымае кангламерат народнасцяў самых разнаякіх рас і плямён ад Балтыкі да Уладзівастоку. У гэтай безбярэжнай мазайцы мы як беларусы будземо толькі нязначным, безіндывідуальным камешкам, празначанне якога будзе стушавацца ў цэлым. другое нашае гістарычнае імя — літва — не абымала цэласці, а толькі адну, заходную галіну нашага племя, гэта самае можна сказаць аб наўгародцах, пскоўцах і северанах. Адзіна імя крывічы абымае ўсе галіны нашага племя, і яно даволі выразіста адцяняе нашу індывідуальнасць у гістарычнай мінуўшчыне. Дзеля гэтага, не выракаючыся іншых гістарычных і правінцыянальных нашых імён, мы павінны крэпка трымацца імені крывічы як адзінага імені, якое прыналежыць вылучна толькі нашаму народу.
Урэшце, раз народ мае даволі індывідуальных рысаў, каб гісторыя апраўдала яго існаванне, то народ гэты мае права так-жа на сваю дзяржаўнасць. Але існаванне дзяржавы толькі тады апраўдваецца гісторыяй, калі гэта дзяржава выконвае якое-колечы гістарычнае пасланніцтва.
Якое ж нашае пасланніцтва, каторае мы павінны выканаць перад чалавецтвам?
Пачнем ад найбліжэйшых нашых заданняў. Найперш, на нашай павіннасці ляжыць аб’яднаць, разарваныя ў мінулым, часці нашага народа ў адно цэлае. Гэта датыча не толькі свежа крывавячай раны, дакананай расійска-польскай угодай у Рызе, але такжа звязання ў адно цэлае ўсяго балтыцкага славянства, усіх трох галін крывічанскага племя. Наша, заходняя, галіна крывічоў павінна ўзяць на сябе гэтае вялікае гістарычнае пасланніцтва ў стасунку да сваіх пабратымаў — паўночнай і северскай галінаў. Акром гэтага ўнутранага пасланніцтва на нас ляжыць яшчэ пасланніцтва агульналюдскае: крывічанская славяншчына ў цэлым павінна даць чалавецтву новыя культурныя цэннасці. Даўно было заўважана ўжо расійскімі вучонымі, што на ўсім абшары Расійскай імперыі толькі ў ноўгарадска-пскоўскім і беларускім краю існуе саўсім асобнае, саўсім самаістае і індывідуальнае будаўніцтва. Але важней за індывідуальнае будаўніцтва ёсць індывідуальны ўклад жыцця, індывідуальная псіхіка ў падходзе да сацыяльнага будаўніцтва, абапертая на індывідуалізме.
Нашае заданне ў гісторыі — дэцэнтралізм і народапраўства, якія дадуць новыя цэннасці, несучы вызваленне чалавецтву, якое задыхаецца ў путах стадна-цэнтралістычнага абсалютызму, таксама і дэмакратычных, як у манархістычных і сацыялістычных сучасных нам дзяржавах.
Мы павінны знайсці саміх сябе ў кожнай дзедзіне духовай і матэрыяльнай творчасці, у сацыяльным укладзе, у рэлігіі і мастацтве. І на гэты шуканні прабіў ужо вялікі час.
Гора тым, хто перад абліччам вялікага гістарычнага моманту, які ідзе ўжо, стане з пустымі рукамі, або — ні зімны, ні гарачы.