Перайсці да зместу

Чаму нам не даюць жыць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чаму нам не даюць жыць
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 2, 9 студня 1914 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чаму нам не даюць жыць.

Даўнымі часамі сіла дзержавы і націі апіралася на ваенным стане (сословіі), стан гэты лічыўся „лепшымі людзьмі“, ён кіраваў справамі дзержавы і доляй народу. Шырокіе народные массы былі паняволены гэтым станам і ні ў гасударствейных, ні ў грамадзянскіх справах голасу ня мелі. Хто патрапіў скланіць у свой бок «лепшых людзей», значэ аружную і экономічную сілу (бо адно з другім ішло ў пары) на свой бок, ці то ласкай, ці то сілай, той валадзеў старонкай. Гэтак было даўней. Але, калі цэлы сьвет прызнаў і за маламожнымі людзьмі правы чэлавека і грамадзяніна, мала памалу выключнае панаваньне вышэйшых станоў руйнавалося і народ пачынаў набіраць што раз большаго значэньня. Там, дзе вышэйшые і ніжэйшые станы былі національна адналітны, справа гэта зводзілася ў канцы канцоў толькі да экономічнаго змаганьня паміж многаможнымі і маламожнымі, пры адных і тыхжэ національных ідэалах. Гэтак злажылося ва ўсіх старонках дзе утрымалася національная дзержаўнасць, або дзе гэта дзержаўнасць нідаўна была раскідана. Затое у такіх старонках, як наша, дзе гасудавственнасць была заўсёды національна чужая народу і народ перахадзіў ад аднэй гасударстваннасьці да другой, там вышэйшые станы адарваліся ад народу, а у народнай массе зазвычай національнай сьвядомасьці не бывае і народ прэдстаўляе сабой сыры матэр’ял, каторы наслаіўшаяся за доўгі час інтэлігенція, дзержаўная і недзержаўная, кожная стараецца перэцягнуць на свой бок народ і упадобіць сабе яго. Дзеецца гэта с тэй прычыны, што як даўней вышэйшые станы, так цяпер народ—сіла. Хто мае на сваей старане народ, той папраўдзі мае у сваіх руках сілу. Вось чаму у нас на Беларусі ідзе такая заўзятая вайна за наш народ паміж палякамі і расейцамі, і чаму тые абедзьві націі так праціўны національнаму вызваленьню нашаго народу. І датуль пакуль будзе у народзе несьвядомая, цёмная масса, каторую лёгка абаламуціць і перэцягнуць на той, ці іншы бок, датуль наш край будзе арэнай національнаго змаганьня і національных сварак. Падзе гэтае зьеданьне адны адных толькі тады, калі народная масса усьвядоміцца національна.

Власт.