Чалавек і мора (Бадлер/Жылка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Чалавек і мора
Верш
Аўтар: Шарль Бадлер
Пераклад: Уладзімір Жылка
Першы беларускі пераклад з Бадлера. Надрукаваны — часопіс «Узвышша» № 3-1927. (Выбраныя творы — 1998, Кнігазбор [1])


О, вольны чалавек. Заўжды любіцьмеш мора.
Яно — адбітак твой; твая душа — паглянь! —
Ў разгортванні валы бясконцае прасторы,
І розум твой не менш тужлівая атхлань.

Ты любіш патанаць ў яго туманныя дарогі,
Ахопліваць яго істотаю сваёй
І сэрца ўласнага рассейваеш трывогі
Пад гэты гук жальбы, някорнай і дзікой.

Абодва хітрыя, вы так маўкліва-стрыманы.
О чалавек, ніхто не змераў глыб тваю!
О мора, не злічыў ніхто твой скарб інтымны!
Так тайну ўкрылі вы зайздросліва сваю!

А вось між тым вякі, вякі без падзялення,
Зацята йдзе наш бой бязлітасна-люты.
Так закаханы вы у бойку і знішчэнне,
О вечна змагары й нягодныя браты!