Перайсці да зместу

Ці маем права быць беларусамі?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ці маем права быць беларусамі?
Артыкул
Аўтар: Янка Окліч
1912
Крыніца: Наша Ніва, 1912, № 22, № 23, № 26

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці маем права быць беларусамі?

Natіo natіonі ves sacra est.[1]

І.

Прошлы XІX век сьмела можна назваць векам развіцьця народоў у значэньні національным. І запраўду, у гэтым сталецьці мы бачым, як національная ідэя пачынае развівацца з небывалай сілай, пачынае шырыцца паміж новымі і новымі народамі, як ужо навука і філософія падчас разгледаньня выпадкоў, што маюць вагу ня толькі мейсцовую, але і агульналюдзкую, уводзяць новы элемэнт — дагэтуль невядомы — элемэнт національны. У гэтым сталецьці тая ідэя даходзіць бадай што да найбольшаго пункту свайго развіцьця, — і пасьля, як і кожная лепшая думка пры злучэньні з жыцьцём, сходзіць на благіе сцежкі і робіцца ўжо шкоднай ня толькі для развіцьця духоўнай культуры, поглядоў, але і для складнаго жыцьця паміж людзьмі розных народоў, што жывуць і працуюць побоч.

Захад Эўропы ужо быў, а нават ешчэ ёсць сьведкай эволюціі націоналізмоў розных кірункоў. У нас жэ, хаця тутака жыве шмат народоў, як беларусы, літвіны, палякі, жыды і т. д. національнаго пытаньня дагэтуль, пакуль беларусы і літвіны ня выступілі на арэну соціально-палітычнаго жыцьця, можна казаць, не было. Было толькі польско-расейскае змаганьне. Але як літвіны і беларусы зажадалі сабе роўных правоў, сказалі, што і яны жывуць, — вось тады побоч старай расейска-польскай сваркі пачынае развівацца польско-літоўская і іншые. Гэтые усе сваркі, папраўдзі кажучы, трудна назваць сваркамі паміж народамі, дзеля таго, што тые народы ад векоў жывуць згодна паміж сабой і не мяркуюць нават адбіраць якіе правы адзін ад аднаго. Гэтые сваркі робяцца загадчыкамі заядлых національных партій — і ўжо адгэтуль, як рэхо адбіваюцца у народзі.

Вось цяпер мы і можэм бачыць развіцьце як добра зразумелаго, здароваго націоналізму — у значэньні абароны сваіх правоў, ад вякоў прыналежных: кожнаму, і развіцьця усіх асобнасцей, глыбока захаваных на дне народнай душы;-так і шкоднаго націоналізму, для катораго глаўнай мэтай ёсць зьдзек над іншымі народамі-"інородцамі", здзек дзеля таго, каб тые „інородцы" нічым ня розніліся у сваей душы, мове, адным словам у сваей культуры, ад тых, што маюць права сілы. Старая як сьвет, байка: Vae vіctіs![2]

Праўда, бываюць ешчэ і такіе, што хаця сілай і не прашкаджаюць народам развіваць свае асобнасьці, але вядуць такую палітыку, што пры помачы культуры рупяцца адарваць людзей ад іх роднаго пня, каб прыдбаць свайму народу, -і робіцца гэта, як кажэм, у імя культуры!

Мы, беларусы, у сваім адраджэньні маем шмат ворагоў: з аднаго боку розных шовіністоў-націоналістоў (тых са шкодным націоналізмам), каторые проста кажуць, што ніякіх беларусоў німа; з другога — такіх, што хаця і прызнаюць беларусам права на развіцьце сваей культуры, але спагадаюць і патураюць тым, што кідаюць сваю національную вопратку і перэстаюць быць беларусамі, бо гэта, бытцым, дасць ім можнасць карыстаць з вышэйшай культуры.

Вось нам і трэба канешне падумаць, ці запраўды варта працаваць над развіцьцем сваей уласнай культуры, сваей душы, — і ці не варта кінуць тую, бытцым, дарэмную працу ды адразу карыстаць з таго дабра, якое дае нам іншая культура?

Раней чым паказаць вялікіе абмылкі такога погляду, як погляду не дэмократычнаго, хочэцца нам за вялікім расейскім вучоным А. Д. Градовскім паўтарыць дзе якіе яго залатые думкі, каторые і ясна тлумачаць, што кожны народ мае права на развіцьце усяго свайго роднаго і што, калі хто запыніць тое развіцьце, дык робіць вялікую шкоду усей агульна-людзкой культуры. Той прафэсар акуратна разумеў вялікую вагу асобнаго жыцьця нават кожнаго маленькаго народа, і дзеля таго гарой стаяў за право кожнай народнасьці на свае "я". Вось і паслухаем, што ён кажэ:

"Кожная натуральная народнасць, нація гэта нейкая як бы адна вялікая асоба, што розніцца ад іншых асобнасьцямі свайго характэра, сваімі духоўнымі і умственнымі здольносцямі, -а дзеля таго і мае права на незалежнае жыцьцё і развіцьце. Тая розніца національных асобнасцей і ёсць канешны варунак для правільнаго развіцьця агульна людзкаго жыцьця усяго сьвету.

Асобны народ, які бы ня быў ён здольны і якіе бы ня меў багатые матэр'яльные варункі, можэ толькі выказаць адзін бок агульно-людзкога жыцьця. Адарваць ад чалавечества яго розные суставы, гэта адабраць можнасць выказаць яму у усесьветнай гісторыі ўсё багацьце зместа чалавечэскаго духа. Адна едыная цывілізація, адзінакавасць культурных форм — заўсёды праціўна ўсім варункам чалавечэскаго поступу. Навука не адкідае паняцьця агульна-людзкой цывілізаціі у тым значэньні, што ўсё важнейшае і лепшае, што вырабляецца душой, і розумом і рукамі кожнаго народа робяцца уласнасью усіх. Але гісторыя нічым ня збітымі фактамі давадзіць, што усё гэта багацьце магло вырабіцца толькі на грунце національным, што такое дзіва красы як фігуры Фідія і такая філасофія, як Платона гэта твор грэцкі, што мудрые рымскіе законы гэта прадукт рымскай гісторыі, што найсвабаднейшая констытуція Англі; — гэта яе національная уласнасць. І ўсё-ж ім гэта не прашкаджае мець агульна-людзкое значэньне, мець уплыў на развіцьце паняцьця хараства, пекнасьці на філасофію і на палітыку ва усім вучоным сьвеце.

У імя поўнаты агульна-людзкой цывілізацыі усе народнасьці прызваны да працы, да жыцьця... Кожная народнасць павінна даць чалавечеству тое, што схавана у сілах яе духоўна-моральнай натуры. Народнае творчэства — ВОСЬ апошняя мэта, каторую паказывае сама прырода, — мэта, без каторай ня можна дайсці да палепшэньня чалавечэскаго роду. Падпарадкаваць усе расы адной "усератуюшчэй" цівілізаціі, так сама дужа кепска уплывае на міжнароднае жыцьцё як і "усератуюшчая" адмінастрацыйная цэнтралізація на унутранае жыцьцё народа".

Мы гэта, як пачалі працаваць над нашым адраджэньнем, акуратна разумелі і верылі, што наша праца ня пройдзе здарма. Што толькі наш беларускі народ праз сваю народную творчасць можэ найбольш даць карыснаго усесветнай культуры.

І. М-скі.

ІІ.

Народная творчасць — гэта апошняя мэта, каторую назначае сама прырода; толькі праз гэту творчасць, а ня іншую можна дайсьці да найлепшых рэзультатоў пры развіцьці агульна-людзкой цывілізаціі. Гэту думку праф. А. Д. Градовскаго паддзержывае ешчэ вядомы францускі экономіст, Шарль Жід (Charles Gіde), каторы вучыць, што ад самаго пачатку цывілізаціі чалавечество ідзе к далейшаму развіцьцю, поступу толькі праз народы. Але, ня гледзючы на ўсе навуковые выводы, у нас, як ужо мы раней казалі, ёсць шмат прыхільнікоў дэнаціоналізаціі, зніштажэньня ў народзі яго національных асобеннасьцей: адны проста не прызнаюць беларусам права на развіцьце сваей асобнасьці, свайго "я", бо кажуць, што ніякіх беларусоў німа; другіе, хаця і згаджаюцца, што кожны народ мае права да развіцьця ўсяго свайго роднаго, але ўсё-ж такі думаюць, бытцым, даючы народу гатовую культуру чужой наці, яны памагаюць пашырэньню культуры. Першым зусім ня будзем атказываць, бо, ведама, ніякая праўда іх не пераканае. Каб жэ атказаць другім, прыйдзецца крыху астанавіцца над пытаньнем аб асыміляціі (перэварачываньні з адней націі у другую) і паказаць, што жаданьне знішчожыць національные асобеннасьці беларусоў і зраўнаваць іх з другімі народамі заместа карысьці прыносіць вялікую шкоду ня толькі для мейсцовай культуры, але і для сусьветнай.

Калі хто з добрай волі карыстае с таго, што вытварыла іншая культура, напрыклад культура суседоў, то пры гэтым унутраняя часць, душа яго, каторая звязана з народнымі поглядамі, звычаямі і т. д., астаецца і на далей такая, як была у яго. Вось, у гэткім прыняцьці агульна-людзкіх вартасьцей, думак, ідэй і т. д.-німа гвалту, а ёсць супольная праца розных культур, ёсць прысваеньне — "апэрцэпція", а не асыміляція.

Калі-ж чужая культура прышчэпляецца гвалтам, хаця і культурнымі спосабамі, тады супольнай працы культур і свабоднаго прысваеньня адным народам таго, што стварыла культура другога, німа; наадварот, тады родзіцца жаданьне накінуць свае асобеннасьці другому народу і перэрабіць яго на свой капыл, значыцца, асыміляваць. І вось у гэтым прыпадку, як тые, што рупяцца ўсе культуры зрабіць падобнымі адну да аднэй, так і нашы цяперашніе „націоналісты", робяць вялікую гісторычную абмылку. Бо і запраўды: ці можна апрацаваць нейкую ўсё агортываючую культуру, адну для ўсіх? Ці знаем такі народ, каторы можэ апрацаваць культурные формы, каторые пасьля будуць здатнымі для розных народоў? - Не.

Таксама непраўдзіва, бытцым гісторычнае права вядзе да таго, што меншые народы зліваюцца з большымі, і што пасьля мае вытварыцца нейкі адзін сусьветны народ. Так, у гісторыі вядомы такіе здарэньня, калі цэльны народ, пасьля большаго ці меньшаго здзеку, губіў свае духоўные асобнасьці, сваю душу, але тады былі зусім іншые варункі, іншые часы, непадобные да цяперашніх. Даўней, напрыклад, падчас фэодолізму і першых часоў развіцьця капіталізму, культурным жыцьцём жылі толькі "вярхі" — духоўные асобы, шляхта і мешчанства. Народ ня меў ніякай вагі. Тады і духоўная культура, агулам кажучы, была бедная і шырылася не пры помачы жывой гутаркі, а перш пры помачы мёртвай лацінскай мовы і пасьля — чужой для іншых народоў францускай. Здаецца, што тады, калі панавала універсальная, сусьветная мова. і павінен быў наступіць момент для найбольшаго развіцьця такой літаратуры для усіх, у каторую кожны народ мог улажыць цэгліну з свайго „я“.

Але тутака спраўдзіўся ізноў нязменны закон, каторым кіруецца

увесь сьвет: тварыць культурные

рэчы ўсесьветнай вартасьці можна толькі у сваей роднай мові. І

дзеля таго, калі пачала развівацца мова кожнаго асобнаго народу, калі ўсе мовы пачалі лічыцца -культурнымі, тады мы і бачым аграмадны расцьвет францускай, нямецкай, італьянскай літаратуры і т. д. І ня дзіва: родная мова так моцна звязана з развіцьцем думак, з развіцьцем вобразнасьці у чуцьці, што абмінуць яе пры літэратурнай творчасьці нельга. Кожная мова, паводлуг Гумбольдта, так зраслася з унутрэнай натурай чэлавека, што яна становіць ня толькі мэханічны спосаб для выказываньня думак, але ёсць і духоўны результат думаньня. Вядомы псыхіатр, Крафт-Эбінг, пацьверджае гэта: паведлуг яго, родная мова — самы найбольшы дзьвігацель пры духоўным развіцьці чэлавечества. Дзеля таго заўсёды і бачым, што там, дзе мова загубляецца, там і душа народу так сама губіцца, а вартасць культуры яго ўсё паменшаецца.

Розніца, каторая знаходзіцца ў мовах, залежыць ад псыхічных розніц народоў; кожны народ выказывае у сваей мове сваю духоўную кон'юнктуру (будоўлю). Мова, як дужа пекна каже вядомы ўжо нам Гумбольдт, гэта сьветагляд. Чэлавек думае вобразамі, а свае думкі выказывае сымволамі, каторые яму найлягчэй знайсьці ў сваей роднай мові; а чым багацей вобразамі тая мова, тым выдатнейшые сымволы -словы; і калі яны зложены у гармонійны парадак, сыстэму, дык лягчэй ідзе і самае думаньне, а, значыцца, і прысваеньне культурных здабыткоў. Калі конструкція аднэй мовы будзе паблутана конструкціей іншай мовы, — тады і процэсс думаньня дужа задзержываецца, бо толькі акуратнасць, гармонія ўсіх частак мовы пазваляе чэлавеку пры найменшай загубе псыхічнай энэргіі дахадзіць да найбольшых рэзультатоў. Родная мова знаходзіцца ў найлепшай гармоніі з душой свайго народу, бо ужо органічна, хаця бы дзякуючы наследзтвеннасьці, найбольш дапасавана да яго розуму; у дзіцяці ад самых ранных гадоў яна развіваецца зусім аўтоматычна і пасьля аўтоматычна (без ніякай загубы псыхічнай энэргіі) моэж адбіваць у сабе думку і чуцьцё чалавека і найлягчэй апрануць яе у рэальные формы. Вось, дзеля таго мы ўсюды бачым, што паэты толькі ў роднай сваей мове твораць рэчы, каторые маюць найбольшую вартасць. Тварыць можна толькі непасрэдственна. Пасрэдственна можна перорабляць. Такі Шамісо, катораго талент так пекна развіўся ў нямецкай поэзіі, гэта акуратна разумеў. Ён раней пісаў у сваей роднай мові — францускай, а пасьля ўжо перэкладываў на нямецкі. З Гоголем тое самае. Гоголь, як ведаем, быў украінец; толькі праз палітычна-соціальные варункі зрабіўся ён расейцам і пісаў па расейску. А ўсё-ж такі, як вучыць Мандэльштам, добры знаўца літаратуры Гоголя, развіцьце яго творческай думкі ішло па русле чыста народна-украінскім; без ведама думаў ён (не гутарыў) па украінску, дзеля таго ў тых поэтычных кавалках, дзе выказываецца творчасць, а не аналітычная думка, ўсе звароты — украінскіе, а не расейскіе. Шэвченко так сама творыць рэчы ўсесьветнай вартасьці толькі на украінскай мове. Яго расейскіе вершы — зусім дренные. Калі-б пісаў толькі расейску, то аб ім ніхто бы і ня чуў.

Калі процэсс думаньня і чуцьця так моцна звязаны з роднай мовай у інтэлігэнтоў, то німа што казаць аб простым народзі. Калі народ той зменіць сваю мову, то зменіць і сваю душу, псыхіку, бо будзе ўжо інакш чуць, будзе думаць павэдлуг іншай псыхологічнай конструкціі, гэткай, якая падходзіць для новай мовы. Гэты процесс духоўнай змены акуратна зауважыў гісторык францускай літаратуры. Гастон Паріс; ён кажа, што звязь паміж думкамі і выказываньнем слоў такая моцная, што змяніць народу мову-тое самае, што змяніць яго душу. Бельгійчык Ван-Бээрс тое сама каже, хаця у іншай форме: перамяніць народу яго родную мову — значыць забіць душу гэтаго народу". А ці маем права гэта рабіць, мы ўжо бачылі у прошлым нумары.

І. М-скі.

ІІІ.

Калі асіміляція, перэварачываньне з аднай націі на другую такую благую вагу мае для развіцьця народнай душы, народнаго сьветагляду і сусьветнай культуры, — то ня менш дрэнна адбіваецца яна і на агульным падняцьці культуры народу, каторы асымілюецца. г. зн. губіць свае народные асобеннасьці. сваю родную мову і прыймае чужую. Падняцьце культуры ідзе не праз зніштожэньне народных асобнасьцей, a толькі праз іх развіцьце. І ня дзіва, бо культура — гэта прадукт працы душы. Дзеля таго, што кожны народ мае сваю асобенную культуру, мы і можем бачыць розные культуры ня толькі у народоў розных рас і племен, але і народоў, прыналежных да аднаго племені. Вельмі добры прыклад даюць расейцы і палякі. Як тые, так і гэтые — славяне. А тым часам якая вялікая пропасць і розніца між культурамі гэтых народоў!

Значыцца, — скажэм ешчэ раз, — культура — гэта твор душы. Калі будзе паміж культурамі супольная праца, апэрцэпція, пераробка культурных асобеннасьцей аднаго народу ў душы другога, каторы будзе развіваць тые асобеннасьці на сваім національным грунце, — тады і будзе культурны поступ. Калі-ж будзе накідацца каму колечы чужая культура, калі ў гэтым будзе жаданьне зрабіць так, каб той народ нічым ня розніўся у сваім культурным жыцьці ад іншаго, — тады асымілёванаму народу ужо як-бы ўстаўлялі новую душу ды загадалі кінуць сваю. Але кінуць сваю культуру, кінуць усё тое, што органічна так моцна звязана с цэльнай натурай, — дужа трудна. Прыняць новую душу ў кароткі час так сама нельга. Культура — гэта ня вопратка, якую лёгка можна скінуць або надзець. Культура творыцца сталецьцямі і сталецьцямі зменяецца. І дзеля таго падчас асыміляціі народ перш памалу губляе сваю душу, а не прыймае ешчэ іншай душы. І вось тутака ёсць прычына абніжэньня культуры гэтаго народу. Не прыняцьце новых форм, а загуба старых. Найлепш тое можемо бачыць у гісторыі. Беларусь, калі жыла сваім асобным культурным жыцьцём, была дужа культурнай. Калі-ж толькі пачала асымілявацца беларуская інтэлігенція, „вярхі“ народу, — край пачаў с кожным годам усё падаць і падаць. Украйна, калі саматугам развівалася, культурна куды вышэй стаяла ад Масквы. А сягоньня, калі шмат ўжо гадоў вядзецца палітыка „объединенія русскихъ народностей", што мы бачым? Цёмны забіты загнаны народ загубіў ня толькі пачуцьцё сваей грамадзянска-палітчнай вартасьці, сваей асобнасьці, але і пачуцьцё чэлавечэскай вартасьці. У чэхоў ізноў бачым тое самае. Калі ў іх старане панавала нямецкая культура, калі народ ня меў сваей ўласнай інтэлігенціі, бо яна пакінула ўсё свае роднае, національнае, — тады нічога ня быў варт у значэньні культурным. А як толькі пачалі чэхі развівацца на грунце сваей адвечнай національнай душы, тады здабылі вялікую сілу як экономічную, так і культурную.

Прыкладоў гэтых хваце. І цяпер зусім зразумела, што народы, каторые пачынаюць будзіцца, заўсёды рупяцца захаваць сваю мову, бо яна ёсць канечны варунак для захаваньня сваей душы, а, значыцца, і найкрапчэйшы фундамэнт, на каторым будуецца національнае жыцьцё павэдлуг цяперашніх культурных вымогоў.

Значыцца як мы ужо бачылі, кожная асыміляція, ці яна будзе вясьціся пры помачы "культуры", заўсёды дае толькі благіе рэзультаты. Але ўсё ж такі у нас, на Беларусі, розные культуртрэгеры „ў імя культуры" не спыняюць сваей шкоднай працы над беларусамі, думаючы, бытцым гэтым адразу прыхінуць нам кавалак неба. Вось такім дабрадзеям мы раім падумаць крыху аб пытаньні, чаму-бы ім самым не прыняць якую вышэйшую культуру - англійскую, або францускую, на што сябе крыўдзіць?

З усяго вышэй сказанаго вывядзем навуку для беларускаго адраджэньня. Гэтак:

1) Кожны народ мае право развіваць свае адвечные духоўные асобнасьці, a, значыцца, і мы, беларусы, маем права развіваць сваю душу, каб пасьля яе творы узбагацілі агульна-людзкую культурную скарбніцу.

2) Найбольшых рэзультатоў можна дайсьці толькі праз національную творчасць, - значыцца, і беларусы не павінны закідаць яе, бо толькі праз яе могуць выказаць багацьце сваей націі.

3) Толькі ў роднай мове можна тварыць рэчы, што маюць найбольшую вартасць; замяніць жа народу яго мову на чужую — гэта значыць забіць душу таго народу, яго асобенную творчэскую здольнасць. Вось і мы, беларусы, ні маем права закідаць сваей мовы, каб не памерці, як казаў Мацей Бурачок; мы, наадварот, павінны рупіцца развіваць яе, бо толькі праз сваю беларускую мову можәм выказаць сваю асобную духоўную структуру (будоўлю).

4) Асыміляція заўсёды дужа дрэнна адбіваецца на развіцьці як агульна-людзкой, так і мейсцовай культуры; значыцца, кожны сьведомы беларускі грамадзянін павінен рупіцца, каб ніводзін яго брат не перэстаў быць беларусам.

Вось гэта ўсё і паказывае, што мы, беларусы, ня толькі маем права, але і павінны астацца беларусамі.

І. М-скі.

  1. Народ народу рэч сьвятая.
  2. Беда пабітым!