Перайсці да зместу

Цішка Гартны (1923)/Выбраныя творы/Сявец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьні Гарбара Сявец
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Каваль
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сявец (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сявец.

Ўставай, сявец! бяры сяўню,
Аўсу, вады давай у волю
Свайму любімаму каню
І едзь пасьпешна ты у поле.

Прышла вясна і там цябе
Чакае звольненая ніва,
І зазывае ўжо к сабе
Сяўца-работніка зычліва,

За зіму ўспрэўшая зямля
Табе аддасьць за працу многа!
Ўставай, сявец! Няхай сяўня
Ня будзе пуста і убога.

Рукой зярнят бяры паўней
Ды кідай мерна жменя ў жменю;
Са збожжам ў сэрцы думкі сей
Надзеі, праўды, адраджэньня.

Ўставай, сявец! І тое знай,
Што думак глеба не абмане
І дасьць багаты ураджай
За пот твой шчыры і стараньне.

Ўставай, сявец! Ідзі, гары
Зьдзярнелай нівы твае гоні;
Прышоў твой час — ужо пара
Пачаць сяўбу яшчэ сягоньня!