Перайсці да зместу

Цішка Гартны (1923)/Выбраныя творы/Каваль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сявец Каваль
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Песьня жняі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каваль (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каваль.

Многа працы ў мяне —
Хоць ўсю пору, працуй!
Грэй залеза ў агне,
Вымай з горана й куй.

Молат важкі трымай
Над кавадлам якраз,
Зьнізу ўверх паднімай,
Зьверху ўніз — раз-у-раз.

Адвярніся на сьпех,
Калі зможаш урваць —
Не забыцца, каб мех
У свой час паддуваць.

Адно іскры ў бакі
І да верху лятуць,
Як паважна з рукі
Малаты важка б‘юць.

Раз-другі — і сашнік
Можа ў поле ўжо браць
Гарацешны мужык, —
Сваю ніву гараць.