Ціт Бычкоўскі (Ластоўскі)
Ціт Бычкоўскі (1843–1913) Навукова-папулярны артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1915 год Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 1, 9 студня 1915 г., б. 3 |
Ціт Бычкоўскі.
1843–1913.
У 1913 гаду мінуло 70 гадоў са дня трагічнай сьмерці геніальнаго беларуса мастака-муляра Ціта Бычкоўскаго. Ц. Бычкоўскі быў сынам кухара графоў Тышкевічоў у Лагойску (барыс. пав.). Калі радзіўся і да якога прыналежаў стану, невядома. але мяркуючы с таго, што бацька яго быў кухарам, трэба думаць, што прыналежаў да селянскаго, на той час паднявольнаго стану. Як і калі навучыўся малеваць, якім спосабам трапіў на віленскі універсытэт і стаўся вучэнікам вядомаго мастака маляра, прафэсара віленскаго увіварсытэту, Рустама—не вядома. Можна дагадывацца, што яго пан, вядомы вучоны, Канстантын Тышкевіч, памог яму у гэтым.
У 1827 гаду палкоўнік Шаманоўскі узяў яго за вучыцеля рысаваньня да сваіх дзяцей і вывез с сабой у Дрэзна. Маладому чэлавеку на чужыне не надта лёгка жылося: зарабляў даючы лекціі рысунку і малюючы копіі з абразоў Дрэздзенскай галерыі ды партрэты розным асобам (вядомы партрэт ген. Князевіча). Але пры гэтым усім талент Ц. Бычкоўскаго не развіваўся, а знікаў, мастак чуў, што барукаючыся гэтак з жыцьцём, гонючыся за кавалкам хлеба, загубляе найдаражэйшы скарб душы — свой талент; чуў, што яму патрэбна грунтоўная навука і што год за годам праходзіць, а разам з гадамі уцекае агонь з душы. І вось, у 1836 гаду, ужо с сівізнай на галаве, Бычкоўскі едзе у Мюнхэн, каб навуку малярства прайсьці у тамтэйшай акадэміі ад пачатку. Упорнай працай дайшоў свайго: с пад яго пэнзля пачалі выхадзіць арыгінальные, багатай кампазыціі, творы, а сам пэнзэль мастака стаўся сьмелым і мяккім у тонах. З гэтаго перыоду жыцьця нашаго мастака вядома колькі твороў: 1) «Друадкі варожучые страшную будучыну» (Дрэзно); 2) «Св. Вікторыя збіраючая даткі для ўбогіх» (Мюнхен); 3) «Касец швайцарскі востручый касу» (Кракоў); 4) «Дзяўчынка с пабітым гаршчком у дротніка» (невядома дзе); 5) «Музыка настраіваючый скрыпіцу» (невядома дзе).
З Мюнхена Ц. Бычкоўскі вярнуўся у Дрэзно (невядома калі), а у 1842 гаду выехаў у Венэцію. Мастацкая слава Італьянскай зямлі даўно вабіла яго, але у Італіі Ц. Бычкоўскі ізноў сустрэўся с цяжкімі варункамі жыцьця, а да таго пачаў недамагаць на вочы. І вось у 1843 гаду Ц. Бычкоўскі адабраў сабе жыцьцё: атплыў ў чоўне на Лідо, падрэзаў горла і кінуўся у ваду. Цела яго, абголаданае рыбай, за колькі дзён выкінуло морэ на берэг. І пахавалі яго там-жэ на беразі, у пясочку.
Ц. Бычкоўскі быў ўсё жыцьцё чэлавекам правым, заўсёды вясёлым і праз гэта меў мір і любоў у людзей. Хвароба воч не пазваляла яму аддацца улюбленай працы, была цяжкай перашкодай яго творчаму духу і ён не перанёс гэтаго. Побоч з маляротвам Ц. Бычкоўскі страшэнна любіў музыку і сам добра іграў на скрыпцы.
Магілку Ц. Бычкоўскаго даўно змыла блакітная марская хваля, а час змыў у памяці людзкой мейсцо гэтай магілкі… Адно асталося: колькі твороў вялікаго духа, каторые будуць вечна гаварыць людзём аб іх тварцы, прымушаючы спамянуць яго трагічнае жыцьцё і сьмерць, яго забытую і загнаную бацькоўшчыну Беларусь.
Чэсьць табе землячэ, што не закапаў свайго таленту, што як герой змагаўся з жыцьцём, што бяздольны і забыты, як і твая бацькоўшчына, каторай быў лепшым сынам с паміж сыноў яе.
Власт.