Цётка (Хлябцэвіч)
Цётка Артыкул Аўтар: Яўген Хлябцэвіч 1924 Крыніца: Полымя, 1924, №3 |
ЦЁТКА.
Я. Хлябцэвіч.
Рэволюцыйны рух 1905 году сярод рабочых і сялян Беларусі яскрава выявіўся ў асобе беларускае поэтэсы Алёізы Пашкевіч, вядомай пад псэўдонімам "Цётка".
Дачка бедных сялян Лідзкага павету Віленшчыны Алёіза Пашкевіч (Кейрысовая) з маленства спазнала душой гаротнае жыцьцё бедных людзей, што нудзіліся пад цяжарам панскага ўціску. Вось чаму Цётка ўнясла ў сваю рэволюцыйную чыннасьць жывую душу бедака-рабочага селяніна і яе вобразную праўду, сялянскую прастацкасьць і шчырасьць. Вершы Цёткі гралі ролю агітацыйных проклямацый, паддаваўшых духу да рэволюцыйнай барацьбы рабочым Вільні і сялянам Беларусі.
У часе рэволюцыйных надзеяў перад агульнай забастоўкай у кастрычніку 1905 году Цётка падмацоўвала энэргію рабочых і сялян Беларусі. У вершы "Вера Беларуса" Цётка моцна праканана ў блізкасьці рашаючага моманту:
Веру, братцы, ў нашу сілу, |
Гэтае прагненьне барацьбы з царызмам і буржуазіяй знайшло вобразна народнае выяўленьне ў вершы "Пад штандарам"[2]
Ня плач, матуля, |
Растрэл работніцкай дэмонстрацыі, на чале якой рабочы Вінцуль нëс чырвоны штандар, рэволюцыйныя хаўтуры з шматтысячным натоўпам-процэсіяй— "Вінцуля на могілкі нясуць" — і ўсе гістарычныя абставіны царызму, стварыўшыя ўмовы, рэволюцыянізуючыя шырокія масы й салдат, якія дагэтуль растрэльвалі работніцкія дэмонстрацыі, а пасьля зрабіліся "сьвядомымі", — усе гэтыя вобразы 1905 г. выражаны ў тым самым вершы:
І салдат не такі, |
З імем аўтора гэтых вершаў-проклямацый, Цёткай, зьвязаны першыя спробы масавай рэволюцыйнай агітацыі сярод рабочых і сялян на Беларусі ў 1904-1905 г.г., калі ўпяршыню выступілі цэлыя рабоча-сялянскія масы, а не асобныя групы й гурткі.
Цётка прымала ўдзел ва ўсіх нелегальных мітынгах, работніцкіх сходках і вучнёўскіх гурткох, а калі надышоў час адкрытых мітынгаў з кастрычніка па сьнежань 1905 г., дык Цётка выступала ў Вільні й Нова-Вялейску, заўсёды сьледам за вядомым таварышам Сьцяпанам Вігілевым[3], які карыстаўся надзвычайна вялікім уплывам на рабочых і вучняў г. Вільні.
Успамінаецца выпадак на адным гэткім мітынгу ў клюбе чыгуначнікаў у 1905 г., наладжаным лігай роўнапраўнасьці жанчын; выступалі тады прамоўцы ад усіх соцыялістычных партый, разглядаўшыя жаночае пытаньне, як частку рабочага пытаньня. Цётка-ж адразу пачала так: "Працавітай бядноты тут няма, а толькі капялюшніцы"[4] і так далей у тым самым тоне, прычым, нарэшце, Цётка прапанавала работніцам уваходзіць ня ў лігу роўнапраўнасьці жанчын, а ў соцыялістычныя партыі.
Прамовы Цёткі заўсёды на мясцовай мужыцкай мове ўносілі элемэнт прызнаньня грамадзкае асабістасьці й людзкое вартасьці ў беларускім рабочым і селяніне, якіх лічылі дагэтуль за „быдла“ мясцовыя паны, шляхта і расійскія вураднікі.
Дзякуючы мастацкай вобразнасьці і сялянскай прастацкасьці беларускай мовы, б'ючай сваімі праўдзівымі словамі, Цётка карысталася вялікім пасьпехам і ўвагай з боку рабочых і сялян. Віленскія рабочыя расхоплівалі яе вершы і з вялікай цікавасьцю дэклямавалі іх на фабрыках і заводах і, нават, на вуліцах.
Вялікасьць рэволюцыйных падзеяў 1905 году і чаканьне шырокіх пэрспэктыў выклікалі ў яе душы новыя сілы, новы ўздым рэволюцыйнае творчасьці, знайшоўшы водгук у псыхолёгіі мас. Вяшчуны рэволюцыі 1905 г.—вялізарныя рабочыя дэмонстрацыі, растрэльваемыя царскім урадам—і наогул уся расійская рэволюцыя вобразна выяўлены ў вершы „Мора":
Мора вуглем цяпер стала, |
Бягучыя падзеі—як 9-га студзеня,—павялічыўшыя рэволюцыйны рух сярод пролетарскіх мас у зьвязку з іх агульным бяспраўным станам, Цётка скарыстала тады з агітацыйнай мэтай, што на простай беларускай мове прыбліжала яе творы да шырокіх мас. Гэтак, у вершы "Хрэст на свабоду" чытаем:
Ў Пецярбурзе зьмерлі людзі: * * * Дурняў хрысьцяць на свабоду, |
Народ зразумеў, як трэба здабываць сабе свабоду; вочы працоўных, верыўшых яшчэ ў цара, расчыніліся. Гэтае асьведамленьне масамі неабходнасьці рэволюцыйных сродкаў барацьбы з царызмам выражана ў словах таго самага вершу:
Трэба шроту, бомбаў, стральбаў, * * * З тэй пары Масква, Варшава, * * * Бомба—трах! Сяргей[5] у шматы; * * * Кладуць сеткі, каскі, бляхі, |
Гэты верш, як і папярэднія, выданы быў Беларускай Грамадой у 1905 г. і распаўсюджаны ў дзесятках тысяч экзэмпляраў.
Шмат разоў пішучаму гэтыя радкі даводзілася наглядаць, з якім здавальненьнем віленскія рабочыя чыталі гэтыя вершы-проклямацыі на вуліцах пролетарскіх кварталаў.
Яшчэ з большай агітацыйнай сілай уплывалі гэтыя вершы на псыхолёгію беларускіх сялян; апошнія, упяршыню пачуўшы вершы аб волі і зямлі на сваёй роднай, простай, мужычай мове, бачылі ў гэтым прызнаньне чалавека ў мужыку і ўзвышэньне свае людзкое вартасьці, усьведамлялі сваю рабочую й сялянскую грамаду-колектыў.
Цётка адразу схапіла сваім поэтыцкім чуцьцём усю глыб і дзейнае значэньне рэволюцыйнай пропаганды на беларускай народнай мове, выражаючы простымі мужыцкімі і дзеля гэтага блізкімі для беларускіх рабочых словамі ўсю соцыяльную крыўду.
У гэтых простых, створаных народнай стыхіяй словах, адчувалася жывая туга і нянавісьць да паноў, ажыцьцёўленых у трапных вобразах, бо каму-ж, як не беларусам, давялося выцерпець столькі бяды ад розных паноў і вураднікаў, якія зьневажалі іх, называючы іх імем "хамаў" і "хлопаў"...
Соцыяльны быт беларускіх сялян адбіўся ў беларускіх народных песьнях (палявых, пакосных) з іхным рытмам працоўных дзеяньняў. Пахаджэньне беларускіх песен—працоўнае: у часе працы рытм уносіць экономію у працоўны процэс і прывучае іх да колектыўных дзеяньняў. Цётка, як дачка бедных сялян, з маленства ўспрыняла мотывы працоўных песен беларусаў, спазнаўшы разам з імі самае жыцьцё і цяжкую пад'ярэмную працу земляробаў. Вось чаму кожнае слова яе, пранікнутае соцыяльным зьместам і ажыцьцёўленае ў мастацкіх вобразах так рэволюцыянавала народныя масы, ня кажучы аб тым, што ў стасунку політычнае асьветы простая беларуская мова або, як называлі яе, мужыцкая, была самым вобразным сродкам агітацыі й пропаганды, што ў свой час (1863 г.) зразумеў віленскі Мураўёў-шыбельнік, забараніўшы ўсялякія выданьні на гэтай мове (забарона трывала да 1905 году).
Уплыў агітацыі і пропаганды на беларускай мове адпавядаў псыхолёгічнаму складу беларусаў і дзеля таго быў мацнейшы за выданьні на расійскай мове, асабліва на сялянскія масы Беларусі.
У гэтым пішучы гэтыя радкі беспасрэдна праканаўся ў вёсках Бельскага, Беластоцкага і Слонімскага паветаў Горадзеншчыны, а таксама і ў Віленскім павеце (у сёлах каля Нова-Вілейску).
Асаблівай популярнасьцю пасьля вышэйпаказаных вершаў Цёткі карысталася беларуская газета "Наша доля" (усе шэсьць нумароў яе былі конфіскаваны ў 1906 г. ў г. Вільні) і потым заступіўшая яе месца „Наша Ніва".
У гэтай газэце відны ўдзел прымала Цётка, зьмяшчаючы вершы, будзіруючыя рэволюцыйную энэргію працоўных мас. Якую ролю адыграла "Наша Ніва" для грамадзянскага выхаваньня мас у часе царскага рэжыму відаць з таго, што яна ўпяршыню выявіла беларускіх поэтаў з народнае масы, як Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны і інш., якія цяпер зьяўляюцца гордасьцю беларускае поэзіі.
Вось чаму рэволюцыйны рух сярод беларусаў, які пачаўся барацьбой сялян з панамі, даў моцны штурхач да нацыянальнага самавызначэньня народу і цяпер сумяшчаецца з клясавым. Гісторыя ў гэтай краіне спаяла апошняе з нацыянальным вызваленьнем, якое, у сваю чаргу, разьвівалася на соцыяльна-экономічным грунце.
Спагадная глеба для разьвіцьця рэволюцыйнага руху ў 1905 годзе сярод сялян Беларусі заключалася ў тым, што беларусы прадстаўлялі клясу, галоўным чынам, сярэдняга й безьзямельнага (батрацкага) сялянства, складаючую 76% насельніцтва краіны, працуючую на праспалосных „шнурох" зямлі. Подлуг даных А. Л. Бурбіса, паданых у кнізе Турука, сярод сялянства Беларусі, згодна даных 1905 году, перавышаў пролетарскі (да 5 дзес. на гаспадара) і напаўпролетарскі (ад 5 да 10 дзес.) элемэнт, досыць вялікі процант працоўнага сялянства (ад 10 да 15 дзес.), дробнакулацкае сялянства з наймітам (ад 15 да 20 дзес.) і кулацкае сялянства (20 дзесяцін на гаспад.) з эксплуатацыяй наёмнай рабочай сілы; капіталістычна-дробныя гаспадаркі складалі досыць невялікі процант, што відаць з наступнай табліцы па губэрнях:
|
Варта адзначыць, што царызм, штучна ўзбуджаючы нацыянальную і соцыяльную розьню між народамі, пробаваў папярэдзіць соцыяльную клясавую барацьбу на Беларусі паміж рабоча-сялянскімі масамі і панамі і капіталістымі. З гэтай мэтай русыфікацыйная політыка царызму ўжывала праваслаўе, рускую народнасьць і казакоў з бізунамі, маючы пад сваім загадам цэлы штат дзяржаўных гісторыкаў, школы, царквы, вураднікаў і г. д.
Асабліва старанна культываваліся штучныя эксцэсы, якія даходзілі часта да сапраўднае бойкі (м. Зельва Горадзеншчыны) між каталікамі і праваслаўнымі затое, што папы абураліся на ксяндзоў, будаваўшых косьцел на нейкай зямлі, за якую йшла спрадвечная спрэчка—каталіцкае духавенства ці праваслаўнае раней уладала гэтым зыскоўным месцам. Справа даходзіла да такога фанатызму, што адны беларусы лічылі сябе праваслаўнымі і дзеля гэтага рускімі; другія-ж беларусы каталіцкага вызнаньня лічылі каталіцкую рэлігію і польскую нацыянальнасьць за адно й тое і затым залічалі сябе не да беларусаў, а да палякоў, хаця ўжывалі мясцовую беларускую мову. Гэткае непраўдзівае разуменьне культывавалі папы й ксяндзы, польскія паны й расійскія вураднікі.
У гэткіх умовах працавала Цётка, заражаючы ўсіх таварышоў палкім імпэтам да рэволюцыйнае барацьбы, сваёй прастатой, беспасрэднасьцю і шчырасьцю. Цётка зьяўлялася незаменным таварышом і надта харошым чалавекам, шукаўшым у кожным мужыку-беларусе працаўніка-чалавека, і знаходзіўшым яго. Заўсёды захоплена-радасная, заўсёды бяз грошай, Цётка ніколі не сумавала і рабіла сваю рэволюцыйную справу барацьбы працоўнай беднаты і мужыкоў з панамі пры ўсякіх умовах. Сярод таварышоў-слухачоў вышэйшых вольных курсаў Лесгафта ў Ленінградзе — Цётка заўсёды гаварыла "папросту", на „мужыцкай мове". Інтэлігэнцкі-настроеныя соцыялістыя крыху паблажліва адносіліся да яе слоў і, ня маючы зьвязку з рабочымі масамі, не разумелі таго, што Цётка са сваімі мужыцкімі словамі карысталася такой увагай і давер'ем гэтых мас, аб якім марылі таварышы, ня ўмеўшыя падыходзіць да мас на іхнай мове. Усе яе таварышы разумелі яе шчырыя намеры і з вялікім замілаваньнем і павагай адносіліся да Цёткі.
Будучы поэтэсай і артысткай, Цётка ведала, якое значэньне мае мастацкая форма агітацыі й пропаганды і заўсёды гарэла рэволюцыйным агнём, здабываючы прыхільнасьць да сябе сярод рабочых і сялян.
Як і ў вершах, Цётка выступала на мітынгах, на базарах і кірмашох і наогул усюды, дзе прасьцейшы народ-сярмяжнікі, "дзе беларусы", шукаючы іх сярод рабочых і пытаючыся ва ўсіх таварышоў, якіх спатыкала, "чы не беларус?", лічачы, што беларус можа быць толькі работнікам і мужыком, бо панамі тут былі палякі, a вураднікамі―рускія. Вось чаму вуснамі рабочага і селяніна Цётка кідала стальныя словы: "Мы―cілa, мы―права". З яе грудзей з вульканічнай сілай вырываўся ў 1905 годзе верш:
Цяпер, брацьця, мы з граніту, |
("Сон над крывавымі разорамі", гл. „Наша доля" № 1-1906 г. і "Скрыпка беларуская").
У асобе Цёткі мы бачым прыклад гармонічнага злучаньня поэтыцкіх парываньняў з рэволюцыйнымі дасягненьнямі.
Прымаючы чынны ўдзел у стварэньні Беларускай Рэволюцыйнай Грамады, Цётка закончыла сваю нелегальную дзейнасьць скліканьнем 2-га зьезду Б. С. Грамады ў студзені 1906 году. Калі я ў часе калядных канікул знаходзіўся ў Бельскім павеце Горадзеншчыны, дык атрымаў ад яе гэткую тэлеграму: "Халімон, прыяжджай у Менск на шлюб. Цётка". Ня ўцяміўшы, што гэта за вясельле наладжвае Цётка, я выправіўся ў Менск. Прыехаўшы туды да знаёмых мне таварышоў, братоў Луцкевічаў, я накіраваўся з імі далёка на канец гораду на кватэру быўшага ў той час бібліотэкара Пушкінскай бібліотэкі[8].
За сталом сядзяць усе віленскія і менскія таварышы[9], а таксама рабочыя і сяляне, быўшыя члены сялянскага саюзу ад Менскай губ.
Цётка, зразумела, у цэнтры, здаволеная, размахвае рукамі.
— А-а-а! Халімон!? Прыехаў такі з-пад Белавескай пушчы. А каб цябе халера! А мы думалі, што ня прыедзеш на шлюб. Ну, сядай за стол, пі гарбату, пакаштуй шынкі, гэта шлюбная беларуская шынка...
Пасяджэньні зьезду цягнуліся цэльны дзень да позьняй ночы. Дзякуючы таму, што ў пачатку студзеня 1906 году адбываліся арышты і вобыскі, мы разьмяшчаліся па горадзе і начавалі ў грамадзян, якія зусім не займаліся політыкай. Зьезд цягнуўся 3-4 дні. Усе пытаньні старое програмы былі перагледжаны. Дакладчыкі па кожным пытаньні програмы асьвятлялі пытаньне на грунце ўсёй, якую мелі, літаратуры, сярод якой значную ролю гралі працы Маслова і Н. Леніна ў аграрным пытаньні.
Другі зьезд, замест быўшай у програме Б. С. Г. соцыялізацыі зямлі, прыняў новую програмную пастанову аб утварэньні краёвага зямельнага фонду краю, конфіскацыі панскай, царкоўнай, скарбовай, удзельнай і інш. зямлі.
Гэткім чынам, ужо тады быў закладзены фундамант для нацыяналізацыі зямлі. Пастанова аб утварэньні гэткага краёвага зямельнага фонду была ў 1905-6 г. г. першым соцыялістычным выступам, які прыбліжаў Беларусь да нацыяналізацыі зямлі.
І вось калі на зьезьдзе зайшла гутарка аб тым, што за карыстаньне зямлёй у сялян будуць браць асобныя падаткі (дыфэрэнцыяльная рэнта), дык пішучы гэтыя радкі, протэстуючы сьпярша проціў капіталістычных форм, напамінаўшых ранейшую арэнду, — усё-ж згадзіўся з асноўным палажэньнем дакладчыка, што, праўда, пры нацыяналізацыі зямлі, падатак за карыстаньне зямлёй у форме дыфэрэнцыяльнай рэнты і ў іншых формах ідзе ня ў кішэню пана і капіталістага, а на карысьць усяе дзяржавы—на заснаваньне больніц, школ, на разьвіцьцё прамысловасьці—у інтарэсах усіх працоўных.
Гэткім чынам, прыняўшы такую пастанову ў аграрным пытаньні зьезд стаў на пляцформу с.-д.
У зьвязку з гэтым і ў політычным стасунку пастаўлена было заданьне дабівацца тэрыторыяльнай аўтономіі Беларусі разам з правамі культурна-нацыянальнай аўтономіі для нацмен, якія жывуць на гэтай аўтономнай тэрыторыі. На жаль, гэтае пытаньне неправілова комэнтыруе Ф. Турук у сваёй кнізе "Белорусское движение", М., 1921 г. ГИЗ, асьвятляючы працу 2-га зьезду Б. С. Г. у тым сэнсе, што гэты зьезд нібы займаецца, галоўным чынам, пытаньнем дзяржаўнага ладу Расіі (?) на прынцыпе не аўтономіі, а фэдэрацыі "вольных з вольнымі", шукаючы падтрыманьня ў суседзей (Літвы, Украіны і Латвіі). Ф. Турук у гэтым месцы ссылаецца на дадатак да яго працы № 7 — "Нарыс програмы Б. С. Г". Тымчасам наш асабовы ўдзел у гэтым зьезьдзе і дакумант, на які ссылаецца Турук— "Нарыс програмы Беларускай Соцыялістычнай Грамады",— якраз пацьвярджаюць, што 2-і зьезд Б. С. Г. найбольш займаўся пытаньнем дзяржаўнага ладу Беларусі на прынцыпе якраз аўтономіі ды яшчэ і тэрыторыяльнай, а т. Турук піша: "на принципе не автономии, а федерации", неправілова лічачы, што калі фэдэрацыя, дык ужо ні ў якім разе не аўтономія. Тымчасам, дакумант, на які ссылаецца Турук і асабістыя ўражаньні ў поўнай меры і азначана паказваюць на тэрытарыяльную аўтономію ў форме незалежнае распублікі (гэта было ў 1905 г.). Практыка Савецкага гаспадарства выпраўдала гэтае толькі пазьней. Мы бачым, як сучасныя Савецкія рэспублікі будаваліся незалежнымі і на грунце ўмоў уступалі ў сувязь―Р. С. Ф. С. Р.,―а потым утварылі Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік.
Нарэшце, пастаноўка пытаньня аб незалежнай рэспубліцы Беларусі на 2-ім зьезьдзе Б. С. Г. зусім ня была такой, што нібы гэты зьезд займаўся пытаньнем дзяржаўнае будовы Расіі (якраз не Расіі, а Беларусі. Курсіў наш. Е. Х.).
Другі зьезд Б.С.Г. у 1906 г. найменш клапаціўся аб вернападданьніцкай адданасьці расійскай дзяржаве, і амаль-што ніхто нічога не казаў аб тым, каб заставацца "у межах супольнага дзяржаўнага організму Расійскага гасударства". Дый у "Нарысе програмы Б. С. Грамады" (дакумант, на які ссылаецца т. Турук) бліжэйшая мэта Б. С. Г. формулявана йнакш: "Скінуць самадзяржаўе ў Расіі разам з пролетарыятам усіх народаў Расійскага гасударства" (гэта зусім не азначае, што Б.С.Г., вырашаючы нібы пытаньне наконт фэдэрацыі (?), адначасна (?!) лічыла патрэбным „аставацца ў межах супольнага дзяржаўнага срганізму Расійскага гасударства". Тады-ж разважалі аб агульнай барацьбе разам з усім пролетарыятам, а не аб "межах". Агульнае заданьне 2-га зьезду было больш паважнае― "раскінуць цяперашні капіталістычны парадак і аддаць у рукі ўсяго народу зямлю, снасьці рабочыя і ўсе спосабы комунікацыі для супольнага ўладаньня", а не заставацца ў межах Расійскага самаўладзтва. Бо прынята была рэзолюцыя (ўпяршыню) аб незалежнай Беларускай рэспубліцы.
Зьезд закончыўся без перашкод, азначана вырашыўшы ўсе пытаньні програмы й тактыкі, абраўшы Ц.К., замяніўшы назву "Беларуская Рэволюцыйная Грамада" назвай "Беларуская Соцыялістычная Грамада", надаушы програме с.-д. характар.
Пасьля зьезду мы паехалі з Цёткай у Вільню, дзе яна хавалася ў прыватных кватэрах ад шукаўшай яе поліцыі, дала мне грошай на дарогу, і я паехаў да дому.
Пабыўшы нейкі час у студзені 1906 г. ў якасьці міласэрнай сястры ў Нова-Вялейску па чужым пашпарце, Цётка рыхтавалася ўцякаць заграніцу, і ўцякла ў гэтым самым 1906 годзе.
Больніца, месца працы Цёткі, зьяўлялася базай, дзе наладжваліся нелегальныя пасяджэньні сяброў, Б.С.Г., і адтуль мы мусілі падарожнічаць з агітацыйнымі мэтамі ў суседнія сёлы, прылягаючыя да Вялейскай больніцы.
Знаходзячыся ў Львове, дзе яна вучылася ва ўнівэрсытэце і вывучала народны тэатр "батлейкі", Цётка прынялася за навуковую распрацоўку пытаньня аб беларускім народным тэатры, а таксама практычна вывучала драматычнае мастацтва ў тэатральнай школе і выступала ў тэатры на беларускай мове.
Цётка манілася наладзіць беларускае драматычнае мастацтва і скарыстаць яго як з мастацкімі мэтамі, гэтак із політычнымі. Цётка колькі разоў паказвала на тое, што яна мусіла здабываць сродкі да жыцьця або працай на сцэне, або практыкай фэльчаркі.
З прычыны сваёй адарванасьці ад грамадзянскай працы на Беларусі сярод сярмяжных беларусаў, яна сумавала па рэволюцыйнай рабоце.
У гэты час яна напісала верш "Я хацела-б":
Я хацела-б быць зярном пшаніцы, |
Абегчы родны край! * * * Альбо ветрам абярнуся |
Гэтак адбілася на яе творчасьці няўдача рэволюцыі 1905 г.
Жывучы заграніцай, Цётка ўсё-ткі час-часом прыяжджала па чужым пашпарце ў Ленінград: гэтак колькі разоў яна прыяжджала, калі студэнты яе землякі—наладжвалі гадовыя спэктаклі на беларускай мове з концэртным аддзяленьнем. Цётка выступала на вечары за артыстку, у концэртным аддзяленьні дэклямавала свае вершы, выконваючы гэтае са стараннай мастацкай тэхнікай.
У зьмесьце і ў тоне вымовы іх Цётка выражала свой смутак эмігранткі і марыла аб звароце на бацькаўшчыну:
І душна, і цесна, і сэрца самлела |
Ад нуды Цётка траціла свае душэўныя сілы, а сухоты адбіралі ў яе сілы фізычныя. З кожным днём таялі яе сілы, але яна яшчэ больш рвалася да рэволюцыйнай барацьбы, да рэволюцыйнага мастацтва і асьветы мас на бацькаўшчыне.
Геня, —сказала яна мне, нелегальна прыехаўшы ў Пецярбург: — ведаеце, якое рэволюцыйнае значэньне мае мастацтва? Калі хочаце гэта зразумець, дык прачытайце "Леонардо-да-Вінчы" А. Меражкоўскага...
У часе свайго апошняга прыезду Цётка казала:
— Ведаеце, Геня, я ніяк не магу пагадзіцца са сьмерцю. Мяне заўсёды хвалююць гэтыя пытаньні, — "каханьне й сьмерць". Я рада, што вы, грамадзянскі дзеяч, разьвіваеце нашыя дасягненьні 1905 году.
Цётка прадстаўляла сабе ўсе магчымасьці разьвінуць свае здольнасьці і адначасна разумела, што сілы яе аслаблі.
Граў бы я многа, ды сіл не хватае, |
Цётка мела рацыю спадзявацца, што песьні яе "ўстануць ca стотысячнай сілай" і будуць доўга жыць у сьвядомасьці рабочых мас. Падставы гэтыя былі соцыяльнага характару, якія выразіліся ў яе вечнай трывозе за лёс рабочых і сялян Беларусі, за вызваленьне іх ад цара, вураднікаў і паноў. Вельмі памастацку абмалёвана жаночая доля сялянкі ў вершы "Вясковым кабетам":
Як каліну град страсае, |
На месца пафосу рэволюцыйнае барацьбы ў апошнія гады ў Цёткі зьявілася глыбокае спагаданьне да гора бяздольных бедных людзей, і парываньне да рэволюцыйнае творчасьці замянілася беларускай романтыкай і культурнай працай.
Вышаўшы замуж і зьмяніўшы, дзякуючы гэтаму, сваё прозьвішча, Цётка вярнулася ў Вільню, дзе і надалей займалася ня толькі літаратурнай працай, але і організацыйнай.
У часе нямецкай окупацыі г. Вільні і Віленшчыны, бязупынна працавала ў якасьці міласэрнай сястры сярод хворых, раненых-афяр імпэрыялістычнае бойні.
У гэты самы час у роднай вёсцы Лідзкага павету Віленшчыны памёр яе бацька. Паехаўшы хаваць яго, яна і там ня ўседзіла без работы: дзякуючы свайму бунтаўнічаму і заўсёды спагаднаму да людзей характару, яна пачала езьдзіць па вёсках і сёлах, дзе тады надта распаўсюджаны быў тыфус, з мэтаю дапамагчы й выведаць становішча сялян дзеля таго, каб паклапаціцца ў Вільні наконт дапамогі пацярпеўшым ад вайны. І вось тутака Цётка захварэла на тыфус і ўночы на 5 студзеня 1916 г. памерла.[10]
Пакавалі яе на вясковых могілках сярод шэрых "гаротнікаў", на карысьць якіх яна працавала ўсё сваё жыцьцё.
Рознастайнасьць творчае працы, імкненьне прыняць удзел у рэволюцыйнай працы грамадзянскае асьветы мас на роднай мове, прабуджаньне грамадзянскіх інтарэсаў у другіх—найлепш характарызуе Цётку, як першую беларускую поэтэсу-революцыянэрку і як чалавека-таварыша. Парывістасьць да мас і праца на іх выявілася ў бунтаўнічым духу Цёткі, гатовай заўсёды разарваць усе путы, закаваўшыя працоўны народ Беларусі. Гэты бунтаўнічы дух Цёткі або горда рваўся на волю з кайданаў рускага самаўладзтва і панскай улады, або, змучаны безнадзейнай немачай, стогне літасьцю да беларуса, злучаючыся з прыродай, і разьліваецца ў палкіх поэтыцкіх сьлёзах жаночае тугі.
Цётка яскрава выразіла ў мастацкіх формах сваіх твораў моц грамады— "працавітай беднаты"—і гарачую вялізную адданасьць бяздольнаму лёсу працоўных мас у зьвязку з іхнай рэволюцыйнай барацьбой.
Цётка была бясцэнным дарагім сябрам усіх падпольных таварышоў і крыштальна-чыстым чалавекам, што выяўлялася ва ўсіх яе словах, чыннасьці і захоплена-поэтыцкай дзіцячай радасьці, якая запаляла революцыйным агнём усіх, каму здаралася быць у кампаніі з ёю.
Памяць аб беларускай Цётцы захавалася ў сэрцах беларускага народу, які шануе яе ў Савецкай Беларусі пролетарскай пашанай.
Цётка часта разумела, што яе фізычныя сілы ў зьвязку з сухотамі штодзень гаснуць, што "рвецца за стрункаю струнка". Поэтэса, паміраючы, пацяшала сябе надзеяй, што пасьля яе "жывое пачуецца слова, што песьня устала з стотысячнай сілай, жыве мая ліра нанова".
Цётка верыць у масы і, пачынаючы рэволюцыйную песьню, заклікае "мільëны грудзей зьліцца ў вадзін тон", падтрымаць гэтую песьню "грамадай голас даць":
Вам, суседзі, вам, кумочкі, |
Яўг. Хлябцэвіч.
- ↑ Skrypka bіelaruskaja, у руск. выд. "Гаўрылы з Полацку" 1906 г.
- ↑ Верш напісаны Цёткай у 1905 г. і зьмешчаны ў зборніку пад назвай "Хрэст на свабоду", выданы ў 1906 г. у Львове.
- ↑ Відны лідэр Р.С.-д. партыі, меўшы вялікі ўплыў на работніцкія масы г. Вільні ў 1905 г., аб якім пазьней клапаціўся Ленін. Гл. арт. Ганецкага ў "Правде" — сакавік-красавік 1924
- ↑ Шляпніцы
- ↑ Вялікі князь Сяргей, пакараны Каляевым.
- ↑ Міністар унутраных спраў Сьвятаполк-Мірскі
- ↑ Пабеданосцаў
- ↑ Сасланага пазьней на катаргу за распаўсюджаньне проклямацый БСГ праз кнігі, якія выдаваліся з Пушкінскай бібліотэкі.
- ↑ А. Бурбіс, Цётка, Ф. Умястоўскі, Вілейка, браты Луцкевічы, А. Уласаў і сяляне Менскай губ, Вацлаў Іваноўскі, вядомы под прозьвішчам "Вацюк Тройша", абраны быў у цэнтральны комітэт завочна, бо ўдзелу на зьезьдзе ня прымаў
- ↑ Anton Nowіna-Naszy pіesnіary, Wіlna. 1917.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.