Перайсці да зместу

Царква ці касцёл

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Царква ці касцёл
Аўтар: Казімір Сваяк
1921
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 311-314

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хочучы сказаць што аб рэлігіі ў Беларусі, трэба сцерагчыся лёгкага дылетанцтва. Бо справа веры ў народзе беларускім так рэч важная, што аж стыдна, як мала цэніцца некаторымі нашымі дзеячамі. Рэч у тым, што рэлігія наагул есць адным з найважнейшых твораў народнай душы. У інтэлігента, асабліва мешчаніна, ёсць і іншыя творы: іграе там вялікую ролю святыня мастацтва, святыня навукі; у простага народа святыня рэлігіі абымае ўсе найлепшыя парывы душы, — больш скажу: святыня рэлігіі заступае яму і мастацтва і навуку. Гісторыя нас вучыць, што сістэмы рэлігійныя маюць уплыў на жыццё больш, чым сістэмы навучныя. Калі назавём універсітэт святыняй навукі, тэатр — святыняй мастацтва, царкву (касцёл) святыняй рэлігіі, то прызнаем вялікую важнасць усіх. важная святыня розуму (мыслі), важная святыня пачуцця (сэрца), найважнейшая святыня волі (духу). А як паасобны чалавек жыве мысляй — пачуццём — воляй, так і грамадзянства (чалавек сацыяльны) не можа жыць без зборнай волі — пачуцця — мыслі. Яны ж выражаюцца ў навуцы, мастацтве, рэлігіі. Для суцэльнага гарманічнага развіцця чалавека рэлігія між навукай і мастацтвам займае тое самае месца, што воля між розумам і пачуццём. Дзеля гэтай прычыны Напалеон бачыў у Хрысце ідэал нязломнай на ўсе вякі волі.

Такое тлумачэнне рэлігіі дае шмат зразумець сказ гэты: «Рэлігія гэта не прыватная справа: яна дух нашых мысляў і нашых паступкаў» (Fichte). Нам, беларусам, прыступаючы да творчасці рэлігійнай, трэба не толькі быць пэўнымі ў яе значэнні, але і знаць самую яе глыбіню, каб усцерагчыся таго, аб чым кажа наш паэт:

Край мой родны! Ў Божа імя,
Ў чэсць касцёлаў і царквоў
Паміж дзеткамі тваімі
Лягло многа камянёў;
Многа выйшла трасяніны —
Меч, агонь знішчалі край:
З двух бакоў айцы дубінай
Заганялі нас у рай.
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрца кінута была.
І цяпер над вамі, брацці,
Яшчэ ў сіле той раздор:
І папоўскае закляцце,
І ксяндзоўскі нагавор.

У жыцці інтэлектуальным, як і ў жыцці натуры фізічнай, існуе змаганне за быт. У змаганні розных ідэяў тая перамагае, каторая здатна пры сваёй абстракцыйнасці быць адначасна жыццёвай. «Хрысціянства, — кажа адзін аўтар, — перамагло не столькі дзеля сваёй боскасці, як больш яшчэ дзеля свае людскасці. Дзесяць, а хоць бы дзве мінуты штодня ў таварыстве Хрыстовым — тварам у твар, сэрца пры сэрцы (вучыць яно) — можа з грунту змяніць цэлае наша жыццё» (Dammond). Хрысціянства перамагло сваёй здатнасцю стасаваць высокія ідэі да будняга жыцця. Гэта першая важная для нас праўда. — На Беларусі ішло і ідзе змаганне рэлігійных ідэяў, хоць беларусы даўно ўжо хрысціяне, значыць і прычына да змагання, здаецца, невялікая быць мусіць. І адклад змагання быў натуры не заўсёды рэлігійнай. Але трэба прызнаць, што барацьба ідэі была аграмаднай, пакуль яе не зламаў меч свецкай палітыкі злосных суседзяў. Гісторыя мела шчасце ці няшчасце аддаць Беларусь пад уплывы Усходу і Захаду, гэтых двух фармальных праціўнікаў у змаганні да цывілізацыі. вось і светагляд наш рэлігійны мусіў прыняць дзве формы: грэцкую і лацінскую. Першая падпала з часам пад дэструкцыйны ўплыў Расеі, другая — Польшчы. І стуль зрадзілася дзяліцьба душы беларуса на рускую і польскую, дзяліцьба, каторая ў канцы (як бачым) падзяліла і яго цела. І цяпер мы пазналі патрэбу еднасці, калі мус няшчасны адабраў нам яе. І калі патрэбна нам еднасць сацыяльная, то тым больш еднасць рэлігійная, як жывіцелька народнай душы. Гора нам, калі мы пры ўзгадаванні народнай псіхікі спіхнём рэлігію да значэння толькі дэвацыйнага культу. Душа народа мусіць быць узапраўды рэлігійнай — злучанай з боскім ідэалам — іначай народ сканае. Затое ж рымляне і вывозілі багоў народных у Рым, каб адабраць веру ў пераможаных, а з ёю загубіць душу народную. Таксама робяць, хоць іншым ладам, і нашыя імперыялісты… Няможна жыць без душы, а душа жыць не можа без Божае ласкі — рэлігіі. Тыя станы грамадзянства, што адкідаюць рэлігію, гібеюць. Дзеля таго ёсць надзея, што і шляхта ў нас згіне, бо ж яна даўно згубіла душу сваю разам з верай народнай. А народ наш захаваў пачуццё рэлігіі беспасярэдняе, простае і затое дужае. вось я і веру, што народ наш створыць нешта вялікае ў гэтай галіне культуры. Бо ён жа праходзіць школу Усходу і Захаду, мае мучаніцкую гісторыю свае веры, ён яшчэ не абаламучаны заходнім рацыяналізмам, не скуты ўсходнім візантынізмам: славянскі глыбокі містыцызм робіць нашага руснячка нават на погляд задуманым у якімсь засветным летуценні. Беларусь ужо выдавала людзей з сільным пад’ёмам геніяльнага і здаровага містыцызму. Яна і цяпер крые магутную здольнасць: здольнасць аб’яднання двух абрадаў у адным рэлігійным светаглядзе. Я тут не гавару ні аб расейскім праваслаўі (аджыло свой век!), ані аб польскім каталіцызме, каторы ўступіў у нас на шлях казёншчыны. Я гавару аб Беларускім Уніянізме, каторы знае адну веру ў розных формах і каторы мае сваю гісторыю, поўную навукі для сучаснага пакалення. Беларускі Уніянізм мае быць чыстым хрысціянствам. Яго традыцыя плыве аж ад святой Праксэды Полацкай, каторая знала Усход і Захад хрысціянства. На жаль, гэты Уніянізм перайшоў між Сцылай і Харыбдай палітыкі польска-расейскай і затое мусіў пакрывіцца ў змаганні. А крывізна гэта ўвайшла нават… у падручнікі беларускай гісторыі… Мы, аднак жа, чэрпаем з глыбіні рэлігійнай душы народнай светлы энтузіязм на будучыну; той душы, што здатна адчуць праўду прасцейшай дарогай; душы, не запутанай у зманныя формы шкалярства. Народ наш створыць еднасць рэлігіі Усходу і Захаду. Ён — або ніхто. Будзе яна выспаю натуральнаю яго духу рэлігійнага; духу, каторы ў глыбіні сваёй не зламаўся пад згаршэннем, якое далі вышэйшыя станы; духу, каторы моцны быў у змаганні з цараслаўем і польскаслаўем; духу, каторага мучаніцтва не апісаў яшчэ ніхто. Усё цяпер трэба будаваць нанова, тварыць «ex nihilo», бо і жывём жа ў часах, калі ашацаваны ўжо ўсе вартасці, калі над старым светам (а мо і над старой цывілізацыяй) завіслі бурныя «mane, tekel, fares»; калі, як у Апакаліпсісе, здаецца, кажа Дух Божы: «Ecce omnia facio nora» («Вось усенька ствараю нанова»). Павіннасць духовага будаўніцтва ляжыць на інтэлігенцыі, не на інтэлігенцыі ў значэнні буднім, але на інтэлігенцыі творчай, свядомай свайго вышэйшага названня. Абавязак наш першы: вырваць душу народа з кіпцяў блуднага ўплыву чужакоў, каторыя выставілі душу народа на гандаль, каторыя забілі яго рэлігійную творчасць, змусілі яго хавацца з сваім светаглядам прад насмешлівым вокам культуртрэгэра з Усходу ці Захаду. Трэба стварыць на Беларусі атмасферу рэлігійнай свабоды, не выкідваць спраў сумлення за парог нашых праграм, бо, аддаўшы гэту справу ў цёмныя рукі, зробім памылку, каторай паследствы не паддаюцца папросту лічбе.

Асновай гэтых маіх разважанняў было даказаць, што: 1) для развязання справы рэлігійнай у Беларусі трэба брацца чыстымі рукамі і інтэлігентнай воляй, бо нельга з ботамі лезці ў тайніцы народнага духу, 2) беларуская інтэлігенцыя няхай не бярэ прыкладу ад некаторых суседзяў, што, недаацаніўшы ўплыву рэлігіі на ўзгадаванне душы народнай, скінулі яе да ролі нейкага дэвацыйнага культу пустых формаў. Формы патрэбны, але яны небяспечны. «Дух творыць, цела мала значыць». Рэлігія ўспамагае трудавітасць нашага духу і такую рэлігію мы мусім меці, 3) з усіх рэлігійных формаў хрысціянства ў Беларусі вытварыўся рэлігійны Уніянізм двух абрадаў: славянскага і лацінскага. Ад аднаго жыве ў нас толькі мучаніцкая традыцыя, ад другога — лацінства, заквашанае сільна так званай «польскай верай». З двух варожых каламутаў заходняга псеўдарацыяналізму і ўсходняга візантызму паўстаць мае наш родны: Беларускі Уніянізм.