Хто сказаў: «І я з народам»…
Перайсьці да навігацыі
Перайсьці да пошуку
*** Хто сказаў: «І я з народам»… Верш Аўтар: Алесь Гарун Крыніца: http://rv-blr.com/literature/4913#72123 |
Хто сказаў: «І я з народам»,
Хто зь ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў зь ім роўным ходам
К роўным зыскам, к роўным стратам, —
З тым і я. Няхай жа ліча,
Будзе трэба — хай пакліча.
Хто ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
Ў кім апошні сорам згінуў, —
Хай дрыжыць. У дзень прысуду,
Ў страшны дзень, я сьведчыць буду!