Хто быў першы друкар у Маскве
Хто быў першы друкар у Маскве Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 5, лістапад 1923 г., б. 49-50 |
Аб найменьні «Русь» → |
Хто быў першы друкар у Маскве. Як ведама заснавец першай ў Маскве друкарні ёсьць Пятро Мсціславец (родам з гор. Мсціслаўля), які „быў адным з майстроў у друкарні Скарыны, і прышоў у Маскву з Вільні“. („Истор. Слав. литер.“. Пыніна і Спасовіча). Ен, разам з масквічом Іванам Федаравым, заснаваў першую ў Маскве друкарню і ў 1564 г. надрукавалі яны у ёй Апостал, а ў 1565 г. Псалтыр з часасловам. Падбураная маскоўская чэрнь, першую гэту друкарню як „богапраціўную“ разьбіла. Друкары-ж уцяклі на Беларусь. Каля Беластока, ў Заблудаве ў вялікага беларускага патрыёта, Гэтмана Вялікага Княжтва Літоўскага, Грыгорага Хадкевіча, яны знайшлі прыпын і магчымасьць устроіць новую друкарню. У Заблудаўскай друкарні, ад ліпня 1568 г. і да сакавіка 1569 г. яны выдалі „Кнігу зовомую Евангеліе учительное“ Цікавая прадмова да кніжкі зазначае, што Хадкевіч хацеў „выразумѣнія ради простых людей переложити на простую молву“ кнігу і зрабіў ужо патрэбныя да гэтага захады, але „люди мудрыя вучоныя у пісьме“ (а ў першы чарод, хіба, сам Федараў, які як маскаль баяўся друкаваць кніжку ў мове, якой ня знаў), адраілі, каб ня вышла памылкі ў перакладзе. Пасьля надрукаваньня Учыцельнага Евангельля Петр Мсціславец знашоў прыпын у мяшчанскай сямьі Зарэцкіх у Вільні, і на іх кошт залажыў друкарню ў доме братоў Мамонічаў. Іван Фёдараў надрукаваўшы некалькі яшчэ кніг ў Заблудаве, пазьней перабраўся на Украіну; памёр у Львове.
В. Л.