Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/В/Цішка Гартны/Песьні/Песьні гарбара

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Восень Песьні гарбара
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1927 год
Гарбар на вандроўцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні гарбара.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З зборніка „Песьні“.

Песьні гарбара.

I.

Я рабочы, гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.

Ў вачох іскры маіх,
А жалеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, ў адзін мах.

Ці задушша, ці чад —
Ўсё на сэрцы маім,
Але ўстрашыці на’т
Не здалее нічым.

Кроўю цёплай сваей
Абліваю тавар,
А сьлязою з вачэй,
Што сплывае праз твар,

Харашу я яго
Дзеля густу людзям…
Не, жыцьця я свайго
Для другіх не аддам.

Я здружыўся з трудом[1]
Я ў ім рос, я ў ім крэп;
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.

Не хачу, ня прывык,
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.

Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць…
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?

II.

Ах, як стрэлка марудна ідзе,
Бы знарок хоча час працягнуць!
І ня ведае болю грудзей,
Што дзяннога канца яны ждуць.

Нібы нехта трымае[2] яе:
Ані ўперад, ні ўзад не сьпяшыць!
А так хочацца-хочацца мне
Ўжо работу сваю палажыць!

Цэлы дзень я за брудным сталом,
Цэлы дзень скуру цьвёрдую скроб;
Стаючы укапаным калом,
Я задушшай атрутнаю соп.

Не глядзеў і ня бачыў нічуць,
Што там ёсьць на дварэ, за вакном:
Ці там ветры халодныя дзьмуць,
Ці зямелька спавіта цяплом.

Навакола чатыры сьцяны,
А на іх заплясьнеўшая столь,
У сабе захавалі яны
Усю крыўду, жаданьне і боль.

Вось і вечар… хаця я на міг —
На адзін — сабе шчасьце найду,
Кіну — рыну усё і усіх
Ды у поле я к лесу пайду.

Ды як стану я там сродзь[3] лагоў,
Ды адкрыю збалеўшую грудзь,
Будуць з пахам прынадным квятоў[4]
Ветры цёплыя ўцехаю дзьмуць.

І прасмагшую душу маю
Ўпояць воляй шырокіх палёў,
Упрыгожаць пакутную ўсю
Цеплатою пахучай сваёй.

А як сілы — жывіцелькі той
Набяруся даволі ў палёх,
Мне лягчэй стане ў працы цяжкой
У майстэрні, ў сьцянах чатырох.

III.

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй!

Песьню вольную пей
У дыму, ў духаце,
І надзея твая
Няхай кветкай[5] цьвіце.

Бо дзе сіла жыве,
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярне[6]
Лепшай долі ляжыць.

І ты мукай сваёй
Глебу ладзіш яму
І сам сееш яго
Ў заарану зямлю…

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей:
Глебу пільна гатуй

І ў ёй шчасьце, брат, сей!

VI.

Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды —
Як, працую — пяю.

Цэлы дзень за сталом
Я з сабачкай[7], з нажом
Бяз сьціханьня стаю.

І вясёл, і рачыст,
Я пад грук і пад сьвіст
Цяжкі труд прадаю.

Вось ў дыму, у брыдзе
Ля[8] братоў, ля людзей
Шчасьце й долю кую.

Хоць ад працы мае
Часам мне не стае
На’т яды даставаць,

Не гарую патом[9]
Я задужа аб том,
Як іду працаваць.

І працую ад сіл,
Бо труд вельмі мне міл —
А за працай пяю!

Я гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды,
Ба я шчасьце кую!



  1. Рус. — з працай.
  2. 1)трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  3. Полён. — пасярод.
  4. Таксама — красак.
  5. Полён — краскай.
  6. Правільна — зярня, зярнё, зерне (зборнае).
  7. Ножык, якім аскрабаюць скуру.
  8. Для.
  9. Потым.