Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Язэп Лёсік/Апавяданьне бяз назвы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Язэп Лёсік/„Ня ўсе-ж разам, ягамосьці“ Апавяданьне бяз назвы
Апавяданьне
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
Уладзіслаў Галубок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Апавяданьне бяз назвы (Лёсік).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апавяданьне бяз назвы.

Служыў у князя лясьніком селянін Гаронім, Ён па характару свайму быў нешта нявыразнае. Жыў сваім нутраным спакойным жыцьцём, лічыў сябе горшым за акружаючых людзей, — толькі з нейкаю тугою па лепшым. Найболей маўчаў.

Ужо з нараджэньня ён быў заціснуты жыцьцём. І імя запраўды яго было іншае, але пераменена на Гаронім, дзякуючы нязвычайнасьці і нягустоўнасьці для бацькоў імя, данага папом.

Жыў Гаронім потым, як і ўсе малыя, а потым сталыя людзі ў вёсцы. Ня бачыў сонца, людзей. Езьдзіў плытнікам, гаспадараваў дома.

У Прусах ён купіў сабе люльку, якую аднойчы ўбачыў князь. Той чамусьці ўпадабаў і люльку, і Гароніма і зрабіў яго лясьніком.

Нібы новае жыцьцё пашло для Гароніма, аднак такое-ж хмурае „бяз назвы“, як і папярэдняе, як і сам Гаронім.

ГАРОНІМ У ДАРОЗЕ.

Перабіраючы ў думках сваё лясьнікоўства, Гаронім ня бачыў сьветлай часіны.

Праўда, быў хлеб, быў прыпынак, ды ня былое жыцьця. І калом стаў у горле гэты хлеб лясьнікоўства. Ня меў Гаронім вольнай часіны ні ўдзень, ні ўночы, ні ў сьвятую нядзельку. Цалюткія дні трэба бегаць, гасаць, удыгаць, і толькі й чуеш, як цябе лаюць, грызуць, ушчуваюць. Часам так дапячэ ўсё і дадзене, што, здаецца, на край сьвету пайшоў-бы, абы ня чуць і ня ведаць нічога. Але, што-ж ты паробіш? Трэба карыцца, цярпець…

Колькі раз Гаронім цешыў сябе думкай, што стрэнецца з князем, або падсочыць, як той выйдзе з пакояў, — падыдзе, раскажа яму пра сваё жыцьцё, паскардзіцца ды папросіць палёгкі. Але князя ня стрэў і, як потым дазнаўся, дык той бадай што ніколі й ня жыў у замку.

Бачыў ён раз, як нейкі пан выбег з пакояў і, думаючы, што гэта, князь, памкнуўся быў да яго, каб вылажыць сваю справу, як пан спыніўся сам і запытаў:

— А ты чаго тут, чалавеча?

Гаронім скінуў шапку, а пан — мармынуў нешта ды зноў памчаўся ў пакоі. „Лёкай, мусіць“, — падумаў Гаронім. Так і прапала надзея выпрасіць палёгкі ў князя, а тут яшчэ чорт надаў пабіцца з аб’езчыкам…

Ёсьць людзі, з каторымі іншае рады няма, як зьвязаць ды кінуць пад печ. Вось гэтакі быў аб’езчык. Прычэпіцца гад, дык хоць ты крыжам ляж, а ня зьлітуецца. Аж зьбялее ад злосьці і, здаецца, з скуры выскачыць.

Прывязаўся раз к Гароніму і — рады нямашака. Крычыць, лае, бэсьціць, тупаціць нагамі ды аж з кулакамі лезе. Гаронім маўчаў — маўчаў, а далей ня вытрываў:

— Адчапіся ты, вар’ят! — буркнуў ён з агідаю. Той падскочыў, замахнуўся ды — плясь яго па шчацэ. Аж пацямнела ўваччу ў Гароніма ад зьнявагі. Не памятаючы сябе, ён рынуўся на аб’езчыка, схапіў яго за грудзі ды так бразнуў воб землю, што той аж екнуў ад болю. А далей усеў яму на грудзі ды запытаў:

— Ну, што мне з табою рабіць?!

А той зварухнуўся, зароў, як мядзьведзь, ды кажа:

— А вось пачакай: я павярнуся…

Гаронім раптам абмяк і асунуўся. Сэрца, як малатком, стукала ў грудзях.

— Ну, вот, і па ўсём, — думаў Гаронім: — вот і шабаш,[1] канец! Прагоняць! Ой, у лесе пры даліне у нас сталася бяда… Прагоняць…

Але яго прагнаць не прагналі. Толькі ў надзелю на „сэсіі“ лясьнічы вылаяў з апошніх слоў і, патросшы кулаком каля носа, пагразіў:

— Ну, памятай-жа ты… пруская люлька!

Цяпер здаецца Гароніму, што пра гэту бойку дазналіся ўсе чыста на сьвеце. І — як раней жадалася ўгледзіцца з князем, — так цяпер зірнуць яму было-бы брыдка ў вочы. І такім слаўным і мілым рысуецца ў думках далёкі час плытніцтва, што, божа мой мілы…

Бывала, плывеш сабе з плытамі і гадкі ня маеш. Сонейка грэе, птушкі сьпяваюць, рыбка плюскоча, а ты — стаіш, падзіраеш ды толькі пілнуеш, каб не заехаць „казла“, каб ня стукнуцца плытам у бераг. А плыт сабе ідзе, няпрыкметна, ціха шамоча і скрыпіць на заваротках, як той дзед на печы, выпраўляючы старыя косьці.

Не агледзішся, як вечар настане. Сонца схаваецца, а чырвоныя пасмы яго яшчэ блішчаць і мігцяцца за лесам, як полымя пажару. Грукае драч недзе на лузе: „драч, драч, сеў спаць пад пнём, з агарач спух“. Брукуе голуб гдзесьці ў лесе, кукуе зязюлька. Часам слухаеш, слухаеш ды запытаеш, як калісь у дзяцінстве: „Закукуй, зялюлька, закукуй сівая, закукуй баравая, колькі мне года жыць!“ А птушкі ўжо змоўклі. За дзень насьпяваліся, а ноч — невялічкая. Трэ’ спачыць, каб заўтра ранютка ўстаць, каб прывітаць упору яснае сонца ды несьці да бога хвалу і падзяку.

Ціхата[2]. Толькі дзесь чуюцца сумныя сьпевы далёкае песьні. Гэта дзяўчаты, ідучы з работы, пяюць „салавейку“,

Салавейка лугавы,
Ня пей рана, да зары
..........
Ой выйду-ж я на сяло,
Нідзе агню ня відно.
Аж у нас агонь гарыць,
Маці з сынам гаворыць.

Слухаеш, і робіцца сумна і добра: Сэрца дрыжыць і трапечацца, як у ясны, пагодны дзянёк матылёк над вадою. Салодкі жаль агартае пачуцьці, і хочацца плакаць і ціха сьмяяцца, як бывала ў дзяцінстве. Бывала, прытулішся моцна[3] да маткі, абнімеш яе за шыю, падкурчышся ды плачаш. Маці глядзіць табе ў вочы, гладзіць дрыжучай рукою тваю галоўку ды з трывогай пытае: „Дык чаго-ж тs, каток? Аж самую нейкі жаль прабірае!“ А ты плачаш — радзееш, трэш кулачком свае вочкі і растлумачыць ня можаш, што — сэрцайка б’ецца, бо добра жывецца; што люба сядзець у маткі на прыполе ды слухаць, прытуліўшыся, як весела хлопцы гуляюць, як куры сакочуць і ластаўкі ў сенях шчабечуць на гнёздах…

Гаронім трасе галавою, праводзіць па твары рукою і мацней паганяе каня. Ён варушыцца, апраўляе сядзэньне, каб разагнаць нахлынуўшыя ўспаміны, але разварушаны розум, як чароўны ліхтар, разгартае ўсё новыя і новыя стужкі ўяўленьняў, і абразы прамінулага ажываюць, устаюць і стаяць уваччу, як жывыя. Думкі і смутак коцяцца, уюцца, і чуюцца зыкі[4] новае песьні, смутнай і мілай, як і ты, наш краю, каханы!

Палавіна лет мінае,
Я шчасьця ня знаю.
Як-жа мне бог прызначыў,
Што чыніці маю?!..

Шырокае поле, жоўтыя ніўкі! Цёмны лес сінее навакола. Стаіць гара высокая, а на ёй, як стары падарожны, прыпыніўся кудлаты ад моху камень-капліца. Пад гарою зялёным каберцам: разьлёгся лужок. Крынічка цячэ, а каля яе зіхаціць, як люстэрка, возерка на сонцы. Стаяць па аднэй, уасобку, яблыні, грушы па межах, кучаравіцца ракітнік на полі… Сонца заходзіць, Сьпяваюць жнеі. Эха ляскоча па лесе…

Хаджу — блуджу, хаджу — блуджу,
Як то сонца у крузе;
Куды пайду, ці што раблю,
А ўсё сэрца у тузе.

Гаронім закрые твар рукамі і схіляе голаў на грудзі. Робіцца млосна. Гарачыя сьлёзы абліваюць твар і коцяцца бобам праз пальцы. Моладасьць, шчасьце, надзеі, — дзе вы? Адгукнецеся! А моладасьць ня вернецца; ня вернецца ізноў!.. І зайздрасьць, як брудны, касматы чарвяк, запаўзае ў душу, — зайздрасьць на шчасьце, на долю, н вольную волю…


  1. Жыд. — канец; ад суботы, шабасу.
  2. Цішыня.
  3. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  4. Ужываецпа яшчэ — гукі.